Печатать книгуПечатать книгу

§ 5-1. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краін Захаду ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст.

Ключавая ідэя: пераход да імперыялізму ўзмацніў нераўнамернае развіццё дзяржаў і абвастрыў супярэчнасці паміж імі.

ХIX ст. стала перыядам глабальнай трансфармацыі ва ўсіх сферах грамадскага развіцця. Менавіта ў гэты час канчаткова аформіліся новыя грамадскія класы, хуткімі тэмпамі ішло станаўленне капіталістычнага грамадства, вялікія змены адбыліся ў палітычнай сістэме — з’явіліся новыя ідэалогіі і партыі, пачала актыўна распаўсюджвацца рэспубліканская форма дзяржаўнага ўладкавання.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 5-1. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краін Захаду ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст.
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 5 Июль 2025, 21:59

1. Змяненне сацыяльнай структуры

Прамысловы пераварот паўплываў на грамадскія адносіны — з’явіліся новыя класы: наёмныя рабочыя, капіталісты.

Частка прадстаўнікоў буржуазіі была звязана з фінансавым, банкаўскім капіталам, частка ўкладала сродкі ў прамысловасць, а частка была звязана з гандлем. Узнікла сацыяльная праслойка людзей, якія жылі на працэнты з укладзенага капіталу — ранцье. Асноўным багаццем стала не зямля, як раней, а грошы, укладзеныя ў прамысловасць альбо банкаўскую справу.

Асноўная маса рабочых жорстка эксплуатавалася. У большасці краін Еўропы не было дзяржаўнага заканадаўчага рэгулявання ўмоў працы, якое абмяжоўвала б самавольства капіталістаў. Рабочы мог быць аштрафаваны і звольнены ў любы момант. Цяжкія ўмовы працы і нізкая зарплата нярэдка прымушалі рабочых у якасці дадатковых сродкаў для існавання апрацоўваць невялікія ўчасткі зямлі ў вёсцы. У больш выгадным становішчы аказаліся рабочыя з высокай кваліфікацыяй. Дзякуючы больш высокім зарплатам яны паступова вылучаліся ў «рабочую арыстакратыю». Як самастойная грамадская сіла клас рабочых заявіў пра сябе ў перыяд рэвалюцый 1848—1849 гг.

У другой палове XIX ст. рабочыя ўзмацнілі барацьбу за свае эканамічныя і палітычныя правы. Яны аб’ядноўваліся ў прафсаюзы, ладзілі стачкі, патрабуючы павышэння заработнай платы і паляпшэння ўмоў працы. Эканамічныя патрабаванні перапляталіся з палітычнымі. Рабочыя імкнуліся да прыняцця заканадаўства, якое абараняла б іх правы, выступалі за правядзенне сацыяльных рэформ. У рабочым асяродку сталі шырока распаўсюджвацца рэвалюцыйныя ідэі — сацыялістычныя і камуністычныя, а таксама анархісцкія. Радыкальныя прыхільнікі гэтых ідэй заклікалі да сацыяльнай рэвалюцыі. У Еўропе і Амерыцы пачалі ўзнікаць палітычныя арганізацыі, якія адстойвалі інтарэсы рабочых: Міжнароднае таварыства рабочых (Першы і Другі Інтэрнацыяналы), масавыя сацыял-дэмакратычныя партыі.

Развіццё капіталізму ў вёсцы ў XIX ст. узмацніла сацыяльную дыферэнцыяцыю сялянства. Уладанні заможных сялян ператвараліся ў фермерскія гаспадаркі, якія характарызаваліся высокім узроўнем товарнасці і пастаянным выкарыстаннем наёмнай працы. Сярэднія слаі сялянства вялі сваю гаспадарку, абапіраючыся выключна на сямейную працу. Вырабленая імі прадукцыя ў асноўным прызначалася для ўласнага спажывання. Самую вялікую частку сялянства складалі ўласнікі альбо арандатары дробных і найдрабнейшых участкаў зямлі. Гэтая катэгорыя сялян пастаянна павялічвалася і выжывала толькі пры ўмове працы па найме. У Германіі, напрыклад, да пачатку ХХ ст. у распараджэнні больш чым паловы сялян знаходзілася менш за 6 % усёй зямлі. Амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах у вёсцы існавалі перанаселенасць і схаванае беспрацоўе, якія толькі часткова змякчаліся адтокам насельніцтва ў гарадскую прамысловасць. У канцы XIX ст. узрасла масавая эміграцыя насельніцтва вёсак. Найбуйнейшыя маштабы яна набыла на поўдні Італіі.

