§ 12. Візантыя ў Сярэднявеччы

2. Сацыяльныя адносіны ў Візантыі

На чале візантыйскага грамадства стаяў імператар, які быў абсалютным манархам-­самадзержцам. Ён лічыўся «богаабраным» і павінен быў несці перад Богам адказнасць за сваіх падданых. З цягам часу замест лацінскага слова «імператар» сталі выкарыстоўваць грэчаскі тэрмін «васілеўс».

Імператарская ўлада лічылася спадчыннай. Чыноўнікі, вышэйшая знаць і духавенства складалі «вярхі» візантыйскага грамадства. Васілеўс дараваў ім або землі, або штогадовыя выплаты з казны. У той жа час для Візантыі была характэрная барацьба за ўладу. Здаралася, што змоўшчыкі забівалі імператара і ўзводзілі на трон новага правіцеля.

Манарх кіраваў імперыяй з дапамогай вялікага штату чыноўнікаў. Такая велізарная бюракратычная сістэма патрабавала значных сродкаў на сваё ўтрыманне. Гэта выклікала рост падаткаабкладання. Да VII ст. сельская гаспадарка ў эканоміцы Візантыі стала грунтавацца на працы свабодных сялян-­абшчыннікаў. Яны валодалі ворнай зямлёй на правах прыватнай уласнасці, а таксама маглі карыстацца абшчыннымі ўгоддзямі і млынамі. На карысць дзяржавы яны плацілі падаткі — ​пазямельны і падушны. Існаваў прынцып кругавой парукі пры выплаце падаткаў. Акрамя таго сяляне павінны былі несці дзяржаўныя павіннасці: будаваць абарончыя ўмацаванні, дарогі, масты. Аднак з цягам часу яны траплялі ў асабістую залежнасць ад багатых землеўладальнікаў або ад дзяржавы. Існаваў таксама слой свабодных сялян-­арандатараў.