Печатать книгуПечатать книгу

*§ 49—1. Паняцце аграэкасістэмы. Адметныя асаблівасці аграэкасістэм ад прыродных экасістэм

  • Успомніце, адкуль чалавек атрымлівае прадукцыю для свайго існавання.
  • Як вы думаеце? Па якіх крытэрыях можна адрозніць штучную экасістэму ад прыроднай?
  • Вы даведаецеся пра структуру аграэкасістэм, іх адметныя асаблівасці ад прыродных экасістэм.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 49—1. Паняцце аграэкасістэмы. Адметныя асаблівасці аграэкасістэм ад прыродных экасістэм
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 8 Июль 2025, 01:42

Паняцце аграэкасістэмы

Чалавек атрымлівае дастаткова шмат розных відаў прадукцыі ад прыродных экасістэм. Тым не менш асноўнай крыніцай сродкаў для задавальнення яго патрэбнасцей з’яўляецца сельская гаспадарка. Сельскагаспадарчая дзейнасць чалавека змяняе прыродныя экасістэмы. Акрамя таго, чалавек здольны фарміраваць штучныя экасістэмы і падтрымліваць іх існаванне з мэтай атрымання сельскагаспадарчай прадукцыі. Гэтыя штучныя экасістэмы называюцца аграэкасістэмамі.

Аграэкасістэмы (ад грэч. agrós — поле) — штучныя экасістэмы, якія створаны і выкарыстоўваюцца чалавекам для атрымання сельскагаспадарчай прадукцыі ці адпачынку.

Аграэкасістэмы займаюць прыкладна 30 % свабоднай ад лёду сушы нашай планеты. З іх каля 10 % прыпадае на ворныя землі, амаль 20 % займаюць пашы. У Рэспубліцы Беларусь сельскагаспадарчая прадукцыя як тавар адыгрывае ў эканоміцы важную ролю. Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, у структуры зямельных рэсурсаў Беларусі на 1 студзеня 2018 г. сельскагаспадарчыя землі склалі 42,3 % тэрыторыі, лясы — 41 %,  паверхневыя воды, уключаючы балоты, — 6,1 %, іншыя землі — 10,6 %. У цяперашні час у выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека сфарміравалася вялікая разнастайнасць аграэкасістэм. Яны істотна адрозніваюцца па маштабах, структуры і складзе відаў арганізмаў у залежнасці ад мэт іх стварэння. 

Структура аграэкасістэмы

Аграэкасістэмы з’яўляюцца біясістэмамі таго ж узроўню арганізацыі, што і прыродныя экасістэмы. Яны ўключаюць згуртаванне і біятоп, якія звязаны абменам рэчываў і энергіі.

Згуртаванне складаецца з прадуцэнтаў, кансументаў і рэдуцэнтаў. Яны ўзаемадзейнічаюць за кошт трафічных сувязей, дзякуючы чаму ажыццяўляецца кругаварот рэчываў. Адрозненне згуртавання аграэкасістэмы поля ад прыроднага згуртавання адзначаецца на ўзроўні відавога складу функцыянальных груп арганізмаў і іх узаемасувязей. Кожная функцыянальная група складаецца з невялікай колькасці спецыфічных відаў. Сярод прадуцэнтаў дамінуе культурны від раслін, маецца некалькі відаў спадарожнага пустазелля.

Кансументы прадстаўлены беспазваночнымі, паразітычнымі грыбамі і бактэрыямі, якія жывяцца пераважна культурнымі раслінамі. Часам могуць прысутнічаць дробныя грызуны, некаторыя птушкі. На пашах па колькасці дамінуюць віды свойскай жывёлы (каровы, коні, авечкі).

Функцыю рэдуцэнтаў выконваюць глебавыя грыбы, дажджавыя чэрві, бактэрыі. Чалавек увесь час парушае ўзаемадзеянне відаў у згуртаванні, ажыццяўляючы розныя прыёмы агратэхнікі. 

Адрозненне аграэкасістэм ад прыродных экасістэм

Аграэкасістэмы істотна адрозніваюцца ад прыродных экасістэм (гл. табл.).

Табліца. Параўнальная характарыстыка экасістэм

Крытэрыі параўнання

Прыродныя экасістэмы

Аграэкасістэмы

Паходжанне

Першасныя прыродныя структурныя адзінкі біясферы, якія ўтварыліся ў выніку працяглай эвалюцыі

Другасныя штучныя структурныя адзінкі біясферы, створаныя чалавекам

Відавая структура

Складаныя сістэмы з вялікай відавой разнастайнасцю, у якіх, як правіла, дамінуе некалькі відаў. Відавая структура фарміруецца пад дзеяннем фактараў асяроддзя. Культурныя (сельскагаспадарчыя) расліны адсутнічаюць

Спрошчаныя сістэмы з невялікай відавой разнастайнасцю, у якіх дамінуе, як правіла, адзін від раслін ці жывёл, што культывуецца чалавекам. Відавая структура фарміруецца як пад дзеяннем фактараў асяроддзя, так і пры вызначальнай ролі чалавека

Устойлівасць

Уласціва ўстойлівая дынамічная раўнавага, якая дасягаецца самарэгуляцыяй, дзякуючы разнастайнасці трафічных сувязей. Харчовыя ланцугі доўгія (3—5 звёнаў), а харчовая сетка складаная

