*§ 17-2. МІЖНАРОДНЫ ГАНДАЛЬ
Міжнародны гандаль у сістэме міжнародных адносін. У выніку гаспадарчых сувязей, паглыблення МГРТ, росту ўзаемазалежнасці паміж дзяржавамі ў сусветнай гаспадарцы фарміруюцца міжнародныя эканамічныя адносіны.
Міжнародныя эканамічныя адносіны ўяўляюць сістэму сувязей паміж нацыянальнымі гаспадаркамі асобных краін, а таксама паміж міжнароднымі эканамічнымі арганізацыямі і фінансавымі цэнтрамі. Гэтыя адносіны заснаваны на міжнародным геаграфічным падзеле працы. Яны накіраваны на рашэнне шматлікіх праблем развіцця чалавецтва і з'яўляюцца своеасаблівым звяном паміж нацыянальнымі эканомікамі дзяржаў і сусветнай гаспадаркай.
На развіццё міжнародных эканамічных адносін аказвае ўплыў шэраг фактараў. Асноўнымі з іх з'яўляюцца развіццё НТП; адрозненні ва ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця паміж краінамі; стан палітычнай абстаноўкі ў рэгіёнах свету; узмацненне ўплыву ТНК; умацаванне міжнароднай эканамічнай інтэграцыі; працэсы глабалізацыі.
У сучасных умовах міжнародныя эканамічныя адносіны становяцца ўсё больш разнастайнымі. Яны характарызуюцца некалькімі формамі (мал. 124-4). Найстарэйшай формай міжнародных эканамічных адносін паміж дзяржавамі з'яўляецца гандаль.
Міжнародны гандаль уяўляе сістэму міжнародных таварна-грашовых адносін у галіне абмену таварамі, сыравінай і паслугамі, якая складваецца са знешняга гандлю ўсіх краін свету. |
Гэты працэс цесна звязаны з інтэрнацыяналізацыяй гаспадарчага жыцця і інтэнсіфікацыяй міжнароднага падзелу працы ва ўмовах НТР.
Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Гандаль узнік у глыбокай старажытнасці. Магутным стымулам развіцця міжнародных гандлёвых адносін стаў пераход ад натуральнай гаспадаркі да таварна-грашовых адносін, а таксама стварэнне нацыянальных дзяржаў, усталяванне вытворчых сувязей як унутры краін, так і паміж імі. Адной з першых гандлёвых арганізацый, якія з'явіліся для абароны эканамічных інтарэсаў гандлю купецтва ў выніку дагавора Любека з Гамбургам у 1241 г., былі Ганзейскі саюз (Ганза). Галоўнымі апорнымі пунктамі саюза сталі гарады Бруге, Ноўгарад, Лондан, Берген. Членамі Ганзы ў розны час былі больш за 200 вялікіх і малых гарадоў, якія з'яўляліся самастойнымі тэрытарыяльна-палітычнымі адзінкамі і размяшчаліся галоўным чынам у басейне Паўночнага і Балтыйскага мораў. Ганзейскія купцы і кампаніі карысталіся пэўнымі правамі і прывілеямі. Лічаць, што гандаль стаў міжнародным у працэсе зараджэння сусветнага рынку ў XVI–XVIII стст. Галоўнымі цэнтрамі міжнароднага абмену таварамі былі італьянскія гарады Венецыя, Генуя і Фларэнцыя, нямецкія гарады Аўгсбург і Нюрнберг, гандлёвыя гарады Фландрыі (цяперашняй Бельгіі) і партовыя гарады Ганзейскага саюза на паўднёвым і ўсходнім узбярэжжы Балтыйскага мора. |
Значныя маштабы міжнародны гандаль набывае на рубяжы XVIII і XIX стст., калі міжнародныя таварна-грашовыя адносіны становяцца ўстойлівымі. На сучасным этапе міжнародны гандаль з'яўляецца найбольш развітой формай міжнародных эканамічных адносін.