§ 34. Атрыманне і прымяненне насычаных аднаасноўных карбонавых кіслот

Прымяненне

Найбольш шырокае прымяненне мае воцатная кіслата. Вам напэўна вядома, што разбаўлены водны раствор воцатнай кіслаты, які называецца сталовы воцат, шырока выкарыстоўваецца ў побыце як прыправа да ежы і кансервант. Акрамя таго, воцатная кіслата выкарыстоўваецца для атрымання ацэтатнага шоўку (§ 44) і сінтэзу лекаў. Так, аспірын з’яўляецца складаным эфірам воцатнай кіслаты.

Складаныя эфіры карбонавых кіслот прымяняюцца ў якасці растваральнікаў і духмяных рэчываў.

Натрыевыя і каліевыя солі пальміцінавай і стэарынавай кіслот валодаюць мыйнымі ўласцівасцямі і з’яўляюцца састаўной часткай мыйных сродкаў.

Карбонавыя кіслоты могуць быць атрыманы акісленнем альдэгідаў і спіртоў.

Воцатную кіслату атрымліваюць акісленнем бутану кіслародам на каталізатары.