У ходзе прамысловай рэвалюцыі ўзнік і сярэдні клас, яшчэ адзін новы грамадскі слой, які складаўся з адукаваных людзей, здольных працаваць з тэхнікай — інжынераў, архітэктараў, работнікаў сферы паслуг, кіраўнікоў, эканамістаў, работнікаў сферы адукацыі, мастакоў, артыстаў, кваліфікаваных рабочых.

У індустрыяльную эпоху рэзка ўзрасло значэнне адукацыі. Прамысловасць мела патрэбу ў высокакваліфікаваных кадрах. Для патрэб прадпрымальнікаў і за іх кошт стваралася новае пакаленне прыватных вышэйшых школ. Гэта добра відаць на прыкладзе французскай вышэйшай адукацыі. У 1794 г. у Францыі была заснавана славутая Політэхнічная школа, у 1829 г. — Цэнтральная школа рамёстваў і мануфактур і інш. Падобныя працэсы адбываліся і ў іншых развітых краінах. Да канца XIX — пачатку ХХ ст. асобы з вышэйшай, у тым ліку тэхнічнай, адукацыяй сталі заўважнай праслойкай грамадства як у краінах Заходняй Еўропы, так і ў ЗША.

У XIX ст. заўважна ўзрасла пісьменнасць еўрапейскага насельніцтва. Аднак ахапіць пачатковай адукацыяй усіх жыхароў Еўропы не ўдавалася. Нават у Францыі і Англіі ў канцы стагоддзя колькасць непісьменных складала адпаведна 15 % і 18 %. Толькі ў Германіі яна была значна ніжэйшай. Паўсюль развівалася і сярэдняя адукацыя, але яна з’яўлялася прівілеяй маёмных слаёў грамадства. Заўважна пашырыўся ўдзел дзяржавы ў развіцці школьнай адукацыі.

2. Эканамічнае развіццё краін Захаду

З 1870-х гг. да канца XIX ст. аб’ём сусветнай прамысловасці павялічыўся больш чым у тры разы. Найбольш інтэнсіўна развівалася цяжкая прамысловасць — металургія і машынабудаванне. У розных краінах Еўропы эканамічны рост быў нераўнамерным. Найбольш інтэнсіўна развіваліся Германія і ЗША. Перавагамі ЗША былі прыродныя рэсурсы, стварэнне сеткі дарог і каналаў, іміграцыя эканамічна актыўных людзей. Германія ж атрымала вялізную кантрыбуцыю ад пераможанай Францыі, увяла дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Вялікабрытанія развівалася толькі дзякуючы захаванню вялізнай каланіяльнай імперыі, дзе калоніі давалі сыравіну і з’яўляліся рынкам збыту.

3. З’яўленне манаполій. Імперыялізм

Распрацоўка і ўкараненне новых тэхналогій, стварэнне буйных прадпрыемстваў індустрыі, паляпшэнне транспарту і сувязі патрабавалі вялізных укладанняў капіталу, якога не было ў большасці прамыслоўцаў. Яны сталі браць крэдыты ў банках. У канцы XIX ст. шырокае распаўсюджванне атрымалі і акцыянерныя таварыствы: выпуск і продаж каштоўных папер — акцый — дазвалялі прыцягнуць грашовыя сродкі заможных слаёў насельніцтва, якія разлічвалі ў будучыні атрымаць частку прыбытку. Зліццё і паглынанне капіталаў прывяло да ўтварэння манаполій, якія атрымлівалі вялікія прыбыткі, перавагі ў канкурэнтнай барацьбе, штучна падтрымлівалі высокія цэны на тавары, дабіваліся ад урада правядзення пратэкцыянісцкай палітыкі.

Напрыклад, Германія стварала манаполіі ў цяжкай прамысловасці — картэлі, якія забяспечвалі значны прыток капіталаў, узгаднялі цэны на вырабленую прадукцыю і яе аб’ёмы.

