§ 25. Мнагаатамныя спірты
Прымяненне этыленгліколю і гліцэрыны
Нягледзячы на знешняе падабенства і падабенства хімічных уласцівасцей, фізіялагічнае дзеянне этыленгліколю і гліцэрыны зусім рознае. Этыленгліколь ядавіты, у той час як гліцэрына нетаксічная і нават выкарыстоўваецца ў якасці харчовай дабаўкі (Е422).
Водныя растворы этыленгліколю маюць вельмі нізкую тэмпературу замярзання (да –70 °C). Дзякуючы гэтаму этыленгліколь прымяняецца ў якасці кампанента незамярзаючых вадкасцей — антыфрызаў, якія выкарыстоўваюцца ў ахаладжальных сістэмах аўтамабільных рухавікоў.
Гліцэрына добра паглынае вільгаць (валодае ўласцівасцю гіграскапічнасці). Таму яна выкарыстоўваецца ў якасці ўвільгатняючага кампанента пры вытворчасці розных мазей, крэмаў і іншых касметычных сродкаў.
Акрамя таго, этыленгліколь і гліцэрына выкарыстоўваюцца ў хімічнай прамысловасці ў якасці рэагентаў для атрымання іншых арганічных рэчываў.
Мнагаатамныя спірты, у адрозненне ад аднаатамных, змяшчаюць у малекуле некалькі гідраксільных груп. Найпрасцейшы двухатамны спірт — этыленгліколь; трохатамны — гліцэрына.
Як і аднаатамныя спірты, этыленгліколь і гліцэрына ўзаемадзейнічаюць са шчолачнымі металамі і галагенавадародамі.
У выніку рэакцыі паміж гліцэрынай і азотнай кіслатой утвараецца нітрагліцэрына. Нітрагліцэрына з’яўляецца сасударасшыральным сродкам, таму яна ўваходзіць у састаў лекавых прэпаратаў.
Якаснай рэакцыяй на мнагаатамныя спірты з’яўляецца ўтварэнне раствору васількова-сіняга колеру пры ўзаемадзеянні са свежаасаджаным гідраксідам медзі(II).