§ 5-1. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краін Захаду ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст.

1. Змяненне сацыяльнай структуры

Прамысловы пераварот паўплываў на грамадскія адносіны — з’явіліся новыя класы: наёмныя рабочыя, капіталісты.

Частка прадстаўнікоў буржуазіі была звязана з фінансавым, банкаўскім капіталам, частка ўкладала сродкі ў прамысловасць, а частка была звязана з гандлем. Узнікла сацыяльная праслойка людзей, якія жылі на працэнты з укладзенага капіталу — ранцье. Асноўным багаццем стала не зямля, як раней, а грошы, укладзеныя ў прамысловасць альбо банкаўскую справу.

Асноўная маса рабочых жорстка эксплуатавалася. У большасці краін Еўропы не было дзяржаўнага заканадаўчага рэгулявання ўмоў працы, якое абмяжоўвала б самавольства капіталістаў. Рабочы мог быць аштрафаваны і звольнены ў любы момант. Цяжкія ўмовы працы і нізкая зарплата нярэдка прымушалі рабочых у якасці дадатковых сродкаў для існавання апрацоўваць невялікія ўчасткі зямлі ў вёсцы. У больш выгадным становішчы аказаліся рабочыя з высокай кваліфікацыяй. Дзякуючы больш высокім зарплатам яны паступова вылучаліся ў «рабочую арыстакратыю». Як самастойная грамадская сіла клас рабочых заявіў пра сябе ў перыяд рэвалюцый 1848—1849 гг.

У другой палове XIX ст. рабочыя ўзмацнілі барацьбу за свае эканамічныя і палітычныя правы. Яны аб’ядноўваліся ў прафсаюзы, ладзілі стачкі, патрабуючы павышэння заработнай платы і паляпшэння ўмоў працы. Эканамічныя патрабаванні перапляталіся з палітычнымі. Рабочыя імкнуліся да прыняцця заканадаўства, якое абараняла б іх правы, выступалі за правядзенне сацыяльных рэформ. У рабочым асяродку сталі шырока распаўсюджвацца рэвалюцыйныя ідэі — сацыялістычныя і камуністычныя, а таксама анархісцкія. Радыкальныя прыхільнікі гэтых ідэй заклікалі да сацыяльнай рэвалюцыі. У Еўропе і Амерыцы пачалі ўзнікаць палітычныя арганізацыі, якія адстойвалі інтарэсы рабочых: Міжнароднае таварыства рабочых (Першы і Другі Інтэрнацыяналы), масавыя сацыял-дэмакратычныя партыі.

Развіццё капіталізму ў вёсцы ў XIX ст. узмацніла сацыяльную дыферэнцыяцыю сялянства. Уладанні заможных сялян ператвараліся ў фермерскія гаспадаркі, якія характарызаваліся высокім узроўнем товарнасці і пастаянным выкарыстаннем наёмнай працы. Сярэднія слаі сялянства вялі сваю гаспадарку, абапіраючыся выключна на сямейную працу. Вырабленая імі прадукцыя ў асноўным прызначалася для ўласнага спажывання. Самую вялікую частку сялянства складалі ўласнікі альбо арандатары дробных і найдрабнейшых участкаў зямлі. Гэтая катэгорыя сялян пастаянна павялічвалася і выжывала толькі пры ўмове працы па найме. У Германіі, напрыклад, да пачатку ХХ ст. у распараджэнні больш чым паловы сялян знаходзілася менш за 6 % усёй зямлі. Амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах у вёсцы існавалі перанаселенасць і схаванае беспрацоўе, якія толькі часткова змякчаліся адтокам насельніцтва ў гарадскую прамысловасць. У канцы XIX ст. узрасла масавая эміграцыя насельніцтва вёсак. Найбуйнейшыя маштабы яна набыла на поўдні Італіі.

У ходзе прамысловай рэвалюцыі ўзнік і сярэдні клас, яшчэ адзін новы грамадскі слой, які складаўся з адукаваных людзей, здольных працаваць з тэхнікай — інжынераў, архітэктараў, работнікаў сферы паслуг, кіраўнікоў, эканамістаў, работнікаў сферы адукацыі, мастакоў, артыстаў, кваліфікаваных рабочых.

У індустрыяльную эпоху рэзка ўзрасло значэнне адукацыі. Прамысловасць мела патрэбу ў высокакваліфікаваных кадрах. Для патрэб прадпрымальнікаў і за іх кошт стваралася новае пакаленне прыватных вышэйшых школ. Гэта добра відаць на прыкладзе французскай вышэйшай адукацыі. У 1794 г. у Францыі была заснавана славутая Політэхнічная школа, у 1829 г. — Цэнтральная школа рамёстваў і мануфактур і інш. Падобныя працэсы адбываліся і ў іншых развітых краінах. Да канца XIX — пачатку ХХ ст. асобы з вышэйшай, у тым ліку тэхнічнай, адукацыяй сталі заўважнай праслойкай грамадства як у краінах Заходняй Еўропы, так і ў ЗША.

У XIX ст. заўважна ўзрасла пісьменнасць еўрапейскага насельніцтва. Аднак ахапіць пачатковай адукацыяй усіх жыхароў Еўропы не ўдавалася. Нават у Францыі і Англіі ў канцы стагоддзя колькасць непісьменных складала адпаведна 15 % і 18 %. Толькі ў Германіі яна была значна ніжэйшай. Паўсюль развівалася і сярэдняя адукацыя, але яна з’яўлялася прівілеяй маёмных слаёў грамадства. Заўважна пашырыўся ўдзел дзяржавы ў развіцці школьнай адукацыі.