«Родныя дзеці»
Вобраз галоўнага героя ў творы
Сюжэт рамана «Родныя дзеці» (1985) разгортваецца вакол вяртання Сцяпана Вячоркі — «аблуднага сына» — у родную вёску, дзе ён не быў многа гадоў. Вяртанне галоўнага героя шматзначнае і сімвалічнае. Яно адбываецца ў дзвюх прасторах: рэальнай (сустрэча з блізкімі людзьмі, дарагімі сэрцу мясцінамі, акунанне ў родную моўную стыхію, вясковы побыт і звычаі) і ідэальнай (вяртанне ў думках у дзяцінства, юнацтва, у свет мар і расчараванняў, да самога сябе).
Лёс Сцяпана Вячоркі — тыповы лёс беларускага інтелігента-гараджаніна першага пакалення, які жыве ў вялікім горадзе, а душой — у родным куце, што стаў для героя і крыніцай натхнення, і скарбонкай жыццёвай энергіі. Драматызм такога становішча чалавека бачыўся Н. Гілевічу ў тым, што горад не толькі дае вяскоўцу магчымасць рэалізацыі таленту, але і з’яўляецца сродкам для нівеліроўкі душы. Аўтар з сімпатыяй ставіўся да свайго галоўнага героя, аднак ужо на першых старонках рамана пісьменнік вымушаны канстатаваць:
Сцяпан Якубавіч Вячорка, Хоць быў караць сябе гатоў, На ўлонне роднага падворка Не заяўляўся шмат гадоў. |
Нельга сказаць, што Сцяпан — закончаны эгаіст, які не адчувае патрэбы вяртання да родных вытокаў. Наадварот, галоўны герой — сумленны чалавек. Яму сорамна, што ён не можа вырвацца на радзіму, што старэнькая маці, знябыўшыся ў журбе, вымушана прыязджаць у госці сама.
Аднак Сцяпан не знаходзіць у сабе сілы, каб пераадолець стэрэатып паводзін, які дыктуюць яму сацыяльнае становішча, пасада. Не без іроніі аўтар паказваў чытачу, як гінуць найлепшыя намеры яго героя:
Але, правёўшы маці, тут жа Ён акунаўся з галавой Не ў вір маленства — праца-служба Штодзённа ў вір цягнула свой. |
Яшчэ адной прычынай, якая перашкаджала герою прыехаць дамоў, было нежаданне Сцяпана зноў перажываць боль, звязаны з каханнем да Альжбеты Кудзёлкі. Шчасце ўзаемнага пачуцця ператварылася ў драму. У свой час маладыя людзі не змаглі знайсці ў сабе сілы, каб супрацьстаяць абставінам. І хоць Сцяпан і Альжбета абое паспрабавалі і не знайшлі шчасця ў шлюбе з іншымі, Вячорка пазбягае сустрэч са сваім першым каханнем. Сваю гераіню Н. Гілевіч называе імем Альжбета, якое насілі абедзве бабулі пісьменніка. Ва ўспамінах паэт адзначыць, што яны «абедзве былі праваслаўныя, а не каталічкі; імёны ж ім дасталіся па мясцовай традыцыі з уніяцкіх часоў; і пасля гвалтоўнага перагону з уніяцтва ў праваслаўе (1839) у нашым кутку ўсе імёны яшчэ цэлае стагоддзе гучалі як самабытна беларускія, і я іх яшчэ ўсе застаў неперайначанымі, «неабкультуранымі»… Альжбета, Барбара, Параска, Паўліна, Міхаліна, Анэта, Дарка, Мар’яна, Рыпіна, Луцэя, Ліксандрына…».
Неабходнасць вымушае Сцяпана пайсці насуперак уласным жаданням. Маці Вячоркі Сохвіі Пятроўне спаўняецца семдзесят гадоў, і нішто не можа ўтрымаць «аблуднага сына» выканаць свой абавязак: ушанаваць тую, якая дала жыццё. Яшчэ ў дарозе пачынаецца ў Сцяпана вяртанне. Перспектыва сустрэчы з роднымі хвалюе і радуе галоўнага героя. Лёс не абдзяліў яго сваякамі, кожны з іх па-свойму дарагі Вячорку, з кожным з іх сустракаецца кампазітар у сваіх згадках.
Асабліва трывожыць Сцяпана сустрэча з Альжбетай, ён не можа не ўспомніць таго, што адбылося дваццаць два гады назад. Раздзелы рамана «Белы май», «Ганьба», «Разлад», «На ўзвеях часу» не толькі расказваюць пра тое, чым жыла душа кампазітара на працягу двух дзесяцігоддзяў, але і раскрываюць характар галоўнага героя.
