§ 10. Вільготнасць паветра
Прыборы для вымярэння вільготнасці. Адносную вільготнасць паветра звычайна вымяраюць псіхрометрам, які складаецца з двух тэрмометраў — сухога і вільготнага (мал. 61). Сухі тэрмометр паказвае тэмпературу паветра. Рэзервуар вільготнага тэрмометра абгорнуты тканінай, якую змочваюць вадой. Вада з тканіны выпарваецца, у выніку чаго тэрмометр ахалоджваецца. Чым меншая адносная вільготнасць паветра, тым больш інтэнсіўна выпарваецца вада і тым мацней ахалоджваецца вільготны тэрмометр. І наадварот — пры вялікай адноснай вільготнасці паветра вільготны тэрмометр ахалоджваецца нязначна.
Пры 100 %-най адноснай вільготнасці вада і яе пара знаходзяцца ў дынамічнай раўнавазе, і паказанні абодвух тэрмометраў супадаюць.
Ведаючы паказанні сухога і вільготнага тэрмометраў, адносную вільготнасць паветра вызначаюць па спецыяльнай табліцы, якая называецца псіхраметрычнай (табл. 2).
Паказанні сухога тэрмометра, °С | Рознасць паказанняў сухога і вільготнага тэрмометраў, °С | ||||||||||
0 | 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | |
Адносная вільготнасць, % | |||||||||||
0 | 100 | 81 | 63 | 45 | 28 | 11 | — | — | — | — | — |
2 | 100 | 84 | 68 | 51 | 35 | 20 | — | — | — | — | — |
4 | 100 | 85 | 70 | 56 | 42 | 28 | 14 | — | — | — | — |
6 | 100 | 86 | 73 | 60 | 47 | 35 | 23 | 10 | — | — | — |
8 | 100 | 87 | 75 | 63 | 51 | 40 | 28 | 18 | 7 | — | — |
10 | 100 | 88 | 76 | 65 | 54 | 44 | 34 | 24 | 14 | 5 | — |
12 | 100 | 89 | 78 | 68 | 57 | 48 | 38 | 29 | 20 | 11 | — |
14 | 100 | 89 | 79 | 70 | 60 | 51 | 42 | 34 | 25 | 17 | 9 |
16 | 100 | 90 | 81 | 71 | 62 | 54 | 45 | 37 | 30 | 22 | 15 |
18 | 100 | 91 | 82 | 73 | 65 | 56 | 49 | 41 | 34 | 27 | 20 |
20 | 100 | 91 | 83 | 74 | 66 | 59 | 51 | 44 | 37 | 30 | 24 |
22 | 100 | 92 | 83 | 76 | 68 | 61 | 54 | 47 | 40 | 34 | 28 |
24 | 100 | 92 | 84 | 77 | 69 | 62 | 56 | 49 | 43 | 37 | 31 |
26 | 100 | 92 | 85 | 78 | 71 | 64 | 58 | 51 | 46 | 40 | 34 |
28 | 100 | 93 | 85 | 78 | 72 | 65 | 59 | 53 | 48 | 42 | 37 |
30 | 100 | 93 | 86 | 79 | 73 | 67 | 61 | 55 | 50 | 44 | 39 |
Як зменіцца рознасць паказанняў тэрмометраў псіхрометра ў кабінеце фізікі пасля вільготнага прыбірання?
Жывыя арганізмы і расліны вельмі адчувальныя да адноснай вільготнасці паветра. Найбольш спрыяльная для чалавека адносная вільготнасць пры тэмпературы паветра 20–25 °С складае 40–60 %.
Пры высокай вільготнасці, асабліва ў спякотны дзень, выпарэнне вільгаці з паверхні скуры адбываецца з цяжкасцю, што вядзе да парушэння надзвычай важных біялагічных механізмаў рэгулявання тэмпературы цела.
Пры нізкай вільготнасці адбываецца інтэнсіўнае выпарэнне з паверхні цела і высыханне слізістай абалонкі носа, гартані, лёгкіх, што пагаршае самаадчуванне. Нізкая вільготнасць спрыяе развіццю патагенных мікраарганізмаў, што таксама небяспечна для чалавека. У выпадку нізкай вільготнасці паветра інтэнсіўнасць выпарэння з лістоў раслін павялічваецца, і пры малым запасе вільгаці ў глебе яны хутка вянуць і засыхаюць.
Вільготнасць паветра трэба ўлічваць і ў розных тэхналагічных працэсах, такіх, напрыклад, як сушка і захоўванне гатовых вырабаў. Сталёвыя вырабы пры высокай вільготнасці хутка ржавеюць. Захаванне твораў мастацтва і кніг таксама патрабуе падтрымання аптымальнай вільготнасці паветра. Вялікае значэнне мае вільготнасць у метэаралогіі для прадказання надвор’я. Калі паветра каля паверхні Зямлі ахалоджваецца ніжэй пункта расы, то могуць утварацца туман, раса або іней.
1. Што называюць абсалютнай і адноснай вільготнасцямі паветра? У якіх адзінках іх вымяраюць?
2. Што называюць пунктам расы?
3. Як можна знайсці адносную вільготнасць паветра, калі вядомыя яго тэмпература і пункт расы?
4. Як змяняюцца абсалютная і адносная вільготнасці паветра пры яго награванні?
5. На якіх фізічных з’явах заснавана дзеянне псіхрометра?
6. Ці можна, выкарыстоўваючы псіхрометр, вызначыць адносную вільготнасць паветра, тэмпература якога ніжэй 0 °C?