§ 4. Кавалентная сувязь
Энергія і даўжыня кавалентнай сувязі
Важнейшымі характарыстыкамі кавалентнай сувязі з’яўляюцца яе энергія і даўжыня.
Энергія, якую неабходна затраціць для разрыву хімічнай сувязі, называецца энергіяй сувязі. Энергія сувязі вымяраецца ў кДж/моль. Чым больш трывалая сувязь, тым больш энергіі неабходна затраціць на яе разрыў, такім чынам, тым большая энергія сувязі.
Энергія кратных сувязей большая, чым адзінарных (табл. 4.1). Гэта цалкам зразумела, так як для разбурэння двух ці трох сувязей патрабуецца расходаваць больш энергіі, чым для разрыву адной сувязі.
Назва рэчыва | Структурная формула | Энергія сувязі вуглярод-вуглярод, кДж /моль | Даўжыня сувязі вуглярод-вуглярод, нм |
Этан | 350 | 0,154 | |
Этылен | 612 | 0,134 | |
Ацэтылен | 833 | 0,120 |
Атамы, злучаныя хімічнай сувяззю, знаходзяцца на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго. Адлегласць паміж ядрамі атамаў, якія ўтвараюць сувязь, называецца даўжынёй сувязі.
З даных табліцы 4.1 відаць, што ў радзе этан — этылен — ацэтылен з ростам кратнасці даўжыня сувязі вуглярод-вуглярод памяншаецца. Гэта значыць пры ўтварэнні кратных сувязей атамы мацней прыцягваюцца адзін да аднаго.