§ 14. РОЛЯ БІЁТЫ Ў БІЯСФЕРЫ І ГАСПАДАРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА
Роля раслін і жывёл як элементаў біясферы і іх значэнне для гаспадарчай дзейнасці чалавека. Біёта — аснова функцыянавання біясферы, яе галоўная пераўтваральная сіла. Яна валодае ўнікальнымі ўласцівасцямі (мал. 83).

Жывыя арганізмы выконваюць важную ролю ў разбурэнні горных парод і ўтварэнні глеб. Яны ўдзельнічаюць у перамяшчэнні і назапашванні ў вадзе, донных ападках і глебе вугляроду, кіслароду, кальцыю, фосфару, серы, ёду, жалеза, марганцу і шматлікіх іншых хімічных элементаў. На аснове рэшткаў адмерлых арганізмаў утвораны многія мінералы і горныя пароды. Напрыклад, мел, вапняк, торф, каменны вугаль, фосфар, нафта, мармур, даламіт, ракушачнік і інш. У выніку ўзаемадзеяння раслін, жывёл і асяроддзя іх пражывання ўзнікаюць прыродныя комплексы.
У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як у выніку ўзаемадзеяння раслін, жывёл і асяроддзя іх існавання ўзнікаюць прыродныя комплексы?
Расліннасць выконвае важную ролю ў жыцці людзей. Яна забяспечвае іх харчаваннем, служыць крыніцай валакна, будаўнічага матэрыялу, энергіі, лекаў і г. д. Выконвае лячэбна-аздараўленчыя і эстэтычныя функцыі. Расліннасць выкарыстоўваецца як абарона ад забруджвання навакольнага асяроддзя ў гарадах: зялёныя насаджэнні ўлоўліваюць з паветра радыеактыўныя рэчывы, таксічныя газы, узбагачаюць асяроддзе кіслародам, паглынаюць цяжкія металы з глебы.
З усіх наяўных на зямным шары тыпаў расліннага покрыва найбольшую значнасць маюць лясы. Яны ўдзельнічаюць у глабальных кругаваротах вады, вугляроду і кіслароду, фарміраванні клімату.
Экватарыяльныя лясы з’яўляюцца важным рэзервуарам біялагічнай разнастайнасці. У гэтых лясах, якія займаюць усяго 6 % плошчы сушы, захоўваецца 50 % відаў жывёл і раслін свету (мал. 84). Уклад лясоў у сусветныя рэсурсы не толькі колькасна значны, але і ўнікальны. Лясы — гэта крыніца драўніны, паперы, лекаў, фарбаў, каўчуку, пладоў і інш. (мал. 85, 86).



Жывёлы маюць велізарнае гаспадарчае значэнне. Дзікія жывёлы і прадукты іх жыццядзейнасці выкарыстоўваюцца ў розных галінах эканомікі. Паляванне, марскі промысел і рыбалоўства служаць істотнай крыніцай папаўнення бялковай ежы, забяспечваюць сыравінай футравую, гарбарную, парфумерную і фармакалагічную прамысловасць.
Многіх звяроў і птушак разводзяць на спецыяльных фермах і ў зверагаспадарках. Кожны від жывёл з’яўляецца незаменным носьбітам генетычнага фонду. Дзікая фаўна выкарыстоўваецца для вывядзення новых і паляпшэння наяўных парод свойскіх жывёл. Вынікі вывучэння жывёл выкарыстоўваюцца для стварэння рознага роду тэхнічных сістэм (мал. 87).

Клуб географаў-знаўцаў. Даследаванне будовы скуры дэльфінаў дазволіла інжынерам сканструяваць новую абалонку падводных лодак, якая значна павялiчыла iх хуткасць.
Біясфера — адкрытая сістэма, здольная да самарэгуляцыі і эвалюцыі. Яна вылучаецца вялікай разнастайнасцю і ўстойлівасцю. Але інтэнсіўнасць эвалюцыі біясферы рэзка ўзрасла са з’яўленнем чалавека. Ён стаў галоўнай сілай, што змяняе біясферу. Змяняюцца фізічны і хімічны склад паветра, вады, глеба, верхняя частка зямной кары, рэльеф. Чалавек стварае новыя пароды жывёл і гатункі раслін, канструюе новыя спалучэнні генаў. Куды пойдзе эвалюцыя біясферы — на шкоду або на карысць усяму жывому — залежыць ад памкненняў чалавецтва. Таму сваю дзейнасць чалавецтву неабходна скіраваць на падтрыманне раўнавагі паміж грамадствам, якое развіваецца, і навакольным асяроддзем, захаванне прыроднай разнастайнасці Зямлі.