Буйныя манаполіі мелі вялікія перавагі ў параўнанні з прадпрыемствамі, якія ўсё яшчэ займаліся дробнасерыйным выпускам прадукцыі. Манаполіі даводзілі да галечы сваіх канкурэнтаў, бралі пад свой кантроль, гэта значыць манапалізавалі, унутраны рынак краіны. Працэсы манапалізацыі асабліва паскараліся ў гады эканамічных крызісаў, бо манаполіі валодалі вялізнымі фінансавымі рэсурсамі, і таму яны лёгка перажывалі часовае падзенне попыту ў час крызісу, у той час як дробныя і сярэднія прадпрымальнікі бяднелі.

Манапалізацыя ў прамысловасці прывяла да манапалізацыі ў банкаўскай справе. Буйныя банкі, атрымліваючы пад залог або ўкладаючы грошы ў прыбытковыя акцыі, укараняліся ў прамысловасць, транспарт, гандаль, станавіліся саўладальнікамі цэлых галін. Узніклі фінансавыя сямейныя алігархічныя групы.

Германія і Італія адсталі ад краін, якія першымі ажыццявілі прамысловы пераварот. Пасля аб’яднання італьянскіх і германскіх зямель у іх мадэрнізацыі асаблівую ролю стала адыгрываць дзяржава, якая пачала праводзіць пратэкцыянісцкую палітыку, паскораныя рэформы, выкарыстоўваць ваенныя сродкі ў барацьбе за калоніі.

Этап развіцця капіталізму, калі ўзніклі манаполіі, прынята называць імперыялызмам, які ў сваю чаргу звязваюць з каланіяльнай палітыкай, што праводзілася заходнімі краінамі. Да канца XIX ст. практычна ўвесь свет быў падзелены паміж індустрыяльна развітымі каланіяльнымі імперыямі. Калоніі сталі стратэгічна важнымі пасля прамысловай рэвалюцыі, паколькі яны з’яўляліся крыніцамі сыравіны для прамысловасці, якая бурна развівалася, і рынкамі збыту гатовай прадукцыі. Пасля задушэння паўстання сіпаяў (1857—1859) у Індыі, «жамчужыне брытанскай кароны», англійскае панаванне ўмацавалася. Вялікабрытанія пашырыла свае каланіяльныя ўладанні за кошт Ірана і Афганістана, поўдня Афрыкі.

Другой па памерах была французская каланіяльная імперыя, ёй належалі Заходняя і Паўночная Афрыка, Мадагаскар, Індакітай і інш. Калоніі былі таксама ў Бельгіі, Галандыі, Партугаліі. Параўнальна невялікімі былі ўладанні Германіі ў Афрыцы і Акіяніі.

Фарміраванне на Захадзе індустрыяльнага грамадства, узрастанне ролі пралетарыяту ў ім, зацікаўленасць эліты ў яго стабільным, без рэвалюцый, развіцці прывялі да неабходнасці пабудовы сацыяльнай дзяржавы. Урадам  Бісмарка ўжо ў канцы XIX ст. былі праведзены сацыяльныя рэформы ў Германіі. У іншых еўрапейскіх краінах сацыяльнае заканадаўства пачало ўводзіцца ў пачатку XX ст.

4. Палітычнае развіццё краін Захаду

Унутрыпалітычная барацьба стала адбывацца пры пасярэдніцтве створаных у той перыяд палітычных партый, якія выражалі інтарэсы розных грамадскіх груп. Амаль паўсюль асноўнымі партыямі ва ўладзе сталі лібералы і кансерватары. Практычна зніклі партыі, якія падтрымлівалі феадальна-абсалютысцкія парадкі. Працоўныя слаі насельніцтва былі прадстаўлены сацыял-дэмакратамі, партыямі левай арыентацыі.

