§ 56. Прычыны страты біялагічнай разнастайнасці
*Парушэнне асяроддзя пражывання
Парушэнне асяроддзя пражывання можа быць следствам як антрапагеннага ўздзеяння (высечка лясоў, асушэнне балот, узворванне стэпаў і цалінных зямель), так і натуральных прычын. У выніку звычныя месцы жыцця жывёл становяцца непрыдатнымі.
Пракладка газаправода без уліку міграцыі аленяў у тундры прывяла да таго, што жывёлы сталі збівацца перад трубой у вялізныя статкі, і нішто не магло іх прымусіць звярнуць з векавога шляху. У выніку загінулі шматлікія тысячы жывёл.
Адной з прычын парушэння асяроддзя пражывання з’яўляецца змяненне клімату і натуральная эвалюцыйная змена выглядаў флоры і фаўны. Гэта глабальная праблема, якая закранае ўсе дзяржавы. На змену лясам усё актыўней на тэрыторыю Беларусі пранікаюць стэпавая расліннасць і спадарожныя віды жывёл. У выніку гэтых змяненняў Беларусь пазбавілася такіх жывёл, як расамаха, лань, лясны кот. Вярнуць гэтых жывёл у беларускую прыроду з прычыны змянення клімату ўжо немагчыма.
Так, напрыклад, назіраецца скарачэнне колькасці курапаткі белай. Пры поўнай адсутнасці снежнага покрыва ў зімовы перыяд больш за 30 % гэтых птушак знішчаецца драпежнымі птушкамі. У час зімовых адліг у курапатак узрастаюць энергетычныя затраты на кормаздабыванне, бо парасткі верб, якія з’яўляюцца іх асноўным кормам у зімовы перыяд, губляюць крохкасць, і птушкам значна цяжэй іх скусваць, што пагаршае ўмовы зімоўкі.