Уводзіны

* ІІІ. Літаратурная крытыка

Заклікана ацаніць мастацкія тэксты. Часцей за ўсё гэта новыя творы, але бывае, што яны ўпершыню друкуюцца праз шмат гадоў пасля напісання, — і крытыка пачынае займацца імі пасля публікацыі. Задача літаратурных крытыкаў — аб’ектыўна, з навуковага пункту гледжання ацаніць поспехі, наватарства, знаходкі аўтара, параўнаць твор з іншымі падобнымі, паставіць яго ў кантэкст беларускай, а магчыма, еўрапейскай і сусветнай літаратуры, асэнсаваць яго значэнне для культуры і грамадства. Вядома, калі аўтарскаму тэксту не хапае пэўных істотных якасцей, літаратуразнаўцы могуць указаць на недахопы.

Канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў мастацтве слова. Літаратурны твор адлюстроўвае канкрэтныя падзеі — рэальныя або выдуманыя. Яны акрэсліваюць умовы аповеду або лірычнага перажывання і адлюстроўваюць пэўныя гістарычныя абставіны. Напрыклад, у аповесці Янкі Брыля «Сірочы хлеб» («Урокі пані Мар’і») канкрэтна-гістарычныя рэаліі Заходняй Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя паказаны праз апісанне школьнага навучання галоўнага героя — Даніка Мальца.

Нацыянальная адметнасць, самабытнасць у літаратуры праяўляюцца не толькі праз адлюстраванне знешніх асаблівасцей у абліччы або побыце народа, але перш за ўсё праз аўтарскае бачанне, якое заключае ў сабе духоўныя запаветы продкаў. Мастак праз уласны светапогляд, сфарміраваны на падставе поглядаў яго нацыі, узнімаецца да ідэй, агульных для ўсяго чалавецтва, і робіць зразумелай для іншых народаў спрадвечную мудрасць свайго.

Аўтар літаратурнага твора — носьбіт пэўнай культуры, нацыянальнай мовы, традыцый, і гэта накладвае пэўны адбітак на тое, як ён бачыць наваколле і разумее яго. Напрыклад, у некаторых афрыканскіх мовах спалучэнне «ссячы дрэва» перакладаецца як «забіць дрэва», таму што дрэва — вялікая каштоўнасць: яно ўказвае, дзе ў глыбіні пяскоў ёсць вада. Светапогляд беларусаў, нацыянальны каларыт вельмі ярка праявіліся ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля» і трылогіі Івана Мележа «Палеская хроніка». Таму гэтыя творы сталі называць энцыклапедыямі беларускага жыцця.

Пры гэтым кожная нацыянальная літаратура ўвасабляе агульначалавечыя каштоўнасці, менавіта таму чытачы здольны суперажываць носьбітам іншых культур і ім добра зразумелыя думкі і пачуцці герояў, створаных іншамоўнымі аўтарамі. Так праяўляецца агульначалавечае ў літаратуры.

Сёння існуе асобная філасофская навука, якая даследуе каштоўнасці, іх прыроду, месца ў свеце, сувязь з сацыяльнымі і культурнымі фактарамі, а таксама структурай асобы. Яна называецца аксіялогія — ад грэчаскіх слоў axios — ‘каштоўнасць’ і logos — ‘слова, вучэнне’. Гэты факт пацвярджае значнасць агульначалавечага ў культуры.

Такія агульначалавечыя каштоўнасці, як безумоўная любоў да людзей, павага да асобы і прызнанне індывідуальнасці, ярка выяўляюцца ў творчасці Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага. Праз гэта адзінства духоўных памкненняў, маральных арыенціраў замежныя чытачы здольны зразумець і ацаніць пераклады з беларускай мовы, а нашы суайчыннікі — глыбока суперажываць героям перакладаў з Андрэ Маруа, Стэфана Цвейга, Гіёма Апалінэра і інш.

«Вечныя вобразы» ў літаратуры. У культуры ёсць мастацкія вобразы-персанажы, якія маюць пазачасавыя характарыстыкі і ўвасабляюць іх настолькі ярка, што набылі агульначалавечае значэнне. Яны шматразова ўзнаўляліся ў розных літаратурах свету, і праз гэта многія сюжэты нацыянальных літаратур пераклікаюцца паміж сабой. Такія вобразы называюцца вечнымі.

Напрыклад, Праметэй — адзін з самых запатрабаваных беларускай літаратурай вечных вобразаў. Паводле міфа, Праметэй стварыў людзей з зямлі і вады, навучыў іх пісьму, медыцыне, будаўніцтву, навігацыі, астраноміі. Самы папулярны сюжэт — пра тое, як герой выкраў у багоў Алімпа агонь і перадаў людзям, а ўгневаны Зеўс загадаў прыкаваць яго да скалы. Матыў ахвяравання сабой дзеля іншых, дзеля прагрэсу заўжды натхняў пісьменнікаў — Вальтэра, Іагана Вольфганга Гётэ, Джорджа Байрана, Персі Біш Шэлі, Тараса Шаўчэнку, Міхайла Ламаносава.

У беларускай літаратуры вобраз Праметэя, яго подзвіг стаў вядучым у творах Янкі Купалы («Сон на Кургане»), Анатоля Вярцінскага («Зноў шлак халодны...», «Гефест — друг Праметэя», «Непраметэі»), Уладзіміра Караткевіча («Прарок Геронім Босх», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля»). Асабліва заўважны так званы праметэізм у творчасці Максіма Танка («Яны», «Праметэй», «Эстафета агню»).

Адным словам, нацыянальныя літаратуры, як кавалачкі мазаікі, ствараюць карціну сусветнага мастацтва. Яны могуць быць больш яркія і ўплывовыя або зусім невялікія, але без аднаго фрагмента выява будзе няпоўная. Беларуская літаратура прыўнесла ў гэта вялікае мастацкае палатно свой унікальны нацыянальны свет, які рухаецца вакол земляробчага календара, знаходкі народнай мудрасці, вобразы загадкавага князя-ваўкалака, мужнага гусляра, селяніна-гаспадара і гараджаніна ў першым пакаленні, інтэлігента і інтэлектуала, вобразы беларускай прыроды і многае іншае, што можна пазнаць, калі прачытаць творы беларускіх пісьменнікаў.