§ 41. Хімічныя ўласцівасці глюкозы

Пытанні і заданні

1. Водны раствор арганічнага рэчыва А змяшалі са свежаасаджаным гідраксідам медзі(II). У выніку ўтварыўся раствор васількова-сіняга колеру. Пры награванні раствору адбылося ўтварэнне цагляна-чырвонага асадку. Прапануйце магчымую формулу рэчыва А і напішыце ўраўненні рэакцый, якія працякаюць.

2. У чатырох прабірках знаходзяцца водныя растворы этанолу, этаналю, этыленгліколю і глюкозы. Як пры дапамозе аднаго рэактыва ўстанавіць, якое рэчыва ў якой прабірцы знаходзіцца? Апішыце ход эксперыменту і з’явы, якія назіраюцца. Прывядзіце ўраўненні рэакцый, якія працякаюць.

3. Глюкоза, падобна спіртам, можа ўтвараць складаныя эфіры. Напішыце формулу складанага эфіру, утворанага адной малекулай глюкозы і пяццю малекуламі воцатнай кіслаты. Формулу глюкозы запішыце ў цыклічнай форме.

4. Кальцыевая соль глюконавай кіслаты — глюканат кальцыю — выкарыстоўваецца ў медыцыне для папаўнення дэфіцыту іонаў Ca2+ у арганізме. Напішыце структурную формулу глюканату кальцыю.

5. У працэсе спіртавога браджэння глюкозы вылучыўся вуглякіслы газ аб’ёмам 1,12 дм3 (н. у.).

а) Напішыце ўраўненне хімічнай рэакцыі, якая пры гэтым працякала.

б) Вылічыце масу атрыманага падчас браджэння этылавага спірту.

6. Разлічыце аб’ём этылавага спірту, які можа быць атрыманы са 100 г глюкозы, калі выхад этанолу ў працэсе браджэння роўны 55 %. Шчыльнасць этанолу 0,79 г/см3.