ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Літаратурны напрамак

Рамантызм

Прадстаўнікі рамантызму адмаўлялі строгія правілы класіцысцкіх твораў, бачылі навакольнае як адлюстраванне двух супрацьлеглых светаў — дасканалага ідэальнага і недасканалага рэальнага. Яны імкнуліся выявіць незалежнага героя, што безнадзейна змагаецца з рэчаіснасцю, грамадствам, якое яго не разумее. Гэты ідэаліст, адзінокі летуценнік, змагар называецца ў літаратуразнаўстве рамантычным героем. Вялікую долю ўвагі рамантыкі надавалі індывідуальнаму характару асобнага персанажа і народнаму характару. Цікавасць да нацыянальнай самабытнасці прывяла да распаўсюджвання твораў гістарычнай тэматыкі. Папулярнымі жанрамі рамантызму былі балада, паэма, элегія, раман, рамантычная казка.

У сусветнай літаратуры факт з’яўлення рамантычных твораў — гэта сведчанне нацыянальнага і культурнага самасцвярджэння этнасу. У беларускай літаратуры гэты факт засведчыла перш за ўсё паэзія Янкі Купалы.

У другой палове ХІХ стагоддзя з рамантычнай мастацкай сістэмай перасякаліся два новыя напрамкі — неарамантызм і сімвалізм. У беларускай літаратуры даволі ярка праявіўся неарамантызм. 

У пачатку ХХ стагоддзя прынцыпы рамантызму відазмяніліся пад уплывам сучаснасці: новыя рамантыкі (неарамантыкі) верылі ў моцную, яркую асобу, сцвярджалі адзінства ідэальнага і рэальнага, мары і явы.
Неарамантыкаў не задавальняў працэс дэгераізацыі літаратуры, заняпаду эпічных сюжэтаў — і яны імкнуліся абудзіць у чытачоў прагу подзвігу, імкненне да прыгод. Свет неарамантычнай літаратуры поўны загадак, нечаканасцей і небяспекі, але ў ім дзейнічаюць людзі, якія самі выбіраюць свой шлях, стараюцца не здрадзіць сабе, захаваць самапавагу. І таму іх жыццё аказваецца поўным, яскравым і прыцягальным.
Беларуская літаратура гэтага часу ўзбагацілася такімі творамі, як, напрыклад, зборнік Янкі Купалы «Спадчына», паэма «Курган», а таксама паэзіяй Цёткі, Максіма Багдановіча, прозай Міхася Зарэцкага (апавяданне «Дзіўная»). У другой палове ХХ стагоддзя традыцыі рамантычнага адлюстравання рэчаіснасці працягнуў Уладзімір Караткевіч (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха»).