Францыск Скарына

* Развіццё беларускага кнігадрукавання

Сымон Будны і Васіль Цяпінскі – прадаўжальнікі справы Францыска Скарыны

 1. Якія канфесіі з’явіліся на тэрыторыі Беларусі падчас Рэфармацыі?
 2. Чым слаўныя Рыгор Хадкевіч і Заблудава, Бернард Ваяводка і Брэст, Мялецій Сматрыцкі і Еўе, Ян Кішка і Лоск?

Кнігадрукаванне на нацыянальнай мове пашырылася дзякуючы намаганням не толькі Францыска Скарыны, але і прадаўжальнікаў яго справы Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага. 

Яркі беларускі дзеяч Рэфармацыі Сымон Будны (каля 1530—1593) — бліскучы пісьменнік, таленавіты філолаг, вядомы філосаф і багаслоў. У юнацтве авалодаў некалькімі мовамі (царкоўнаславянскай, беларускай, польскай, грэчаскай, лацінскай, старажытнаяўрэйскай). Свой талент і схільнасць да навук прысвяціў спасціжэнню глыбінь тэалогіі, чым набыў агульнаеўрапейскую вядомасць. 

Сымон Будны таксама знакаміты як крытык і перакладчык. На старонках яго твораў разглядаліся працы папярэднікаў і сучаснікаў. Аўтар палымяна спрачаўся, пераконваў, абвяргаў. Нярэдка звяртаўся да гістарычных паралеляў, суправаджаў свае паведамленні каментарыямі, выкарыстоўваў прымаўкі і афарызмы.

На пачатку лета 1562 года ў Нясвіжскай пратэстанцкай друкарні, якая належала пану Мацвею Кавячынскаму, пры падтрымцы Мікалая Радзівіла Чорнага з’явілася першая на тэрыторыі Беларусі кніга «Катэхізіс, або Навука старадаўняя хрысціянская ад Святога Пісьма, для простых людзей мовы беларускай у пытаннях і адказах сабраная». «Катэхізіс» адрасаваны «простым людем» і дзецям «языка руского» — гэта адначасова дагматычна-багаслоўская праца, чытанка і падручнік.

Катэхізіс 
форма падачы матэрыялу 
ў пытаннях і адказах.

Кніга была з густам аздоблена, мела салідны аб’ём — больш за 500 старонак. Парадак раздзелаў кнігі знешне паўтараў вядомы «Вялікі Катэхізіс» 1529 года Марціна Лютэра. 

Праз тры месяцы выйшаў новы твор на старабеларускай мове «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам», але, на жаль, не захавалася ніводнага яго экзэмпляра.

 Кнігі Сымона Буднага, выдадзеныя ў Нясвіжы і Лоску («Катэхізіс», Нясвіж, 1562; «Аб дзвюх прыродах Хрыста», Лоск, 1574), былі папулярныя ў краінах Заходняй Еўропы.

Найбольш поўна Сымон Будны выявіўся як пісьменнік-публіцыст. Творчасць яго мела выразную гуманістычную і сацыяльную скіраванасць, а галоўнае месца адводзілася этычнай праблематыцы, сістэме каштоўнасцей і духоўных арыенціраў. 

 У публіцыстычных творах прапаведнік найчасцей звяртаўся да палітыка-прававых праблем: аптымальнай арганізацыі жыцця грамадства, функцыянавання дзяржавы і ўрадавых структур, узаемадачыненняў розных саслоўяў, адносін да прыватнай уласнасці. Будны абараняў ідэі антрапацэнтрызму — уяўлення аб чалавеку як галоўнай каштоўнасці, якому, згодна з Божай воляй, павінна падпарадкоўвацца ўсё жывое і нежывое. Таксама ён заклікаў, каб кожны чалавек узгадняў свае ўчынкі з Хрыстовымі запаведзямі, ні пры якіх абставінах не апускаў рукі, не бавіў час у адчаі і роспачы, а чыніў добрыя справы.

У прадмове да «Катэхізіса», звяртаючыся да князёў Радзівілаў, аўтар выступаў за выхаванне любові да мовы свайго народа, ужыванне яе ў набажэнствах, выказваў ідэю павагі да іншых моў і яднання са славянскімі народамі. Сымон Будны заклікаў вялікіх князёў акружаць сябе мудрымі і адукаванымі людзьмі, якія могуць даваць разумныя парады, аказваць дапамогу ў крытычныя для дзяржавы моманты. Важную ролю ў грамадстве асветнік адводзіў настаўнікам і пастырам, трапна параўноўваючы іх з «соллю зямлі»: як соль захоўвае тое, што ёю пасолена, каб не сапсавалася, так і настаўнік навучаннем захоўвае людзей ад духоўнай гнілі. «Катэхізіс» Сымона Буднага шырока абмяркоўваўся як мясцовымі прадстаўнікамі рэфармацыйнага руху, так і заходнееўрапейскімі філосафамі і багасловамі.

