*§ 21—22-3. Дзейнасць антыгітлераўскай кааліцыі

1. Стварэнне антыгітлераўскай кааліцыі

12 ліпеня 1941 г. у Маскве было падпісана савецка-англійскае пагадненне аб сумесных дзеяннях у вайне супраць Германіі. Гэта быў першы крок да стварэння антыгітлераўскай кааліцыі — саюзу дзяржаў і народаў, якія змагаліся ў гады Другой сусветнай вайны супраць фашысцкай Германіі і яе саюзнікаў.

Юрыдычна антыгітлераўская кааліцыя была аформлена 1 студзеня 1942 г. у Вашынгтоне, калі пасля ўдару Японіі па амерыканскай базе Пёрл-Харбар на Гаваях прадстаўнікі 26 дзяржаў падпісалі Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый аб барацьбе з агрэсарамі. У ходзе вайны да дэкларацыі далучылася яшчэ больш як 20 дзяржаў.

У канцы верасня — пачатку кастрычніка 1941 г. адбылася Маскоўская канферэнцыя трох дзяржаў (СССР, Вялікабрытанія і ЗША), дзе было дасягнута пагадненне аб перадачы СССР англійскім і амерыканскім урадамі на працягу дзевяці месяцаў значнай колькасці ўзбраення і стратэгічных матэрыялаў. Гэта паскорыла прыняцце ўрадам ЗША рашэння наконт распаўсюджвання закона аб ленд-лізе не толькі на Вялікабрытанію і Кітай, але і на СССР.

Перамога пад Масквой узняла міжнародны аўтарытэт Савецкага Саюза і паскорыла стварэнне антыгітлераўскай кааліцыі. 26 мая 1942 г. у Лондане быў падпісаны Дагавор паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб саюзе ў вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе саюзнікаў у Еўропе і аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе пасля вайны. У чэрвені 1942 г. аналагічнае пагадненне падпісалі СССР і ЗША. Працэс утварэння антыфашысцкай кааліцыі завяршыўся.