Літаратура эпохі Барока (XVІІ—XVІІІ стагоддзі)
* Барока ў беларускай літаратуры
Творам літаратуры барока былі ўласцівы складаная метафарычнасць, эмацыянальная напружанасць, драматызм; героі маглі трапляць у незвычайныя сітуацыі, падзеі — адбывацца ў экзатычных мясцінах; героем твора была асоба няўпэўненая, раздвоеная, якая вагалася паміж аптымізмам і песімізмам, паміж раскаванасцю і стрыманасцю.
З умацаваннем каталіцызму амаль спынілася рэлігійная палеміка, якая была ўласціва Адраджэнню. На змену міжканфесійнай перапісцы і водпаведзям прыйшлі свецкія сатырычныя творы-пародыі на жанры афіцыйнай літаратуры — сеймавыя прамовы, дзелавыя пасланні.
Парадыйна-сатырычная проза — праяўленне свядомай мастацкай творчасці з ярка выяўленымі рысамі барочнага стылю (гратэскнасць, шматзначнасць). Найбольш выразнымі прыкладамі палітычнай сатыры можна лічыць ананімныя «Прамову Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча».
Творцы эпохі барока карысталіся стараславянскай, польскай і лацінскай мовамі, прычым пераважала польская (нават мясцовае летапісанне ажыццяўлялася па-польску, напрыклад хронікі Магілёва і Віцебска). Таму вельмі важным крокам у развіцці беларускай літаратуры стала вершатворчасць на беларускай мове.
Паколькі хутка развівалася тэатральнае мастацтва, вылучыўся прыдворны тэатр, а пры дварах арыстакратыі нават былі створаны аркестры, то заканамерна, што адбывалася развіццё і драматургіі. У духоўных навучальных установах — калегіях — з’явіўся так званы школьны тэатр, які даў пачатак станаўленню школьнай драмы.