§ 28. Хімічныя ўласцівасці, атрыманне і прымяненне фенолу
Прымяненне фенолу
Асноўная частка фенолу выкарыстоўваецца для атрымання розных палімераў, з якіх вырабляюць пластмасы, валокны і іншыя карысныя матэрыялы.
Фенол выкарыстоўваецца таксама для атрымання лекавых прэпаратаў, фарбавальнікаў і іншых рэчываў.
Фенол з’яўляецца ядавітым рэчывам. Яшчэ больш небяспечнымі з’яўляюцца хлорвытворныя фенолу. Улічваючы, што хлор выкарыстоўваецца пры ачыстцы вады, забруджванне пітной вады фенолам уяўляе вялікую небяспеку. Таму важнай праблемай з’яўляецца ахова навакольнага асяроддзя ад прамысловых адходаў, якія змяшчаюць фенол.
У малекуле фенолу маецца гідраксільная група і бензольнае кольца, таму фенол праяўляе некаторыя ўласцівасці, характэрныя для спіртоў і араматычных вуглевадародаў.
Пад уплывам бензольнага кольца адбываецца памяншэнне трываласці сувязі O OH у малекуле фенолу ў параўнанні са спіртамі, таму кіслотныя ўласцівасці фенолу выяўлены мацней, чым у спіртоў. У адрозненне ад спіртоў, фенол узаемадзейнічае са шчолачамі.
Гідраксільная група малекулы фенолу ўплывае на бензольнае кольца, палягчаючы замяшчэнне атамаў вадароду ў становішчах 2, 4, 6, таму, у адрозненне ад бензолу, фенол абясколервае бромную ваду.
Фенол выкарыстоўваецца для атрымання пластмас, валокнаў, лекаў, фарбавальнікаў і іншых рэчываў.