У другой палове XIX ст. у асноўным завяршыўся працэс фарміравання палітычнай сістэмы буржуазнага грамадства. Пачатак гэтаму працэсу паклалі яшчэ рэвалюцыі XVII—XVIII стст. Буржуазія ўпарта адстойвала свабоду прадпрымальніцтва, дабівалася пашырэння палітычных правоў і ўсталявання канстытуцыйнага ладу. Прамысловы пераварот, які рэзка змяніў сацыяльную структуру еўрапейскага грамадства, прывёў да шырокіх палітычных пераўтварэнняў. XIX ст. у гісторыі Еўропы стала эпохай канчатковай ліквідацыі феадальна-абсалютысцкіх рэжымаў і станаўлення парламентарызму. Важнейшымі вяхамі на гэтым шляху можна лічыць парламенцкую рэформу 1832 г. у Англіі, рэвалюцыю 1848—1849 гг. у Францыі, аб’яднанне Германіі і Італіі, рэформы 1860—1870-х гг. у Расіі. Буржуазія атрымлівала ўсё больш свабоды, а ў некаторых краінах прыходзіла да ўлады. Да пачатку XX ст. склаліся тры асноўныя формы буржуазнай дзяржавы: канстытуцыйная манархія, прэзідэнцкая рэспубліка, парламенцкая рэспубліка.

Канстытуцыйная, або парламенцкая, манархія ў класічным выглядзе была прадстаўлена Вялікабрытаніяй. Там усёй паўнатой заканадаўчай улады валодаў парламент, які складаўся з дзвюх палат. Ніводзін закон не мог быць зацверджаны каралём без ухвалення палатай абшчын і палатай лордаў. Выканаўчая ўлада цалкам належала кабінету міністраў, які з сярэдзіны XIX ст. стаў карыстацца манапольным правам заканадаўчай ініцыятывы. Асноўную ролю ў фарміраванні ўрада адыгрывалі ліберальная і кансерватыўная партыі. Пры гэтым партыя, што знаходзілася ў апазіцыі, крытыкавала палітычны курс партыі, якая знаходзілася пры ўладзе. Выбарчыя законы 1867 і 1884 гг. садзейнічалі далейшай дэмакратызацыі палітычнага жыцця. Гнуткая палітыка саступак і кампрамісаў дазволіла кіруючым колам Вялікабрытаніі пазбегнуць усплёску радыкалізму і рэвалюцыйных катастроф у XIX — пачатку XX ст. Сацыяльныя праблемы вырашаліся шляхам мірнага эвалюцыйнага рэфармавання.

Прэзідэнцкая рэспубліка як форма праўлення ўсталявалася ў Злучаных Штатах Амерыкі. Пасля рэвалюцыі 1775—1783 гг. у ЗША практычна зніклі рэшткі феадальных адносін. У адпаведнасці з канстытуцыяй вышэйшым заканадаўчым органам быў абвешчаны Кангрэс, які складаўся з дзвюх раўнапраўных палат. Прэзідэнт не толькі з’яўляўся кіраўніком дзяржавы, але і ўзначальваў выканаўчую ўладу. Ён жа меў права заканадаўчай ініцыятывы і мог прызначаць людзей на вышэйшыя пасады ў дзяржаўным апараце. Улада прэзідэнта ўраўнаважвалася ўладай парламента. Як і ў Англіі, існавала двухпартыйная сістэма з чаргаваннем ва ўладзе Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый. Дэмакратычная сістэма выбараў забяспечвала большай частцы насельніцтва ўдзел у палітычным жыцці краіны. Многія прэзідэнты паходзілі з ніжэйшых слаёў грамадства, як, напрыклад, Э. Джэксан альбо А. Лінкальн. Людзі такога паходжання не маглі заняць высокія пасады ні ў адной з краін Старога Свету. Важным элементам палітычнай сістэмы ў ЗША быў таксама незалежны Вярхоўны суд.

У Еўропе захапляліся амерыканскай дэмакратыяй, якая для XIX ст. была сапраўды ўнікальнай з’явай. Але і яна не выратавала краіну ад разбуральнай Грамадзянскай вайны, што праходзіла пад лозунгамі абароны дэмакратыі і роўнасці ўсіх рас. Некалькі разоў на працягу другой паловы XIX ст. у ЗША адбываліся эканамічныя крызісы, а супраць злоўжыванняў манаполій і карпарацый ураду давялося прымаць спецыяльныя антытрэстаўскія законы.

