§ 9. ФАКТАРЫ І ВІДЫ МІГРАЦЫІ НАСЕЛЬНІЦТВА
Міграцыйны пераход. Аналагічна тэорыі дэмаграфічнага пераходу чалавецтва ў розныя перыяды спрабавала даваць тлумачэнні прычынам і асаблівасцям міграцыі насельніцтва ў залежнасці ад змен сацыяльна-эканамічных умоў. Гэта знайшло адлюстраванне ў канцэпцыі міграцыйнага (мабільнага) пераходу В. Зялінскага (мал. 60).
Канцэпцыі дэмаграфічнага і міграцыйнага пераходу цесна ўзаемазвязаны і дапаўняюць адна адну.
Паразважаем. Дэмаграфічнае развіццё і роля міжнароднай міграцыі ў ім істотна адрозніваюцца ў развітых рэгіёнах і рэгіёнах свету, якія развіваюцца. Пацвердзіце ці аспрэчце дадзены выраз. |
Міграцыйны пераход — гэта эвалюцыя міграцыі насельніцтва, якая адлюстроўвае заканамерны пераход ад нізкай міграцыйнай рухомасці на аграрнай стадыі да яе росту ў перыяд індустрыяльнага і постындустрыяльнага грамадства ў выніку сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў. |
Згодна з канцэпцыяй, міграцыя насельніцтва перажывае пяць стадый развіцця, якія змяняюцца паралельна сацыяльным і эканамічным зменам у грамадстве (мал. 61).
На першай стадыі ў даіндустрыяльным грамадстве міграцыя абмежаваная. Маюць месца толькі нязначныя перамяшчэнні людзей па прылеглай тэрыторыі пры нязначным натуральным прыросце, высокай нараджальнасці і высокай смяротнасці насельніцтва. Гэту стадыю ўсе краіны свету да цяперашняга часу завяршылі.
Другая стадыя супадае з пачаткам дэмаграфічнага выбуху. Яна характарызуецца міграцыяй з вёскі ў горад, ростам перамяшчэнняў на больш далёкія адлегласці, агульным узрастаннем маштабаў міжнароднага міграцыйнага руху. Сёння на гэтай стадыі знаходзіцца невялікая колькасць найменш развітых краін пераважна Афрыкі (напр., Намібія, Эфіопія) і Азіі (напр., Бутан, Непал), і колькасць іх скарачаецца.
На трэцяй стадыі захоўваецца рух з вёскі ў горад пры хуткім узмацненні міграцыі паміж гарадамі. Маштабы міграцыі, у тым ліку міжнароднай, узрастаюць. Прысутнічаюць усе спалучэнні міграцыі гарадскога і сельскага насельніцтва. Гэта стадыя прадстаўлена ў большасці краін, Лацінскай Амерыкі, Азіі, шэрага краін Афрыкі, якія развіваюцца (напр., ПАР, Егіпет, Нігерыя), некаторых краінах з пераходнай эканомікай (напр., Польшча, Венгрыя, Расія, Украіна).
На чацвёртай стадыі ў познім індустрыяльным і постындустрыяльным грамадстве пры нязначным натуральным прыросце міграцыя з вёскі ў горад у пэўнай ступені захоўваецца, але мае малыя маштабы. Атрымлівае развіццё адваротны міграцыйны рух з горада ў вёску. Узрастаюць аб’ёмы міграцыі з больш буйных па колькасці насельніцтва гарадоў у больш дробныя. Адбываецца значны рост міжнароднай міграцыі. Гэта стадыя характэрная ў асноўным для развітых дзяржаў Еўропы (напр., Германіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў), часткова прадстаўлена ў ЗША. Шэраг найбольш развітых краін Лацінскай Амерыкі таксама набывае рысы гэтай стадыі (напр., Бразілія, Мексіка).
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыялы вучэбнага дапаможніка і карты атласа, назавіце краіны, якія знаходзяцца на другой, трэцяй і чацвёртай стадыях міграцыйнага пераходу. |
Пятая (заключная) стадыя разглядаецца як гіпатэтычная стадыя постындустрыяльнага грамадства. Для яе будуць характэрныя пераважна міжгарадская міграцыя і пэўныя перасяленні з горада ў вёску. Міжнародная міграцыя захоўваецца, але кантроль з боку дзяржавы ўзмацняецца.
У свеце цікавага. У сувязі з заключнай стадыяй развіцця міграцыі цікавасць уяўляе меркаванне італьянскага вучонага П. Прыні пра тое, што «выразнікам сутнасці нашай эпохі з’яўляецца хутчэй качэўнік — чалавек, які вандруе з краю ў край» і ў постындустрыяльным грамадстве «ўсе людзі, незалежна ад сваёй культуры, будуць мігрыраваць». З гэтым сцвярджэннем узгадняецца і канцэпцыя Трэцяга дэмаграфічнага пераходу Д. Коулмэна. |
Падвядзём вынікі. На міграцыю насельніцтва ўплываюць многія фактары, асноўным з якіх з’яўляецца ... . Міграцыі адрозніваюцца па ..., ..., ..., ..., ..., ... . Сярод паказчыкаў міграцыі вылучаюць тры асноўныя групы — паказчыкі маштабаў міграцыі, адносныя паказчыкі міграцыі, паказчыкі структуры міграцыі. Вылучаюць ... стадый міграцыйнага пераходу. Міграцыйны пераход уяўляе з сябе змену нізкай міграцыйнай рухомасці насельніцтва на аграрнай стадыі яе ростам у перыяд індустрыяльнага і постындустрыяльнага грамадства ў выніку сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў. |
Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя фактары міграцыі. 2. Што такое міграцыйны пераход? 3. Прывядзіце прыклады міграцый па прычынах. 4. Якія міграцыйныя працэсы характэрныя для вашай мясцовасці? |
Ад простага да складанага. На малюнку 62 схематычна прадстаўлена мадэль прыняцця рашэння аб міграцыі Э. С. Лі (1966). Вывучыўшы малюнак, адкажыце на наступныя пытанні: 1. Што пазначана знакамі плюс і мінус у кругах, якія сімвалізуюць рэгіёны выбыцця і прыбыцця мігрантаў? 2. Якія тры фактары могуць разглядацца як прамежкавыя перашкоды? |
Падарожжа па Глабальнай сетцы. Сайт Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. |
||
Сайт Прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Рэспубліцы Беларусь. |