Печатать книгуПечатать книгу

*§ 21—22-3. Дзейнасць антыгітлераўскай кааліцыі

Ключавая ідэя: Вялікая Перамога ў Другой сусветнай вайне была дасягнута агульнымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, але вырашальную ролю ў разгроме фашысцкага блока адыграў Савецкі Саюз.

Антыгітлераўская кааліцыя фарміравалася ў перыяд з лета 1941 г. да лета 1942 г. У гэты час асноўным пытаннем для СССР было адкрыццё другога фронту, аднак яго вырашэнне зацягнулася да лета 1944 г., калі пераломны момант у вайне быў ужо пяройдзены, а ваенная магутнасць Савецкага Саюза ні ў каго не выклікала сумненняў.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: *§ 21—22-3. Дзейнасць антыгітлераўскай кааліцыі
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 6 Июль 2025, 05:53

1. Стварэнне антыгітлераўскай кааліцыі

12 ліпеня 1941 г. у Маскве было падпісана савецка-англійскае пагадненне аб сумесных дзеяннях у вайне супраць Германіі. Гэта быў першы крок да стварэння антыгітлераўскай кааліцыі — саюзу дзяржаў і народаў, якія змагаліся ў гады Другой сусветнай вайны супраць фашысцкай Германіі і яе саюзнікаў.

Юрыдычна антыгітлераўская кааліцыя была аформлена 1 студзеня 1942 г. у Вашынгтоне, калі пасля ўдару Японіі па амерыканскай базе Пёрл-Харбар на Гаваях прадстаўнікі 26 дзяржаў падпісалі Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый аб барацьбе з агрэсарамі. У ходзе вайны да дэкларацыі далучылася яшчэ больш як 20 дзяржаў.

У канцы верасня — пачатку кастрычніка 1941 г. адбылася Маскоўская канферэнцыя трох дзяржаў (СССР, Вялікабрытанія і ЗША), дзе было дасягнута пагадненне аб перадачы СССР англійскім і амерыканскім урадамі на працягу дзевяці месяцаў значнай колькасці ўзбраення і стратэгічных матэрыялаў. Гэта паскорыла прыняцце ўрадам ЗША рашэння наконт распаўсюджвання закона аб ленд-лізе не толькі на Вялікабрытанію і Кітай, але і на СССР.

Перамога пад Масквой узняла міжнародны аўтарытэт Савецкага Саюза і паскорыла стварэнне антыгітлераўскай кааліцыі. 26 мая 1942 г. у Лондане быў падпісаны Дагавор паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб саюзе ў вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе саюзнікаў у Еўропе і аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе пасля вайны. У чэрвені 1942 г. аналагічнае пагадненне падпісалі СССР і ЗША. Працэс утварэння антыфашысцкай кааліцыі завяршыўся.

2. Праблема адкрыцця другога фронту

Яшчэ 18 ліпеня 1941 г. СССР паставіў перад Вялікабрытаніяй пытанне аб адкрыцці другога фронту на поўначы Францыі, але У. Чэрчыль адказаў, што гэта будзе магчыма толькі праз два-тры гады. Другі фронт адкрылі толькі тады, калі ўбачылі, што СССР можа без падтрымкі Захаду выйсці на атлантычнае ўзбярэжжа Францыі, распаўсюдзіўшы свой уплыў на ўсю Еўропу, гэта значыць атрымае перамогу ў адзіночку, чаго саюзнікі дапусціць не маглі.

На англа-амерыканскіх перамовах у 1942 г. Чэрчыль здолеў пераканаць Рузвельта ў немагчымасці адкрыцця другога фронту ў Еўропе ў бліжэйшы час. 12 жніўня 1942 г. англійскі прэм’ер-міністр прыляцеў на перамовы ў Маскву, дзе галоўнае пытанне — аб адкрыцці другога фронту ў 1942 г. — не было вырашана. Чэрчыль пераконваў Сталіна, што для адкрыцця другога фронту няма ніякай магчымасці. Але на самай справе такая магчымасць была: саюзнікі замест Паўночнай Афрыкі маглі высадзіцца ў Паўднёвай Францыі, дзе ўвогуле не было нямецкіх войскаў, а французская самаабарона не магла аказаць сур’ёзнага супраціўлення, альбо ў Паўночнай Нарвегіі, дзе амерыканцы і англічане маглі б наладзіць «локцевую сувязь» з самым паўночным участкам савецка-германскага фронту. Ваенныя аперацыі ў Паўночнай Афрыцы (чэрвень 1940 г. — май 1943 г.) і Паўднёвай Італіі (ліпень 1943 г. — май 1945 г.) праводзіліся англа-амерыканскімі войскамі не столькі з мэтай перамогі над Германіяй, колькі для забеспячэння гандлю ў Міжземным моры. Высадка саюзнікаў на поўначы Францыі пачалася 6 чэрвеня 1944 г.

