§ 12. Візантыя ў Сярэднявеччы
4. Праваслаўная царква ў Візантыі
Хрысціянская рэлігія справядліва лічылася адной з асноў развіцця духоўнага жыцця Візантыі. У імперыі панаваў праваслаўны (усходні) тып хрысціянства. Калі ў заходнім хрысціянстве кіраўніком царквы прызнаваўся епіскап Рыма, то праваслаўнай царквой кіравалі чатыры патрыярхі: канстанцінопальскі, александрыйскі, антыёхійскі і іерусалімскі. Гэта сведчыць пра так званую калегіяльную форму кіравання, паколькі найбольш важныя рашэнні патрыярхі прымалі разам. У той жа час фактычнае першынство ў гэтай калегіі належала патрыярху Канстанцінопаля. Але і яго паўнамоцтвы былі абмежаваны імператарскай уладай. Менавіта імператар меў права прызначаць на царкоўныя пасады і здымаць з іх. Ён мог склікаць царкоўныя саборы і зацвярджаў іх рашэнні. Такім чынам, свецкая ўлада кантралявала рэлігійнае жыццё ў імперыі.
Значным для развіцця грамадства было манаства. Манахі актыўна займаліся літаратурнай дзейнасцю. Яны пісалі арыгінальныя творы і перапісвалі працы антычных аўтараў. На пачатак ХІ ст. у імперыі налічвалася каля 7 тыс. манастыроў.
З умацаваннем хрысціянства ў суседніх дзяржавах Візантыя старалася паўплываць на іх. Старажытная Русь, Балгарыя і Сербія прынялі хрысціянства ад Візантыі. Візантыйскія царкоўныя дзеячы браты Кірыла і Мяфодзій у ІХ ст. стварылі на аснове літар грэчаскага алфавіта славянскую азбуку — кірыліцу, якой мы карыстаемся і цяпер. З грэчаскай на славянскія мовы перакладалася царкоўная і свецкая літаратура. Візантыйскія архітэктары ўзвялі першыя на Русі храмы з каменю.