§ 15-1. Рэлігія ў гісторыі славян
4. Уплыў рэлігіі на развіццё культуры
Прыняцце хрысціянства спрыяла далучэнню славян да традыцый заходнееўрапейскай і візантыйскай цывілізацый. Яно кардынальна мяняла асновы і традыцыі грамадства. Скасоўваючы Адкідаючы звычаі, звязаныя з язычніцтвам, хрысціянства патрабавала захавання строгіх маральных прынцыпаў. Разам з тым яно адчула на сабе ўплыў некаторых мясцовых традыцый і культаў.
Рэлігія садзейнічала ўмацаванню княжацкай улады, фарміраванню сістэмы феадальных адносін. Цяпер улада князя разглядалася як асвечаная Богам. Хрысціянізацыя вяла і да ўмацавання міжнародных пазіцый дзяржавы. Прыняўшы новую рэлігію, славянскія правіцелі былі пастаўлены ў адзін ранг з манархамі Еўропы, а славянскія краіны сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі палітычных працэсаў. Як і ў іншых хрысціянскіх дзяржавах, царква тут стала адыгрываць важную ролю ў гаспадарчым і палітычным жыцці.
З прыняццем хрысціянства пачала пашырацца граматнасць. У якасці мовы набажэнства выкарыстоўвалася царкоўнаславянская мова з пісьменнасцю, створанай Кірылам і Мяфодзіем. Пасля лацінскай і грэчаскай славянская мова стала трэцяй у Еўропе, на якой афіцыйна дазвалялася весці богаслужэнне хрысціянам.
Не менш важную ролю хрысціянскія традыцыі адыгралі ў развіцці архітэктуры і жывапісу. Пабудаваныя манастыры сталі цэнтрамі мясцовай культуры. У іх пісалі і перапісвалі кнігі, стваралі кніжныя мініяцюры. Пры іх фарміраваліся літаратурныя школы славянскіх народаў.
Варта адзначыць, што да XII ст. уплыў царквы на грамадства стаў вельмі значным. У перыяд раздробленасці духоўная ўлада царквы не аспрэчвалася мясцовымі князямі. Гэта сведчыла пра моцныя пазіцыі царквы ў грамадстве і пра тое, што яна аб'ядноўвала насельніцтва.
Пераход славян ад язычніцтва да хрысціянства адбываўся на працягу доўгага часу. У прыняцці хрысціянства была зацікаўлена кіроўная вярхушка, таму што яно давала абгрунтаванне ўлады вялікага князя і дазваляла выбудаваць сістэму падпарадкавання ў грамадстве. Прыняцце хрысціянства з Рыма ці Візантыі таксама вяло да павышэння міжнароднага статусу дзяржавы і паслаблення залежнасці ад суседніх магутных хрысціянскіх краін. З цягам часу роля духавенства ў грамадскім і палітычным жыцці ўзрастала. У перыяд палітычнай раздробленасці царква выступіла адным з фактараў аб'яднання насельніцтва. Прыняцце хрысціянства спрыяла далучэнню славян да еўрапейскай і візантыйскай культуры.