Васіль Цяпінскі (Амельяновіч) (каля 1540 — каля 1604) — выдатны філолаг і таленавіты перакладчык родам з Полаччыны. Васіль Амельяновіч атрымаў прозвішча Цяпінскі па назве родавага маёнтка Цяпіна каля Лепеля (цяпер Віцебская вобласць). Па сваіх поглядах Цяпінскі быў блізкі да Сымона Буднага, які стаў для яго і настаўнікам, і сябрам. Меў землі ў некалькіх паветах. Служыў малодшым афіцэрам коннай роты. Верагодна, Васіль Цяпінскі прадаў частку маёмасці, каб арганізаваць друкарню. Па веравызнанні ён быў пратэстантам.

З творчай спадчыны пісьменніка захаваліся рукапісная прадмова да Евангелля, адна старонка «Катэхізіса, або Сумы навукі для дзяцей у Ісусе Хрысце », а таксама няпоўны пераклад Новага Запавета.

Васіль Цяпінскі — прадаўжальнік традыцый Скарыны. Каля 1570 года ён набыў друкарню. Абапіраючыся на стараславянскія пераклады Бібліі Кірыла і Мяфодзія, пераклаў на беларускую мову Евангелле і выдаў са сваёй рукапіснай прадмовай і кароткімі каментарыямі. У кнігу ўвайшлі часткі Новага Запавета на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах. Новым для таго часу было размяшчэнне побач царкоўнаславянскага тэксту і старабеларускага перакладу, што спрыяла больш дакладнаму разуменню сэнсу. Як і Францыск Скарына, Васіль Цяпінскі змяшчаў на палях Евангелля глосы.

Сваю місію як перакладчыка і кнігавыдаўца Васіль Цяпінскі выклаў у прадмове да Евангелля. Яе пісьменнік бачыў у служэнні ісціне і свайму народу, які ён называе «высакародным, слаўным, дасціпным, сумленным».

У прадмове да Евангелля асноўную ўвагу Васіль Цяпінскі звяртаў на асветніцка-адукацыйныя і культурна-выхаваўчыя пытанні. У час разгортвання
паланізацыі непакоіўся пра ўмацаванне пазіцый беларускай мовы — заявіў пра неабходнасць развіцця пісьменства, літаратуры і навукі на роднай мове. Патрыятызм і годнае выкананне грамадзянскага абавязку пісьменнік лічыў фундаментам дзяржаўнасці і захавання традыцый. Друкар выказваў занепакоенасць станам школьнай адукацыі, даказваў, што яе развіццё і асвета моладзі выратуюць народ і дзяржаву, дапамогуць пераадолець грамадскі крызіс. Напрыклад, вось як эмацыянальна аўтар звяртаўся да «шляхетных паноў»: «...у звычайным клопаце аб недастатковасці навукі братам вашым (будзьце) прыкладам міласэрным... каб гэтаму вашаму народу, невуцтвам сапсаванаму і засмучанаму, дапамагчы... каб ні хабарам, ні подкупам дзеля займання пасад... а слову Божаму самі вучыліся і іншых (навучалі)».

 Прадмова да Евангелля — адзіная крыніца звестак пра погляды Васіля Цяпінскага.

Васіль Цяпінскі заклікаў магнатаў быць патрыётамі сваёй Айчыны: мець рашучасць і смеласць, «калі яна загіне, згінуць з ёю», але знайсці сілы і жаданне разам з ёю паўстаць.

Навукоўцы гавораць. Васіль Цяпінскі ў прадмове да Евангелля адзначае, што не ён, свецкая асоба, павінен быў выдаваць Богам адухоўленую кнігу, а тыя, «которым бы то властней учинити пристоело — митрополитове, владыки», або хтосьці з вучоных.

Зразумела, што Васіль Цяпінскі не з’яўляўся праваслаўным дзеячам. Але надрукаваная ім кніга прызначалася найперш для праваслаўных, якіх ён хацеў бачыць пратэстантамі. І тут ён лічыць сябе прадаўжальнікам справы Кірыла і Мяфодзія, перакладчыцкая, асветніцкая дзейнасць якіх была накіравана на… культуру славянскіх народаў… — сербаў, маскавітаў, валахаў1, балгар (Паводле Уладзіміра Кароткага).

__________________

Вала́хі — продкі ўсходне-раманскіх народаў; у славянскіх тэкстах часта — усе раманамоўныя народы.