АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ

* Бурлескна-травесційныя творы ў паэзіі ХІХ стагоддзя

Паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» — яркія прыклады бурлескна­травесційных твораў.

«Энеіда навыварат» — парадыйна­сатырычная паэма, напісаная не пазней за пачатак 1830­х гадоў.

Найбольш верагодны аўтар — ураджэнец Смаленшчыны Вікенцій Равінскі.

Сюжэт твора заснаваны на змесце паэмы «Энеіда» рымскага паэта Вергілія Марона. Вергілій расказаў гісторыю пра героя Траянскай вайны Энея, які пасля захопу грэкамі Троі, зведаўшы шматлікія прыгоды, патрапіў у Італію, дзе нібыта заснаваў магутную дзяржаву.

Да нашых дзён дайшоў толькі ўрывак «Энеіды навыварат» (палова першай песні), які вызначаецца грубаватым народным гумарам, іроніяй, багатай фразеалогіяй, гратэскным паказам персанажаў і, галоўнае, травесці — «пераапрананнем» так званых «высокіх» антычных вобразаў багоў і герояў у «нізкія» — хабарнікаў, зладзеяў, какетак, выпівох, лайдакоў, якіх тагачасны чытач мог убачыць у беларускіх сёлах і мястэчках. Траянцы ж, наадварот, паказаны аўтарам хоць і ў сатырычным ключы, але з сімпатыяй.

У сюжэце паэмы пераплецены рэаліі і персанажы антычнай і сучаснай аўтару гісторыі. Вельмі сакавітая мова твора. Напрыклад, вось якімі словамі гаворыць багіня Юнона:

«Ці ведаеш маё ты гора?       
   Эней з траянцамі плыве:          
Спіхні яго ты, сват, у мора, —
Няхай, паганец, воду п’е!»     

«Тарас на Парнасе» — гумарыстычнасатырычная паэма, створаная ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Твор спалучае ў сабе два планы — рэальна­побытавы і ўмоўна­фантастычны. 

У цэнтры сюжэта знаходзіцца палясоўшчык Тарас, які накіраваўся аднойчы ў пушчу, але дзіўным чынам патрапіў на Парнас — гару багоў і паэтаў. Вось як расказвае пра гэта галоўны герой:

Ляцеў, ляцеў — як разануўся, —
Аж стала зелена ўваччу!            
Ляцеў ці доўга я, ці мала,           
Таго ніяк не ўцямлю,                  
Але ўжо ладно рассвітала,        
Як я зваліўся на зямлю.             

Як і ў «Энеідзе навыварат», персанажы антычнай міфалогіі падаюцца Канстанцінам Вераніцыным у гумарыстычным, набліжаным да сялянскага светабачання выглядзе.

Таксама ў паэме сустракаюцца рэальныя імёны пісьменнікаў, паказваюцца праблемы ХІХ стагоддзя, што робіць твор актуальным для сучаснікаў паэта.

Вялікі ўплыў на літаратуру Беларусі другой паловы ХІХ стагоддзя аказала паўстанне 1863—1864 гадоў. Сярод яго правадыроў быў Кастусь Каліноўскі. Менавіта ён адным з першых зразумеў карысць роднага слова як самага кароткага шляху да душы селяніна. Каб абудзіць нацыянальную самасвядомасць беларусаў, Каліноўскі выдаваў газету «Мужыцкая праўда». Гэта палымяная публіцыстыка, дзе ўпершыню з «мужыком» вялася размова як з роўным, вольным чалавекам: «Дзецюкі! <...> Пыталі і пытаюць усе, што чуваці па свеце, хто нам, бедным мужыкам, дасць вольнасць. Но, праўду сказаўшы, мало хто хочэ сказаці так, як сумленне кажа — па справядлівасці. Мы мужыкі, браты вашыя, мы вам будзем гаварыць цэлую праўду, толька слухайце нас!» Асуджаны на смерць, паўстанец напісаў вядомыя «Лісты з­пад шыбеніцы» — своеасаблівы запавет беларускаму народу.

Паўстанне ўскалыхнула адраджэнскі нацыянальны рух. Нягледзячы на рэпрэсіі пасля яго і фактычны тэрор царскіх улад у адносінах да «нядобранадзейных» грамадзян, літаратура працягвала развівацца. У яе прыйшлі польскія пісьменнікі, якія пісалі пра беларусаў, Юзаф Крашэўскі — аўтар больш за сотню раманаў, Эліза Ажэшка — двойчы намінантка на Нобелеўскую прэмію, а таксама выдатны беларускі паэт Янка Лучына («Паляўнічыя акварэлькі з Палесся»), які пісаў на трох мовах.

Што аб’ядноўвала гэтых пісьменнікаў? Пазітывізм як ідэалогія малых спраў, няўхільнай эвалюцыі і развіцця. Рэвалюцыя не ўдаецца — значыць, патрэбна эвалюцыя, маленькія крокі наперад, добрыя, няхай і нябачныя справы. Пазітывізм выявіўся ў рэалізме, але своеасаблівым — пазітывісцкім. Побач з ім існаваў і крытычны рэалізм, прадстаўлены творчасцю Францішка Багушэвіча.

У 2018—2020 гадах рэдакцыя часопіса «Маладосць» сумесна з філалагічным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі праводзіла конкурс біяграфічных твораў, прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя, — «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя».