7–1. Светаўспрыманне і рэлігіі антычнасці

3. Старажытнагрэчаская філасофія

Веліч старажытнагрэчаскай цывілізацыі была ў тым, што ў адрозненне ад іншых старажытных народаў, грэкі паставілі пад сумнеў міфалогію, ідэі пра боскі ўплыў на жыццё чалавека і паспрабавалі растлумачыць усё, што адбываецца ў свеце, рацыянальна, г. зн. з дапамогай навукі.

Некаторыя грэчаскія філосафы нават сумняваліся ў існаванні багоў. Напрыклад, Пратагор, які жыў у V — пачатку IV ст. да н. э., пісаў: «Адносна багоў я не ведаю, існуюць яны ці не, таму што ёсць шмат рэчаў, якія перашкаджаюць разуменню гэтага: незразумеласць прадмета і кароткасць чалавечага жыцця».

Філосафаў займала пытанне пошуку першаэлемента, які даў пачатак свету. Так, ва ўяўленні Фалеса першаэлементам была вада, якая ў выніку бясконцых змяненняў стварае ўсё, што чалавек бачыць вакол сябе. Другі філосаф, Анаксімен, лічыў першаэлементам паветра, якое, згушчаючыся, утварае ваду, зямлю, камяні і іншыя рэчы. Геракліт выказаў меркаванне, што свет знаходзіцца ў пастаянным руху і зменах: «Усё цячэ, усё змяняецца».

У пошуках адказу на пытанне пра паходжанне і ўладкаванне свету ў старажытнагрэчаскай філасофіі сфарміраваліся два напрамкі: матэрыялізм і ідэалізм. Матэрыялістычныя ідэі адстойваў Дэмакрыт, які лічыў, што свет складаецца з драбнюткіх матэрыяльных часціц — атамаў, якія знаходзяцца ў пастаянным руху. Фактычна гэта адмаўляла ўдзел багоў у працэсе стварэння свету. Прадстаўнікі ідэалізму — у тым ліку Сакрат і Платон — лічылі, што свет, які існуе, з'яўляецца копіяй ідэальнага свету, створанага боскім розумам. Вядомы грэчаскі філосаф Арыстоцель, настаўнік Аляксандра Македонскага, паспрабаваў злучыць ідэалістычны і матэрыялістычны падыходы, сцвярджаючы, што аснова свету — матэрыяльная, але першаштуршком да яго развіцця стала боская воля.

Філосафаў Старажытнай Грэцыі цікавілі не толькі пытанні паходжання і ўладкавання свету, яны таксама займаліся вызначэннем месца чалавека ў свеце, маральным абгрунтаваннем учынкаў людзей. Ролю грамадзян у жыцці поліса вызначыў гісторык Фукідзід, які лічыў, што дзяржава — гэта перш за ўсё людзі. Філосаф Пратагор называў чалавека вышэйшай каштоўнасцю: «Чалавек ёсць цэнтр Сусвету і мера ўсіх рэчаў».