§ 1. Мова як грамадская з’ява. Функцыі мовы
Практыкаванне 5
Прачытайце ўважліва ўрывак з першай публікацыі паэмы Я. Коласа «Новая зямля» ў «Нашай ніве» (1912 г.). Параўнайце правапіс, граматычныя формы і асаблівасці словаўжывання з тымі, што лічацца правільнымі ў сучаснай беларускай мове.
Каля пасады лясьніковай
Цягнуўся зграбнаю падковай
Стары высокі лес цяністы.
Тут верх асіны круглалісты
Сплетаўся з хвоямі, з дубамі,
А ёлкі хмурнымі крыжамі
Высока ў небі выдзялялісь
I сумна з хвоямі шэпталісь.
Заўсёды смутные, як удовы,
Яны найбольш адны стаялі,
I так маркотна пазіралі
Іх задуменныя галовы.
Лес наступаў і разступаўся,
Лужком зялёным разрываўся
А дзе прыгожые загібы
Так міла шлі каля сядзібы,
Што проста б імі любаваўся.
Назавіце словы, правапіс і граматычныя формы якіх не адпавядаюць сучасным нормам літаратурнай беларускай мовы. Растлумачце адрозненні (вусна) і запішыце па ўзоры.
У з о р: лясьніковай — лесніковай.
Тлумачэнне. У сучаснай беларускай мове захоўваецца е ў другім пераднаціскным складзе, не перадаецца на пісьме памякчэнне с перад мяккім [н’].