§ 15-3. Культура паўднёвых і заходніх славян
3. Архітэктура і жывапіс
З распаўсюджваннем хрысціянства ў славянскіх краінах пачало актыўна развівацца храмавае дойлідства. Яно было цесна звязана з развіццём і распаўсюджваннем насценнага жывапісу. На архітэктуру і жывапіс славянскіх народаў значны ўплыў аказалі заходнееўрапейскія і візантыйскія традыцыі.
Значныя змены ў дойлідстве былі звязаны з перыядам феадальнай раздробленасці. У гэты час кожны буйны́ феадал будаваў каменныя храмы, замкі, гарады, імкнучыся такім чынам вылучыцца сярод сваіх суседзяў.
Для славянскай архітэктуры XI—XII стст. быў характэрны раманскі стыль. Часта ён спалучаўся з мясцовымі традыцыямі, што прыводзіла да складвання самабытных архітэктурных школ.
На змену раманскаму стылю ў XIII ст. прыйшоў гатычны, які на працягу двух стагоддзяў быў дамінуючым на славянскіх каталіцкіх землях Цэнтральнай Еўропы. Найбольш выбітным помнікам таго часу стаў пражскі сабор святога Віта.
У Польшчы прыкладам гатычнага мастацтва служыць Марыяцкі касцёл у Кракаве (другая палова XIII ст.). Яго галоўны алтар быў створаны вядомым скульптарам Вітам Ствошам у канцы XV ст. і лічыцца шэдэўрам выяўленчага мастацтва гэтага перыяду.
Ідэі гуманізму аказалі значны ўплыў на славянскіх правіцеляў, а культура еўрапейскага Адраджэння — на культуру славян. Так, росквіт чэшскай культуры прыйшоўся на перыяд праўлення караля Карла IV. Сярод найбольш знакамітых помнікаў архітэктуры таго часу — Карлаў мост праз Влтаву (створаны ў 1357—1402 гг.), а таксама замак Карлштэйн, пабудаваны непадалёк ад Прагі.
Будаўніцтва праваслаўных храмаў суправаджалася развіццём фрэскавага жывапісу і іканапісу. У XII—XIV стст. у Другім Балгарскім царстве склаліся некалькі мастацкіх школ, галоўнае месца сярод якіх займала Тырноўская. У XIII — пачатку XVI ст. сфарміравалася свая школа жывапісу ў Сербіі. Шэдэўрамі сербскага сярэднявечнага мастацтва прызнаныя фрэскі царквы Ушэсця ў Мілешаве і Траецкай царквы манастыра ў Сапачанах.
Значную ролю ў жывапіснай культуры Сярэднявечча адыгрывалі кніжныя мініяцюры. Яны сталі важным складнікам зборніка евангельскіх тэкстаў «Вышэградскі кодэкс» (XI ст.). Па колькасці мініяцюр і афармленні ён належыць да найбольш цікавых рукапісаў сярэднявечнай Еўропы.
Найважнейшым дасягненнем, якое паспрыяла далучэнню славянскіх народаў да хрысціянскай і сусветнай культуры, стала стварэнне славянскага пісьменства. Першыя ўніверсітэты ў Цэнтральнай Еўропе ўзніклі ў XIV ст. і стымулявалі ўстанаўленне сувязяў з вядучымі навуковымі цэнтрамі Еўропы. Актыўнаму развіццю літаратуры, адукацыі і навукі славян на роднай мове спрыяў пачатак кнігадрукавання. Пасля рэлігійнага расколу 1054 г. адны славянскія дзяржавы звязалі свой лёс з каталіцызмам, другія з праваслаўем. Яны стварылі самабытную культуру, якая развівалася ў рэчышчы заходнееўрапейскіх і візантыйскіх хрысціянскіх традыцый.