§ 26. Утварэнне слоў і іх ужыванне ў адпаведнасці з правіламі словаўтварэння

Практыкаванне 225

Прачытайце тэкст. Раскажыце, як утвараюцца новыя словы ў белару­с­кай мове, што лічыцца словаўтваральнай нормай.

Утварэнне новых лексічных адзінак у мове або ўзнаўленне ў пра­цэ­се маўлення тых, што ўжо існуюць, адбываецца паводле пэўных правіл словаўтварэння і на ўзор адпаведных мадэлей. Таму калі пад літаратурнай нормай разумець прынятыям ў маўленчай практыцы правілы вымаўлення, словазмянення, словаўжывання і г. д., то словаўтваральнай нормай трэба лічыць утварэнне слоў і іх ужыванне ў строгай адпаведнасці з правіламі словаўтварэння, што існуюцьф у беларускай літаратурнай мове.

Напрыклад, у перыядычным друку сустракаецца слова выступоў­ца ў значэнні і на ўзор утварэння слова прамоўца. Аднак калі пра­моўца ўтворана ад назоўніка прамова з дапамогай прадуктыў­нага ў сучаснай беларускайс мове суфікса -ц-(а) (прамова — прамоў-ц-а), то выступоўца можа быць суаднесена толькі з дзеясловам высту­піць (выступаць): выступіць — выступ-оўц-а. А суфікс -оўц-(а) не ўласцівы сло­ваўтваральнай сістэме беларускай мовы.

Як і ўсе літаратурныя нормы, словаўтваральныя нормы могуць мя­няцца. Толькі маўленчая практыка вырашае лёс таго ці іншага слова або запазычання, якія не адпавядаюць словаўтваральным сувязям і адносінам, што існуюць у сучаснай літаратурнай мове (Паводле А. Лукашанца).

 Раскрыйце значэнне тэрмінаў словаўтваральная сістэма, прадуктыўны суфікс.
• Складзіце схему першага сказа.