§ 17-1. Рэлігіі і культура сярэднявечных цывілізацый Азіі
5. Культурная спадчына сярэднявечных цывілізацый Азіі
Народы Азіі ў перыяд Сярэднявечча дасягнулі сапраўдных вяршынь у развіцці культуры і ў розных галінах навукі. Напрыклад, у час крыжовых паходаў еўрапейцы многае запазычылі з Усходу — ад астранамічных ведаў да традыцыі карыстацца сродкамі асабістай гігіены, у прыватнасці мылам. Цяжка пераацаніць культурны ўнёсак народаў Усходу ў развіццё дакладных навук. Так, індыйцы сталі вынаходнікамі лічбаў, якія мы сёння выкарыстоўваем і называем арабскімі. Індыйскія матэматыкі ўвялі дробы і распрацавалі сістэму вылічэння плошчаў складаных фігур і аб'ёмаў цел.
Пяру вялікага мусульманскага вандроўніка Ібн Батуты належаць геаграфічныя апісанні вядомых яму краін свету. Арабы і кітайцы валодалі мастацтвам навігацыі. Кітайцы не толькі добра вывучылі прыбярэжныя воды Ціхага акіяна, але і здзейснілі ў XV ст. рэйд праз Індыйскі акіян да ўсходняга ўзбярэжжа Афрыкі.
У Азіі ўзніклі непаўторныя архітэктурныя традыцыі. Самымі шматлікімі пабудовамі ў Сярэднявеччы былі палацы правіцеляў, храмы і крэпасці. Распаўсюджванне ісламу спрыяла развіццю новых форм у архітэктуры — мячэцяў і маўзалеяў. Своеасаблівым узорам будысцкага храмавага будаўніцтва сталі пагады ў Кітаі і Японіі. У эпоху Сярэднявечча склаліся каноны японскага садова-паркавага мастацтва: у архітэктурных ансамблях палацаў сёгунаў і знаці вялікае значэнне надавалася садам і таму, як будынкі ўпісаны ў навакольны ландшафт.
Архітэктура Чан'ані, Багдада, Самарканда, Стамбула, Дэлі, Нары на стагоддзі вызначыла архітэктурныя стылі ў асобных частках Азіі.
У скарбонку сусветнай літаратуры ўвайшлі індыйскія эпасы «Рамаяна» і «Махабхарата», японскі зборнік вершаў «Збор мірыяд лісцяў», іранскі эпас «Шах-намэ», арабскі зборнік казак «Тысяча і адна ноч». Ва ўсім свеце вядома творчасць кітайскіх паэтаў Лі Бо і Ду Фу, персідскіх паэтаў Рудакі і Амара Хаяма. Аўтарамі шматлікіх папулярных у Японіі твораў былі прыдворныя дамы — пісьменніцы і паэткі.
Кнігадрукаванне было вынайдзена ў Кітаі задоўга да таго, як з'явілася ў Еўропе. У VII ст. кнігі тут выраблялі спосабам ксілаграфіі (атрыманне адбітку з разной дошкі), у IX ст. сталі ўжываць для друку керамічныя матрыцы, а затым і наборныя шрыфты. Найстаражытнай кнігай, надрукаванай спосабам ксілаграфіі, з'яўляецца будыйская «Алмазная сутра» (868 г.).
У Кітаі з'яўленне друку спрыяла выпуску першых папяровых грошай. Спачатку яны былі падобныя да даўгавых распісак, з часам банкноты атрымалі адзіную форму і намінал. Дзяржава стала іх актыўна выкарыстоўваць у Х ст. У шырокі ўжытак папяровыя грошы ўвайшлі пры хане Хубілаю. Ідэя іх выкарыстання стала важкім унёскам краін Азіі ў развіццё чалавецтва. Кітайцы таксама вынайшлі фарфор, вырабы з якога дзівілі сваёй вытанчанасцю і белізной і карысталіся попытам і ў Азіі, і ў Еўропе.
Рэлігіі адыгрывалі вельмі важную ролю ў жыцці сярэднявечных народаў незалежна ад рэгіёна. Менавіта рэлігіі вызначалі светаўспрыманне людзей таго часу, фарміравалі мадэлі паводзін людзей у грамадстве і паміж сабой, маральныя катэгорыі дабра і зла.