§ 4-1. Комплексны аналіз тэксту

Практыкаванне 37-2

Прачытайце тэкст.

Быхаў — месца, якое варта наведаць

У паўднёвай частцы Магілёўскай вобласці на магутных берагах Дняпра знаходзіцца невялікі горад Быхаў. На першы погляд ён нічым не адрозніваецца ад сотні іншых раённых цэнтраў. Аднак быхаўская зямля мае вельмі цікавую гісторыю, яна ахутана захапляльнымі легендамі і паданнямі.

Упершыню Быхаў узгадваецца як умацаванае пасяленне ў 1370 годзе. Ёсць мноства версій паходжання назвы горада. Напрыклад, лічаць, што сваю назву Быхаў атрымаў ад слова «быхавіца» — так у Сярэдневякоўі называлі гарматы. Сапраўды, людвісарня ў Быхаве існавала даўно, яшчэ з тых часоў, калі ім кіравалі Хадкевічы. Невыпадкова нават на гербе горада адлюстраваны дзве скрыжаваныя гарматы.

Адна з галоўных славутасцей краю — Быхаўскі замак, які знаходзіцца на правым беразе Дняпра ў старажытнай частцы горада. Спачатку ён быў рэзідэнцыяй князя Хадкевіча, а пасля перайшоў ва ўладанне роду Сапегаў. Як у кожнага старажытнага замка, у Быхаўскай крэпасці ёсць свае легенды. Адна з іх апавядае пра тое, што перад пачаткам будаўніцтва замка на яго тэрыторыі былі пахаваны жывымі хлопец і дзяўчына. Расказваюць, што ў пачатку ХХІ стагоддзя некалькі турыстаў у сутарэннях крэпасці бачылі прывід маладой жанчыны.

Таксама Быхаў знакаміты тым, што ў горадзе захавалася каменная сінагога пачатку ХVII стагоддзя. Сам будынак выконваў некалькі функцый: рэлігійную і абарончую. Характэрна тое, што таўшчыня сцен складае 1,75 м. У Быхаўскай сінагозе захавалася біма — узвышэнне для чытання скрутка Торы. Толькі дзве такія сінагогі захаваліся ў Беларусі.

Магчыма, раскопкі, якія праводзяцца на тэрыторыі за́мка і сінагогі, развеюць некаторыя міфы і легенды, а можа, наадварот, нададуць ім новыя рысы таямнічага і нязведанага.

Быхаў вядомы і як ваенны гарадок. У новай частцы горада раней змяшчаўся аэрадром. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён знаходзіўся на другім месцы па стратэгічнай значнасці. Тут захоўвалася ядзерная зброя. У ангарах стаялі самыя перадавыя і хуткія знішчальнікі і звышгукавыя ракетаносцы.

З быхаўскай зямлёй звязана яшчэ нямала іншых цікавых фактаў аб гісторыі і культуры Беларусі (Паводле часопіса «Бярозка»).

1. Вызначце тэму і асноўную думку тэксту. Што перадае загаловак: тэму ці асноўную думку?
2. Вызначце тып маўлення, назавіце часткі, якія адпавядаюць тыповай кампазіцыйнай схеме.
Абгрунтуйце падзел тэксту на абзацы. Назавіце падтэмы, якія дапамагаюць раскрыць тэму. Вызначце, пра што гаворыцца ў кожнай з падтэм. Аформіце падтэмы ў выглядзе плана.
3. Назавіце адрасата і мэту тэксту. Як вы думаеце, ці дасягнуў аўтар пастаўленай мэты? Ці захацелася вам пабываць у Быхаве? Ці зацікавіў вас тэкст? Абгрунтуйце сваю думку.
Вызначце стыль маўлення. Як вы думаеце, ці адпавядаюць моўныя сродкі, выкарыстаныя аўтарам, пастаўленай мэце? Ці можна сказаць, што выкарыстаныя аўтарам моўныя сродкі з’яўляюцца характэрнымі для гэтага стылю?
4. Устанавіце значэнне слоў рэзідэнцыя, людвісарня, сутарэнне. Растлумачце напісанне слоў легенды, паданні, рэзідэнцыя, уладанні, нязведаны, стратэгічны, звышгукавыя ракетаносцы, займенніка сабе, правапіс вялікай літары ў тэксце, абгрунтуйце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах з пабочнымі словамі.