*§ 55—1. Экалагічныя праблемы лесу
Экалагічныя праблемы лесу
1500 гадоў назад лясы займалі 7 млрд га плошчы сушы. Сёння — не больш за 4 млрд га. Гэта складае прыкладна 27 % паверхні сушы. У Беларусі ў цяперашні час лясы займаюць 41,4 % агульнай плошчы дзяржавы. Каля 5,2 % ляснога фонду належыць запаведнікам і нацыянальным паркам. Ва ўмовах Беларусі 1 га лесу ў сярэднім у год вылучае каля 35 млн т кіслароду.
Знікненне лясоў — сусветная экалагічная праблема. За апошнія 25 гадоў адзначаецца рэзкае скарачэнне плошчы лясных угоддзяў. Адна з прычын — змяненне клімату. У Беларусі сярэднегадавая тэмпература за апошнія два дзесяцігоддзі павялічылася прыкладна на 1,3 ºC. Колькасць ападкаў, за выключэннем паўночных раёнаў, скарацілася на 2—6 %. У выніку гэтага назіраецца зрух кліматычных зон. Працяглыя засушлівыя ўмовы правакуюць рэзкае паніжэнне ўзроўню грунтавых вод. Ва ўмовах абмежавання доступу вады і пажыўных рэчываў, хранічнага недахопу атмасфернай вільгаці для транспірацыі дрэвы губляюць свае ахоўныя механізмы і пачынаюць усыхаць.
Усыханне лясоў — праблема не толькі Беларусі. Гэта з’ява, што назіраецца ў апошнія 15—20 гадоў, закранула шмат якія дзяржавы Еўропы.
У выніку — бураломы і пашкоджанні драўніны жукамі караедамі. Караеды выбіраюць аслабленыя адзіночныя дрэвы (хвойныя пароды) для сваіх атак. Старыя павалы, сухія і хворыя дрэвы становяцца ачагамі размнажэння жука. Штогод па ўсёй краіне губляецца да 20 тыс. га яловых лясоў.
У апошнія гады колькасць жукоў караедаў рэзка ўзрасла. Яны пашкоджваюць усё новыя масівы лесу. Каб супрацьстаяць наступленню караедаў, высякаюцца тысячы гектараў дрэвастою. Гэта служыць прычынай скарачэння лясных масіваў.
У цяперашні час адзначаецца рост нагрузак на лясныя экасістэмы з боку чалавека. Асноўнымі фактарамі ўздзеяння з’яўляюцца: высечка, браканьерства, пажары, выкарыстанне лясных зямель пад сельскагаспадарчыя ўгоддзі, прамысловае і горадабудаўніцтва, забруджванне лясных масіваў прамысловымі (уключаючы і радыенукліды) і бытавымі адходамі.
Лясныя пажары прыносяць вялікую шкоду лясной гаспадарцы Рэспублікі Беларусь. Яны ўзнікаюць, галоўным чынам, у сувязі з засухамі ў летні перыяд і ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём.
Часцей за ўсё лясныя пажары ўзнікаюць па віне людзей, якія пакідаюць непатушаныя вогнішчы ці акуркі ў месцах адпачынку або правядзення работ, пры гульнях дзяцей з агнём, спальванні смецця ўладальнікамі садовых участкаў на ўзлесках. У рэдкіх выпадках лясныя пажары ўзнікаюць у выніку натуральных прычын: удару маланкі, самазагарання тарфянішча. У Беларусі экстрэмальныя пажаранебяспечныя сезоны назіраюцца 2—3 разы ў дзесяцігоддзе. Штогод узнікае ў сярэднім 850 лясных пажараў, якія ахопліваюць плошчу да 22 тыс. га.
Высечка лясоў. Для атрымання драўнянай сыравіны ў Беларусі штогод высякаецца 28—30 тыс. га спелых дрэвастояў. На плошчах, якія высякаюцца, штогод высаджваецца да 20—25 тыс. га дрэвавых культур, а на астатніх плошчах адбываецца натуральнае зарастанне. У цяперашні час у Беларусі натуральныя згуртаванні лясоў складаюць каля 52 %, а штучныя — 48 %.