Лёс узнагародзіў Сцяпана Вячорку талентам кампазітара, аднак і паставіў перад ім нялёгкую задачу: як жа распарадзіцца гэтым дарам? Своеасаблівым экзаменам на стойкасць перакананняў стала для Сцяпана жаніцьба з Фенечкай. За маскай захопленай музыкай летуценніцы хавалася хцівая прыстасаванка, мэтай жыцця якой стала жаданне скіраваць творчасць мужа ў абсяг сваіх спажывецкіх інтарэсаў. Яна не магла зразумець, чаму Сцяпан у той час, калі ўсе рвуцца ў сталіцу, трызніць вяртаннем на радзіму. Фенечка кінула Сцяпана, калі зразумела, што ён не з тых людзей, якія здольны крывіць уласнай душой. Вернасць Вячоркі ўласным перакананням нервавала не толькі жонку, але і вялікую частку калег, сквапных да матэрыяльных даброт. У размове з братам Тамашом Сцяпан так тлумачыць прычыну сваіх службовых непрыемнасцей:
Маўчаць не ўмею, прытварацца, Стаяць навыцяжку «ва фрунт», Легальнай формай казнакрадства Аздараўляць свой базіс-грунт... |
Дамоў вяртаецца сталы мужчына. Гады, праведзеныя ўдалечыні ад малой радзімы, былі гадамі служэння ёй. Сустрэча з роднымі людзьмі і роднымі мясцінамі прыносіць не толькі радасць, але і боль. Вячорка адчувае сваю віну і перад нябожчыкамі — братам і сястрой, і перад роднай зямлёй, на якой цяпер узнікаюць тарфяныя буры.
Вяртанне да ўласных вытокаў на некаторы час пазбаўляе Сцяпана Вячорку здольнасці адэкватна ацэньваць сітуацыю. Знаходзячыся ў палоне ўспамінаў, герой адчувае сябе юнаком, таму так і ўражвае яго знешні выгляд Альжбеты, а тое, што творыцца ў душы жанчыны, яго не кранае зусім:
Ён кідаў позірк на Альжбету — І сэрца кроіў боль скразны: Амаль нічога — ані следу Ад той дзяўчынкі, з той вясны! |
Спробай вярнуцца ў юнацтва можна растлумачыць захапленне галоўнага героя Мар’янай. Са шчырасцю сямнаццацігадовага юнака акунаецца Вячорка ў вір пачуццяў, што выклікала ў яго душы абаяльная дзяўчына. Гэтыя пачуцці з боку аднаго і другога герояў такія гарачыя, што Сцяпан раптам пачынае верыць у магчымасць павярнуць жыццё назад. Ён прызнаецца Мар’яне:
А я не знаў, што вы такая. Што вы наогул... недзе ёсць... Што ў роднай вёсцы напаткае Мяне нанова... маладосць! |
З раю апусціцца на грэшную зямлю Сцяпана прымусіла ўсведамленне таго, што Мар’яна — дачка Альжбеты. Размова з Альжбетай, з Тамашом, які са здаровым сялянскім розумам адразу адмятае нават намёк на тое, каб Сцяпан ажаніўся з маладзейшай за сябе, пазбаўляе героя ілюзіі вяртання ў маладосць. Сімвалам бессэнсоўнасці такіх намаганняў з’яўляецца ў рамане вобраз зарослай лесам дарогі.
Духоўным вопытам галоўнага героя гэтага твора Сцяпана Вячоркі аўтар сцвярджаў: якім бы ні быў пакутлівым для чалавека працэс вяртання дамоў, да роднага, блізкага, першапачатковага, ён неабходны. Гэта дало магчымасць галоўнаму герою агледзецца перад новым жыццёвым перавалам. У размове з Мар’янай Сцяпан прызнаўся, што страціў ключы, якія адкрываюць кампазітару калодзеж з натхненнем. У фінале рамана на шчырую споведзь спакутаванай душы Альжбеты душа Сцяпана адгукнулася музыкай:
Ну, так, ён чуў зусім выяўна: Як шум спакойнага дажджу, Што ўсё бліжэй, — напеўна, плаўна Плыла мелодыя ў душу. |
Гучала мякка, задуменна І ўся — праменіла святло. Ад калыханкі нешта мела, І штось ад гімна ў ёй было. |