Лірыка Пімена Панчанкі
Верш «Герой»
Ваенную паэзію Пімена Панчанкі вызначае патрыятычны пафас: ён выяўляецца ў вершах-прызнаннях у любові знявечанаму ворагамі краю, у паэтычных малюнках разбураных гарадоў і вёсак, што кантрастуюць з успамінамі пра спакойнае мірнае жыццё. Праз асобныя фрагменты-замалёўкі ваеннай рэчаіснасці паўстае маштабная карціна народнай трагедыі і гераічнага змагання. Адзін з такіх эпізодаў занатаваны ў надзвычай моцным па сіле эмацыянальнага ўздзеяння вершы «Герой» (1943) — стрымана-лаканічным аповедзе пра подзвіг безыменнага пехацінца. Ён, як і мільёны такіх жа простых салдат, свядома ахвяраваў сваім жыццём у імя агульнай перамогі: «Злосна сказаў: “Уставай, пяхота! // Мы не на пляжы, а на вайне”. // І лёг на змяіныя скруткі дроту. // І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў // Прайшлі па яго спіне».
Верш складаецца ўсяго з трох строф, але і ў такім невялікім аб’ёме паэту ўдалося раскрыць жахлівую і непрыхарошаную праўду вайны.
У першай страфе ўзнаўляецца момант воінскага подзвігу, але ён апісваецца вельмі коратка і сцісла, без характэрных для твораў гераічнага зместу ўзвышана-ўсхваляваных інтанацый. Аўтар дасягае выбуховага лаканізму за кошт рэзкіх кантрастаў (поле бою — пляж) і яркіх параўнанняў (калючы дрот — змяіны скрутак), гаворыць пра выключнае і неверагоднае для сённяшніх чытачоў як пра звычайную паўсядзённасць. У пачатку другой страфы ў верш «прарываюцца» эмоцыі, чуюцца ноткі шкадавання («Не ён, а другія ішлі ў атаку»), але гэта шкадаванне хутчэй пра тое, што салдат не змог працягнуць бой, а не пра яго смерць. Франтавік Пімен Панчанка не дае волю пачуццям, а тут жа вяртаецца да рэалій бітвы, паказваючы такім чынам, наколькі моцна ў часы вайны мянялася шкала каштоўнасцей, калі цана кожнага заваяванага рубяжа аказвалася значна вышэйшай за цану чалавечага жыцця.
Уся горыч і непапраўнасць страты выяўляюцца ў трэцяй страфе. У ваеннай лірыцы Пімена Панчанкі важную мастацкую функцыю выконваюць пейзажныя замалёўкі. У вершы «Герой» менавіта яны дапамагаюць перадаць трагізм і гераізм сітуацыі, робяць непатрэбнымі аўтарскія тлумачэнні і ацэнкі: «А ён свае косці з іржавых калючак // Сваімі рукамі без стогну аддзёр, // Зваліўся на травы, і стала балюча // І травам, і росам, і ветрам гаючым, // Што прыляцелі з валдайскіх азёр». Падобная рамантычная вобразнасць побач з іншымі характарыстыкамі (гераічны змест, дынамічны, напружаны сюжэт) набліжаюць твор да жанру балады.
Пісьменнік-франтавік Васіль Быкаў быў вельмі ўражаны «бязлітаснымі ў сваёй крывавай праўдзівасці радкамі» верша «Герой» Пімена Панчанкі: «Думаецца, калі б ён пра фронт не напісаў болей нічога, дык адных гэтых радкоў хапіла, каб з такой яркай канкрэтнасцю выказаць усю пакутніцка-гераічную сутнасць мінулай вайны». |