*§ 49—1. Паняцце аграэкасістэмы. Адметныя асаблівасці аграэкасістэм ад прыродных экасістэм
Структура аграэкасістэмы
Аграэкасістэмы з’яўляюцца біясістэмамі таго ж узроўню арганізацыі, што і прыродныя экасістэмы. Яны ўключаюць згуртаванне і біятоп, якія звязаны абменам рэчываў і энергіі.
Згуртаванне складаецца з прадуцэнтаў, кансументаў і рэдуцэнтаў. Яны ўзаемадзейнічаюць за кошт трафічных сувязей, дзякуючы чаму ажыццяўляецца кругаварот рэчываў. Адрозненне згуртавання аграэкасістэмы поля ад прыроднага згуртавання адзначаецца на ўзроўні відавога складу функцыянальных груп арганізмаў і іх узаемасувязей. Кожная функцыянальная група складаецца з невялікай колькасці спецыфічных відаў. Сярод прадуцэнтаў дамінуе культурны від раслін, маецца некалькі відаў спадарожнага пустазелля.
Кансументы прадстаўлены беспазваночнымі, паразітычнымі грыбамі і бактэрыямі, якія жывяцца пераважна культурнымі раслінамі. Часам могуць прысутнічаць дробныя грызуны, некаторыя птушкі. На пашах па колькасці дамінуюць віды свойскай жывёлы (каровы, коні, авечкі).
Функцыю рэдуцэнтаў выконваюць глебавыя грыбы, дажджавыя чэрві, бактэрыі. Чалавек увесь час парушае ўзаемадзеянне відаў у згуртаванні, ажыццяўляючы розныя прыёмы агратэхнікі.