§ 30. ГЕАГРАФІЯ СЕКТАРА ІНФАРМАЦЫЙНА-КАМУНІКАЦЫЙНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ СВЕТУ
Узровень развіцця ІКТ у свеце і адрозненні паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца. Сусветны сегмент ІКТ атрымаў найбольш актыўнае развіццё на пачатку ХХІ ст. і з таго часу паказвае інтэнсіўны рост. Сусветны рынак інфармацыйных паслуг у развітых краінах падышоў да заканчэння інтэнсіўнага развіцця і перайшоў да задавальнення гэтымі паслугамі масавага спажыўца. Краіны, якія развіваюцца, не змаглі яшчэ ў поўным аб’ёме ўзняць узровень ІКТ-індустрыі да развітых краін. Яны імкнуцца пераадолець інфармацыйную адсталасць за кошт маштабнага ўкаранення камп’ютараў і інфармацыйных тэхналогій у эканоміку, навуку і хатнія гаспадаркі.
Адным з асноўных крытэрыяў, які характарызуе развіццё ІКТ, з’яўляецца ўзровень выкарыстання інтэрнэту (колькасць карыстальнікаў, хуткасць, кошт). Так, адбываецца рост колькасці абанентаў мабільнай сотавай сувязі і скарачаецца — фіксаванай тэлефоннай. Пры агульным росце колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў сёння ў свеце каля 50 % насельніцтва не мае доступу да яго. Няўхільна з 2010 г. адбываецца павелічэнне колькасці абанентаў мабільнай шырокапалоснай сувязі (мал. 207).
Існуе значны разрыў паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца, па ўзроўні развіцця ІКТ. Напрыклад, у развітых краінах у два разы больш абанентаў высакахуткаснай сувязі, чым у краінах, якія развіваюцца. Гэтыя адрозненні таксама істотныя ў выкарыстанні інтэрнэту. Колькасць хатніх гаспадарак, якія маюць падключэнне, у развітых краінах амаль удвая вышэйшая, чым у краінах, якія развіваюцца (мал. 208).
Значныя адрозненні існуюць паміж рэгіёнамі свету (мал. 209–211).


мабільнай сотавай сувязі па рэгіёнах,
2017 г., на 100 чал.

шырокапалоснай сувязі па рэгіёнах,
2017 г., на 100 чал.

інтэрнэт-карыстальнікаў па рэгіёнах,
2017 г., %
У большасці краін Афрыкі праверыць электронную пошту зможа толькі трэцяя частка насельніцтва. Менш за ўсё шанцаў далучыцца да інтэрнэту ў жыхароў Эфіопіі. Кошт мабільнага інтэрнэту тут складае 150 дол. ЗША ў месяц за 30 Гб. Адзіная краіна ў свеце, дзе інтэрнэт забаронены на дзяржаўным узроўні, — гэта КНДР. Замест яго створаны інтранэт (нацыянальная сетка) Кванмен.
![]() У свеце цікавага. У КНДР навіны, электронныя кнігі, свая пошукавая сістэма праходзяць праверку ў спецыяльным Цэнтры камп’ютарнай інфармацыі. Аднак для турыстаў зрабілі крок насустрач, дазволіўшы карыстацца тэлефонамі і мабільным інтэрнэтам унутры краіны. Да 2013 г. гаджэты трэба было здаваць на захоўванне ў аэрапорце. Сеткі Wi-Fi даступныя толькі на тэрыторыі замежных амбасад і міжнародных арганізацый. Да 2014 г. Wi-Fi можна было выкарыстоўваць без абмежаванняў, але закон зрабілі больш жорсткім з-за спроб грамадзян КНДР далучыцца да бясплатнага, а галоўнае — свабоднага інтэрнэту. Спробы злавіць сетку каля будынкаў консульстваў хутка спыніліся. |
Самы хуткі інтэрнэт у свеце зарэгістраваны ў Нацыянальным упраўленні па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы — НАСА (ЗША) — 91 Гігабіт/с, а самы павольны — у Іране (3 Мбіт/с).
Для комплекснай характарыстыкі ўзроўню развіцця ІК-сектара выкарыстоўваецца індэкс развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ICT Development Index — IDI). Гэта камбінаваны паказчык, які быў распрацаваны Міжнародным саюзам электрасувязі — спецыялізаваным падраздзяленнем ААН у галіне ІКТ. Ён уключае 11 паказчыкаў па трох асноўных раздзелах: доступ да ІКТ, выкарыстанне ІКТ і навыкі ІКТ. Напрыклад, паказчыкам доступу да ІКТ з’яўляецца колькасць абанентаў мабільнай сувязі на 100 чал., паказчыкам выкарыстання — працэнт карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт, паказчыкам навыкаў — сярэдняя працягласць навучання.
Па даных за 2017 г., Еўропа застаецца вядучым рэгіёнам у развіцці ІКТ. Краінамі з найбольш высокім узроўнем развіцця ІКТ у свеце з’яўляюцца Ісландыя, Рэспубліка Карэя, Швейцарыя, Данія і Вялікабрытанія. Самыя адсталыя краіны па развіцці ІКТ у свеце — афрыканскія дзяржавы Эрытрэя, ЦАР, Чад, Гвінея-Бісау, Бурундзі.