Парламенцкая рэспубліка — гэта форма праўлення, калі вышэйшая ўлада, згодна з канстытуцыяй, належыць парламенту, які самастойна фарміруе кабінет міністраў, выбірае прэм’ераў, а ў сучасных парламенцкіх рэспубліках — і прэзідэнта. Нестабільнасць урадавых кабінетаў — характэрная рыса парламенцкіх рэспублік. Найбольш яркім прыкладам парламенцкай рэспублікі ў XIX ст. была Францыя. Гэтая краіна прайшла праз шэраг рэвалюцый, перш чым у ёй канчаткова ўсталявалася рэспубліканская форма праўлення. Рэвалюцыя 1870 г. скінула рэжым Другой імперыі. Прыняцце ў 1875 г. канстытуцыі зацвердзіла палітычны рэжым Трэцяй рэспублікі.

Заканадаўчая ўлада, згодна з канстытуцыяй, належала парламенту. Аднак  верхняя палата парламента — Сенат — абіралася не насельніцтвам, а дэпутатамі ўсіх узроўняў, выбранымі ў дадзенай акрузе. Прэзідэнт, які атрымліваў вялікія паўнамоцтвы, таксама абіраўся не насельніцтвам, а на сумесным пасяджэнні Палаты дэпутатаў і Сената. Яму і міністрам належала ўся паўната выканаўчай улады.

Уздым марксісцкага руху. У другой палове XIX ст. марксісты прыступілі да стварэння палітычных арганізацый. У 1864 г. быў утвораны I Інтэрнацыянал. Затым марксісты заснавалі сацыял-дэмакратычныя партыі. У іх вылучыліся два кірункі: радыкальны (рэвалюцыйны) і ўмераны (рэфармісцкі). Прадстаўнікі апошняга адмаўлялі неабходнасць сацыялістычнай рэвалюцыі і спадзяваліся на рэформы ў рамках капіталістычнага ладу.

Тым не менш у створаным у 1889 г. II Інтэрнацыянале да пачатку 1900-х гг. пераважалі прыхільнікі рэвалюцыйнага пункта гледжання. На яго пасяджэннях прымаліся рашэнні аб немагчымасці саюза з буржуазіяй, недапушчальнасці ўваходжання ў буржуазныя ўрады, аб пратэстах супраць мілітарызму і войнаў і да т. п. Аднак у далейшым у Інтэрнацыянале ўзмацніўся ўплыў рэфармістаў.

У сваю чаргу рост рабочага руху і распаўсюджванне марксізму падштурхоўвалі лібералаў да выпрацоўкі новых ідэй. У выніку на рубяжы стагоддзяў узнік так званы новы лібералізм. Яго прыхільнікі ў Англіі, Францыі, ЗША (Д. Лойд Джордж, Ж. Клемансо, Т. Рузвельт, В. Вільсан) праводзілі рэформы, накіраваныя на ўмацаванне дэмакратыі і паляпшэнне жыцця народных мас. Асноўнай мэтай гэтай палітыкі было імкненне не дапусціць рэвалюцыйных узрушэнняў у грамадстве.

Пытанні

1. Які этап у развіцці заходняй цывілізацыі называецца імперыялізмам? Сфармулюйце вызначэнне паняцця «манаполія». Апішыце працэс складвання манаполій. Чаму імперыялізм называюць манапалістычным капіталізмам?

2. Дайце вызначэнне паняцця «сярэдні клас». Ці можа даход лічыцца асноўным крытэрыем, які вызначае сярэдні клас?

3. Чаму аб з’яўленні сярэдняга класа сталі гаварыць менавіта пасля прамысловай рэвалюцыі? Хто складаў сярэдні клас у XIX ст., хто адносіцца да сярэдняга класа ў наш час?

4. Растлумачце, чаму ў канцы XIX ст. выкарыстанне слова «імперыялізм» практычна супадала з выкарыстаннем слова «каланіялізм».

5. Дайце вызначэнне паняцця «эканамічны крызіс». Чаму ў эпоху імперыялізму эканамічныя крызісы сталі больш частымі і ахоплівалі большую частку свету?

6. З чым звязана з’яўленне палітычных партый у грамадскім жыцці краін Захаду? Назавіце асноўныя палітычныя партыі Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША ў XIX ст. Ці існуюць гэтыя партыі сёння?

7. Чаму ў канцы XIX ст. Англія стала адставаць у эканамічным развіцці? Якія краіны выйшлі на першыя месцы?

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне