§ 25. Мнагаатамныя спірты

Мнагаатамныя спірты

У малекулах мнагаатамных спіртоў, у адрозненне ад аднаатамных, змяшчаецца не адна, а некалькі гідраксільных груп. Прывядзём формулы найпрасцейшых двухатамных і трохатамных спіртоў:

img

Звярніце ўвагу, што ў малекулах мнагаатамных спіртоў гідраксільныя групы знаходзяцца ў розных атамаў вугляроду. Рэчывы, у якіх дзве гідраксільныя групы злучаны з адным і тым жа атамам вугляроду, няўстойлівыя і не могуць быць атрыманы ў свабодным выглядзе. Такія рэчывы адразу ж адшчапляюць малекулу вады:

img

У сувязі з гэтым малекула двухатамнага спірту павінна змяшчаць не менш за два атамы вугляроду, трохатамнага — не менш за тры і г. д.

Найпрасцейшы двухатамны спірт называецца этыленгліколь, трохатамны — гліцэрына. Гэтыя рэчывы падобныя адно да аднаго па фізічных уласцівасцях і ўяўляюць сабой бясколерныя вязкія вадкасці. Паміж малекуламі мнагаатамных спіртоў, як і паміж малекуламі аднаатамных спіртоў, утвараюцца вадародныя сувязі, таму этыленгліколь і гліцэрына маюць высокія тэмпературы кіпення: 198 і 290 °С адпаведна. Палярныя гідраксільныя групы надаюць мнагаатамным спіртам растваральнасць у вадзе. Этыленгліколь і гліцэрына змешваюцца з вадой у любых суадносінах.

Назвы мнагаатамных спіртоў будуюць таксама, як і назвы аднаатамных. Наяўнасць у малекуле двух гідраксільных груп абазначаецца злучэннем -дыёл, трох — -трыёл і г. д. Назавём этыленгліколь і гліцэрыну па наменклатуры ІЮПАК:

img

Састаў малекул этыленгліколю і гліцэрыны адрозніваецца на групу CH img OH, а не СН2:

img

Гэта значыць, этыленгліколь і гліцэрына не з’яўляюцца гамолагамі. Бліжэйшым гамолагам этыленгліколю з’яўляецца прапандыёл-1,2:

img

Бліжэйшы гамолаг гліцэрыны — бутантрыёл-1,2,3:

img