3. Умацаванне антыгітлераўскай кааліцыі

У Вашынгтоне 12—25 мая 1943 г. прайшла англа-амерыканская канферэнцыя, на якой Чэрчыль па-ранейшаму заяўляў, што дэсантная аперацыя праз Ла-Манш можа быць ажыццёўлена толькі ў 1945—1946 гг. Пад ціскам з боку амерыканскіх дыпламатаў была прынята кампрамісная фармулёўка аб магчымасці адкрыцця другога фронту не раней вясны 1944 г., што выклікала пратэст Сталіна. Адносіны паміж удзельнікамі антыгітлераўскай кааліцыі абвастрыліся.

У жніўні 1943 г. у Квебеку Чэрчыль і Рузвельт правялі чарговую сустрэчу, на якой абмеркавалі падрыхтоўку да дэсантавання саюзных войскаў у Францыі 1 мая 1944 г. (аперацыя «Аверлорд»), таксама абмяркоўвалася высадка саюзнікаў у Кітаі і на Філіпінах.

Тым часам палітычнае адзінства фашысцкага блока слабела: Японія так і не выступіла супраць СССР, пасля звяржэння фашысцкай дыктатуры Мусаліні ў верасні 1943 г. Італія капітулявала, а ў кастрычніку 1943 г. аб’явіла вайну Германіі і яе саюзнікам. Усё гэта садзейнічала ўмацаванню палітычнага супрацоўніцтва ўдзельнікаў антыгітлераўскай кааліцыі. У кастрычніку 1943 г. адбылася Маскоўская канферэнцыя міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, на якой абмяркоўвалася пытанне аб адкрыцці другога фронту. З мэтай наблізіць дату адкрыцця другога фронту ў Еўропе Сталін паабяцаў саюзнікам уступіць у вайну супраць Японіі пасля перамогі над Германіяй. Аднак ЗША і Вялікабрытанія так і не вызначылі канкрэтную дату адкрыцця другога фронту.

4. Тэгеранская канферэнцыя

Ішоў ужо пяты год вайны, а лідары трох вялікіх дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі яшчэ ні разу не сустракаліся асабіста. Пасланні, якімі яны абменьваліся, не садзейнічалі вырашэнню існуючых праблем. 28 лістапада — 1 снежня 1943 г. у сталіцы Ірана Тэгеране адбылася першая ў гады вайны сустрэча «вялікай тройкі» — кіраўнікоў трох дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі.

Асноўным пытаннем Тэгеранскай канферэнцыі было адкрыццё другога фронту ў Заходняй Еўропе. Нягледзячы на спробы Чэрчыля перасунуць дату на жнівень, канчаткова было вырашана адкрыць яго ў маі 1944 г.

Вострыя дыскусіі выклікала германскае пытанне, гэта значыць праблема пасляваеннага статусу Германіі. Чэрчыль і Рузвельт выступалі за яе падзел на мноства дзяржаў. Сталін прапанаваў адкласці вырашэнне гэтага пытання.

Спрэчкі на канферэнцыі выклікала і польскае пытанне. Сталіну ўдалося дабіцца згоды Рузвельта і Чэрчыля на перанос польскай усходняй мяжы на «лінію Керзана», а заходняй — на раку Одэр. Усе тэрытарыяльныя страты Польшчы на ўсходзе на карысць СССР планавалася кампенсаваць за кошт германскіх тэрыторый на захадзе. Абмяркоўвалася і стварэнне ААН.