Няўстойлівыя, без падтрымкі чалавека хутка разбураюцца. Самарэгуляцыя адсутнічае. Харчовыя ланцугі кароткія (2—3 звяны), харчовая сетка простая

Прадукцыйнасць

Прадукцыйнасць вызначаецца колькасцю паступаючай сонечнай энергіі і ступенню замкнутасці кругавароту рэчываў

Прадуктыўнасць вызначаецца колькасцю сукупнай энергіі (сонечная энергія + энергія, якая прыўносіцца чалавекам), паступаючай у сістэму, і залежыць ад тэхнічных і эканамічных магчымасцей чалавека

Кругаварот рэчываў

Уся чыстая першасная прадукцыя выкарыстоўваецца кансументамі і рэдуцэнтамі, якія ўключаюць яе ў поўны і замкнуты кругаварот рэчываў

Асноўную частку чыстай першаснай прадукцыі ў выглядзе ўраджаю чалавек выкарыстоўвае для сваіх патрэбнасцей і на корм жывёле. Узятыя на ўзроўні прадуцэнтаў рэчывы папаўняюцца на ўзроўні дэтрытных ланцугоў у выглядзе арганічных (дэтрыт) ці мінеральных угнаенняў. Кругаварот рэчываў няпоўны і незамкнуты

Экалагічная бяспека

Экалагічна бяспечныя, не з’яўляюцца крыніцай забруджвальных рэчываў

Экалагічна небяспечныя, з’яўляюцца крыніцай забруджвальных рэчываў, здольныя ўплываць на ўстойлівасць прыродных экасістэм

 

Індустрыялізацыя сельскай гаспадаркі мае не толькі плюсы, але і мінусы. Сучасныя аграэкасістэмы ўяўляюць экалагічную небяспеку для прыродных экасістэм. Хімічныя сродкі, якія ўжываюцца ў іх для барацьбы са шкоднікамі, — пестыцыды — з дапамогай вады, паветра па ланцугах харчавання пераносяцца ў прыродныя экасістэмы, забруджваючы іх. Такім чынам, трэба пашыраць ужыванне біялагічных метадаў барацьбы. Залішняе ўнясенне мінеральных і арганічных угнаенняў можа выклікаць забруджванне грунтавых вод і паверхневых вадаёмаў. Пустазелле і насякомыя-шкоднікі з аграэкасістэм здольныя мігрыраваць у прыродныя экасістэмы і адмоўна ўплываць на іх.

Для таго каб знізіць негатыўнае ўздзеянне аграэкасістэм на прыроднае асяроддзе, у Рэспубліцы Беларусь праводзіцца вялікая работа па стварэнні прадукцыйных, эканамічных і экалагічных агракомплексаў.

Паўторым галоўнае. Аграэкасістэмы — штучныя сістэмы, якія ствараюцца і падтрымліваюцца чалавекам з мэтай атрымання сельскагаспадарчай прадукцыі ці адпачынку. Яны, як і прыродныя экасістэмы, уключаюць згуртаванне і біятоп, якія звязаны абменам рэчываў і энергіі. Аграэкасістэмы істотна адрозніваюцца ад прыродных па маштабах, структуры і складу відаў арганізмаў у залежнасці ад мэт іх стварэння. Адметнымі асаблівасцямі аграэкасістэм у параўнанні з прыроднымі экасістэмамі з’яўляюцца: невялікая відавая разнастайнасць, дамінаванне відаў культурных раслін ці свойскай жывёлы, нізкая ўстойлівасць, няздольнасць да самарэгуляцыі, няпоўны і незамкнуты кругаварот рэчываў, наяўнасць дадатковай крыніцы энергіі, высокая біялагічная прадукцыйнасць.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Параўнайце аграэкасістэмы і прыродныя экасістэмы па відавой структуры. У чым іх адрозненне?
2. Вызначыце, якія з пералічаных ніжэй аб’ектаў з’яўляюцца аграэкасістэмамі: акіян, агарод, стэп, возера, парк, альпійскі луг, яблыневы сад, трапічны лес, пшанічнае поле.
3. Чаму ў аграэкасістэмах кругаварот рэчываў няпоўны і незамкнуты? Прывядзіце доказы.

    Складаныя пытанні

1. Чаму аграэкасістэмы няўстойлівыя і хутка разбураюцца без падтрымкі чалавека? Растлумачце з экалагічнага пункту гледжання.
2. У чым заключаецца экалагічная небяспека аграэкасістэм? Прывядзіце доказы.
3. У шмат якіх раёнах з інтэнсіўным земляробствам у глебе зніклі дажджавыя чэрві. Як вы думаеце, чаму гэта адбылося і ці адаб’ецца гэта на ўрадлівасці глебы? Адказ абгрунтуйце.

Індывідуальнае дамашняе заданне. Правядзіце параўнальны аналіз экалагічных характарыстак любой прыроднай экасістэмы і аграэкасістэмы, размешчаных у вашай мясцовасці. Зрабіце вывад, у чым іх падабенства, па якіх экалагічных крытэрыях яны адрозніваюцца.