* Аповесць «Лабірынты»
Аповесць «Лабірынты»
У 1920-я гады ў нацыянальнай літаратуры пачаліся пошукі альтэрнатывы беларускаму «сялянскаму» міфу. Даследчыцы Ганна Бутырчык, Марына Казлоўская ўказвалі, што асэнсаванню дваістасці беларускай ідэнтычнасці, яе разарванасці паміж Усходам і Захадам прысвечана знакамітае эсэ Ігната Абдзiраловiча (Канчэўскага) «Адвечным шляхам. Даследзіны беларускага светагляду» (1921), у якім аўтар заклікаў шукаць адметную беларускую форму быцця і, адпаведна, творчасці. Фактычна, адказам на гэты заклік і адначасова варыянтам «высокага»/ «крывіцкага» міфа ў 1923 годзе стала аповесць Вацлава Ластоўскага «Лабірынты», у якой пісьменнік шукаў «выйсця крыніц» у дахрысціянскія часы, калі яшчэ не было гэтага выбару паміж Усходам і Захадам. Змагаючыся з комплексам беларускай нацыянальнай непаўнавартаснасці, пісьменнік ператварыў Крыўю (Крывію) у калыску еўрапейскай культуры, у край, што ўжо ў старажытнасці меў надзвычай развітую навуку і культуру, сляды якой хаваюць полацкія лабірынты.
Назва аповесці — «Лабірынты» (1923) — для нашай літаратуры не новая. Ёсць звесткі, што ў 1625 годзе беларускі аўтар Тамаш Іяўлевіч у кракаўскай друкарні выдаў утапічную паэму «Лабірынт, або Заблытаная дарога». Аповед вёўся ад імя Мудрасці, а лабірынт — гэта форма светабудовы, адкуль не знаходзіць выйсця аблуднае (грэшнае, недасканалае. — Аўт.) чалавецтва.
Даследчыкі па-рознаму вызначалі жанр аповесці Вацлава Ластоўскага — фантастычная або прыгодніцка-гістарычная аповесць, нават містыфікацыя гісторыка-міфалагічнага тыпу, але найбольш дакладным выглядае жанр літаратурна-філасофскай утопіі, дзе выявіўся ідэальны, на думку пісьменніка, грамадскі лад.
Паводле меркавання даследчыка Пятра Васючэнкі, «Лабірынты» набліжаюцца да інтэлектуальнага дэтэктыва — таго жанру, у якім створаны, напрыклад, сусветна вядомы раман італьянца Умберта Эка «Імя ружы». Можна казаць і пра наяўнасць у творы прымет сінтэтычнага рамана — той умоўнай жанравай мадыфікацыі, існаванне якой прыпадае на мяжу ХХ—ХХІ стагоддзяў. Сінтэтычны раман якраз і закліканы аб’яднаць у сабе тыпалагічныя рысы розных жанраў і тым самым прымірыць элітарную і масавую літаратуру. Фактычна Ластоўскі, стварыўшы «Лабірынты», зазірнуў у літаратурную будучыню.
Ён нібы прадбачыў той род літаратурнай гульні, пры якой канструююцца неіснуючыя мовы і краіны, ад імя класікаў пішуцца новыя тэксты або наяўныя творы прыпісваюцца выдуманым творцам. Ластоўскі меркаваў стварыць своеасаблівы «гіпертэкст» — белетрызаваць беларускую міфалогію, скласці беларускую «Калевалу»1. У англійскай літаратуры падобную звышзадачу паставіў і выканаў Джон Р. Р. Толкін («Уладар Пярсцёнкаў»2).
Паводле сюжэта, галоўны герой прыехаў у Полацк, каб больш даведацца пра гісторыю, і ў гасцях у мясцовага гісторыка Івана Іванавіча ён пазнаёміўся з Падземным чалавекам, які адкрыў яму важныя таямніцы.