5. Стварэнне Ялцінска-Патсдамскай сістэмы міжнародных адносін

На Ялцінскай (Крымскай) канферэнцыі саюзных дзяржаў 4—11 лютага 1945 г., калі савецкія войскі знаходзіліся ў 60 км ад германскай сталіцы, вырашаліся пытанні пасляваеннага ўладкавання, стварэння зон акупацыі Германіі і кіравання Берлінам — утварэння трох зон і ў будучыні французскай зоны. СССР заблакаваў рашэнне аб расчляненні Германіі на мноства дзяржаў. Пытанне аб рэпарацыях Германіі было вырашана: 20 млрд долараў, СССР — 50 %. Спачатку саюзнікі не жадалі прызнаваць прасавецкі ўрад у Польшчы (хацелі прызнаць Лонданскі ўрад у выгнанні), Югаславіі і Грэцыі. У выніку адбыўся размен Грэцыі, дзе ўсталяваўся празаходні ўрад, на Польшчу.

Захадам дэ-факта была прызнана зона ўплыву СССР ва Усходняй Еўропе. Быў зацверджаны канчатковы тэкст пагаднення па пытаннях Далёкага Усходу. Яно прадугледжвала аднаўленне пазіцый, страчаных Расійскай імперыяй пасля руска-японскай вайны, уключаючы вяртанне паўднёвай часткі Сахаліна і ўсіх прылеглых да яе астравоў (Курыльскіх).

25 красавіка — 26 чэрвеня 1945 г. у абстаноўцы вострай барацьбы прайшла Сан-Францыская канферэнцыя заснавальнікаў ААН. Вялікія цяжкасці выклікалі пытанні аб калоніях і залежных тэрыторыях, аб мэтах міжнароднай апекі. Дамовіліся, што рашэнні Савета Бяспекі становяцца абавязковымі для ўсіх дзяржаў — членаў ААН, аб праве кожнай дзяржавы «вялікай пяцёркі» накладаць «вета» на рашэнні Савета Бяспекі. Быў падпісаны Статут ААН.

У падпісаных СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй (да іх неўзабаве далучылася Францыя) на Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцыі (17 ліпеня — 2 жніўня 1945 г.) дакументах былі вызначаны палітычныя прынцыпы таго, што рабіць з Германіяй — дэмілітарызацыя і вынішчэнне германскага нацызму. Канчаткова дамовіліся аб межах Польшчы. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) і Усходняя Прусія сталі часткай СССР. Саюзнікі Германіі ў вайне былі прынятыя ў склад ААН.

Важнейшым вынікам Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцый стала фактычнае прызнанне пераемнасці СССР у адносінах да геапалітычнага арэала Расійскай імперыі. Савецкі Саюз стаў сусветнай дзяржавай, і ніводнае важнае пытанне цяпер нельга было вырашыць без яго ўдзелу, як гэта адбылося ў Мюнхене ў 1938 г. Новая геапалітычная сітуацыя ў свеце цяпер характарызавалася супрацьстаяннем дзвюх сістэм — капіталістычнай і сацыялістычнай.

Перамога СССР, а таксама ваенныя дзеянні саюзнікаў у многіх каланіяльных уладаннях супраць краін гітлераўскай кааліцыі зрабілі моцнае ўздзеянне на афра-азіяцкі свет, садзейнічалі паскарэнню працэсу яго дэкаланізацыі.

Адным з найбольш відавочных вынікаў вайны стала і поўная дыскрэдытацыя ў вачах сусветнай грамадскасці фашысцкай, нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі. У пачатку 1946 г. на тэрыторыі Германіі, у горадзе Нюрнбергу, распачаўся паказальны працэс над пачынальнікамі Другой сусветнай вайны.

Пытанні

1. Сфармулюйце вызначэнне паняцця «антыгітлераўская кааліцыя». Колькі краін сталі яе ўдзельнікамі? Складзіце храналагічную табліцу «Складванне антыгітлераўскай кааліцыі».

2. Прывядзіце прыклады паспяховага супрацоўніцтва краін антыгітлераўскай кааліцыі.

3. Запоўніце табліцу «Міжнародныя канферэнцыі перыяду Другой сусветнай вайны». Крытэрыі для параўнання выберыце самастойна.

5. Параўнайце Венскую, Версальска-Вашынгтонскую, Ялцінска-Патсдамскую сістэмы міжнародных адносін. Вызначце іх асаблівасці.

6. Ахарактарызуйце дзейнасць антыгітлераўскай кааліцыі. Якія існавалі праблемы? Як яны былі вырашаны? Вызначце ўнёсак краін антыгітлераўскай кааліцыі ў разгром фашысцкага блока.

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне