§ 29. Распад каланіяльнай сістэмы
1. Атрыманне незалежнасці
Супраціў каланіяльнаму праўленню налічвае многія дзесяцігоддзі. Да 1930-х гг. нацыянальныя рухі аформіліся ў сур’ёзную палітычную сілу ў краінах Азіі і Афрыкі. Вынікі Другой сусветнай вайны стварылі спрыяльныя ўмовы для краху каланіялізму. Спачатку Вялікабрытанія, Францыя і іншыя краіны спрабавалі захаваць свае імперыі, але доўгая цяжкая вайна спустошыла іх ваенныя і фінансавыя рэсурсы. Еўрапейцы, якія перажылі вайну, не хацелі ваяваць з народамі, гатовымі змагацца за сваю свабоду і незалежнасць.
У 1947 г. атрымалі незалежнасць Індыя і Пакістан. У 1949 г. утварылася Кітайская Народная Рэспубліка, што мела вялікае значэнне для ўмацавання нацыянальна-вызваленчых сіл у Азіі. У 1950-х — першай палове 1960-х гг. была разбурана каланіяльная імперыя ў Афрыцы. Дабіўся поўнай незалежнасці Егіпет. Пасля вызваленчай вайны супраць Францыі вольным стаў Алжыр. У 1960 г. ААН прыняла рэзалюцыю аб неабходнасці поўнай ліквідацыі каланіялізму. У гэтым жа годзе атрымалі незалежнасць 17 дзяржаў Афрыкі («год Афрыкі»). У 1963 г. дзяржавы, якія вызваліліся, заснавалі Арганізацыю афрыканскага адзінства (ААА). У 1990 г. атрымала свабоду апошняя найбуйнейшая калонія ў Афрыцы — Намібія. У ПАР быў ліквідаваны рэжым апартэіду. У выніку дэкаланізацыі з’явілася больш за сто новых дзяржаў.