Навукоўцы гавораць. «Вацлаў Ластоўскі з яго аповесцю адыграў вядучую ролю ў станаўленні міфа пра Полацкі Лабірынт. <…> Літаратура, паводле шматлікіх назіранняў, не толькі канстатуе жыццёвыя факты, але і пераўтварае рэчаіснасць у адпаведнасці са сваёй зададзенасцю, са сваёй матрыцай. Літаратурны твор у такім выпадку выглядае і як праект, здзяйсненне якога — справа выпадку і часу. <…> Полацкі Лабірынт у трактоўцы Ластоўскага быў адным з цэнтральных артэфактаў, на якім грунтавалася яго крыўская тэорыя» (Пятро Васючэнка). |
Вацлаў Ластоўскі ў «Лабірынтах» прапанаваў фантастычную ідэю: у беларусаў калісьці быў залаты век, і ён не скончыўся, а працягваецца, толькі ў іншым вымярэнні, і схаваны ад выпадковых гледачоў: «Нашы продкі перажылі стадыю высокай культуры. Як довад магу прывесці, што дагэтуль сярод нашага простага народа, які паўтысячы лет ходзіць у чужым ярме, дагэтуль маюцца ўласныя назовы важнейшых нябесных знакаў. <…> Назоў гэтых захавалася многа. А што гэта знача? Гэта знача, што быў калісь час, калі ў нас працвітала астралогія, глыбокае знанне якой з’яўлялася прывілеем класа вучоных, але была адначасна, мабыць, ведай, даступнай для ўсіх станаў (саслоўяў. — Аўт.)».
Пісьменнік у творы выступаў прыхільнікам язычніцтва як першаасновы для гарманічнага жыцця беларуса. Паколькі славянская міфалогія захавалася фрагментарна, Ластоўскі рэканструяваў значную частку яе пантэона. У перапляценні фантастычных і язычніцкіх элементаў можна таксама заўважыць элементы масонскіх рытуалаў (так, нават «Археалагічная вольная контэрфратэрнія» — гэта брацтва абраных, пасвечаных у таямніцы духу.
Сакральнымі аб’ектамі з’яўляліся і першыя лабірынты, гэта звычайна падземнае, пахавальна-культавае збудаванне з разгалінаванай сеткай хадоў, адкуль цяжка або нават немагчыма адшукаць выйсце; у фальклоры і літаратуры розных народаў існуюць сюжэты пра тое, як у цэнтры лабірынта захоўваецца таямніца, якую можа адкрыць галоўны герой. Выйсці з лабірынта — яшчэ больш складаная задача, чым трапіць у яго.
«У лабірынтах схавана тайна вечнага жыцця. Безумоўна, маецца на ўвазе не вечнае фізічнае існаванне чалавека, а вечнае духоўнае жыццё нацыі, якое ніколі не перарываецца, незалежна ад знешніх умоў. Менавіта гэта тайна становіцца вядомай герою В. Ластоўскага», — так словамі сучаснай літаратуразнаўцы Вольгі Барысенкі можна расчытаць ідэйна-сімвалічны код аповесці Вацлава Ластоўскага.
Літаратурныя сувязі. Ідэі пісьменніка пра Беларусь як Крывію знайшлі сваё адлюстраванне ў літаратуры. «О, Вільня, крывіцкая Мекка»... — усклікаў Уладзімір Жылка. «Ад Крывіцкіх балотаў да тундраў Сібіры», — пісаў Уладзімір Дубоўка. Міхась Зарэцкі назваў свой гістарычны раман «Крывічы».
Іван Навуменка, наследуючы Ластоўскаму, паўтарыў спробу рэканструкцыі нацыянальнай мовы і гісторыі: «Пры дапамозе мовы можна даказаць, што народы, якія насяляюць старую Еўропу, блізкія, родныя, няма сярод іх вышэйшых, якія верхаводзілі, і ніжэйшых, што падпарадкоўваліся» (Паводле Вольгі Барысенкі). |
________________________