* Аповесць «Дзве душы»
Аповесць «Дзве душы»
Максім Гарэцкі паказаў, як у вырашальныя моманты гісторыі грамадскае жыццё пераплятаецца з асабістым і прыватным.
Ігнат Абдзіраловіч знаходзіцца ў сітуацыі палітычнага і маральнага выбару: з аднаго боку, ён разумее ўсю сацыяльную несправядлівасць, але тыя гвалтоўныя метады, якімі змагаюцца рэвалюцыянеры, яму не блізкія. Так, Гаршчок і Гарэлік, напіўшыся, выхваляліся тым, як забівалі людзей у мэтах рэвалюцыі. У выніку Абдзіраловіч разышоўся і з камуністамі, і з нацыянальнай інтэлігенцыяй. А Васіль, які пачаў жыццё пастухом і стаў у выніку рабочым, якраз падтрымаў хуткія сацыяльныя пераўтварэнні.
|
Героі-адраджэнцы былі вельмі розныя. Радыкальны Сухавей, для якога мэта вышэй за сродкі, які не кіруецца гуманізмам ва ўчынках, — экстрэміст, адарваны ад народа. Натхнёная Ірына Сакавічанка лічыла, што праца на ніве беларускага адраджэння патрабуе поўнай аддачы і што рэвалюцыя не час для кахання. Больш узважана да справы падыходзіў Мікола Канцавы. Ён меркаваў, што ў адраджэнні да нацыянальных пытанняў трэба далучыць сацыяльныя і арыентавацца не толькі на сялян, але і на мяшчан.
У філасофска-псіхалагічнай аповесці «Дзве душы» Максім Гарэцкі спрабаваў выпрацоўваць і паглыбляць нацыянальна-адраджэнскую канцэпцыю. Ён шукаў прычыны палітычнай абыякавасці беларусаў у барацьбе за пабудову нацыянальнай дзяржавы. Пісьменнік спрабаваў растлумачыць, як сялянскі фаталізм, залішняя паслухмянасць прывялі да фарміравання грамадскай пасіўнасці.
|