*§ 48—7. Біём дажджавых трапічных лясоў — джунглі
Экалагічныя праблемы
Галоўная экалагічная праблема ў біёме дажджавых трапічных лясоў — гэта іх высечка. За тры апошнія дзесяцігоддзі пятая частка сусветнага запасу трапічных лясоў была знішчана. На працягу гэтага ж перыяду яшчэ мільёны гектараў лесу перажылі дэградацыю. Дажджавыя трапічныя лясы адыгрываюць важную ролю ў біясферы і ў жыцці чалавека. У іх пражывае прыкладна усіх відаў жывёл і раслін планеты. Дажджавыя трапічныя лясы ўдзельнічаюць у ахаладжэнні паветра, якое праходзіць праз іх, у кругавароце вады і яе ачышчэнні, з’яўляюцца асяроддзем пражывання для людзей, жывёл і раслін.
Далейшае знішчэнне джунгляў будзе прыводзіць да змянення клімату, эрозіі глебы, скарачэння відавой разнастайнасці флоры і фаўны, у выніку чаго адбудзецца парушэнне экалагічнага балансу на вялікіх тэрыторыях і на планеце ў цэлым. Акрамя таго, трапічныя дажджавыя лясы населены плямёнамі людзей, якія, як правіла, дрэнна прыстасоўваюцца да змянення навакольнага асяроддзя і выміраюць хутка пасля знікнення гэтых лясоў.
Існуе мноства розных арганізацый, якія займаюцца інфармаваннем людзей пра наступствы знішчэння трапічных лясоў, бо веды пра існаванне праблемы ёсць першы крок да яе вырашэння. Але для таго, каб спыніць працэс знішчэння лясоў, трэба распрацаваць міжнародныя нормы разумнага выкарыстання рэсурсаў лесу, якія выключаюць іх татальнае знішчэнне на вялікіх тэрыторыях, бо аднаўленне першаснага трапічнага лесу на шырокіх высечках практычна немагчыма.
Паўторым галоўнае. Біём дажджавых трапічных лясоў размешчаны ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы, Цэнтральнай Афрыцы, на Малайскім архіпелагу. Клімат цёплы і вільготны. Характэрна штодзённае выпадзенне ападкаў. Гадавая колькасць ападкаў складае 1500—4000 мм. Сярэднямесячная тэмпература каля +27 °С. Глебы афарбаваны ў ярка-чырвоны ці буры колер з прычыны лішку жалеза. Мінеральныя рэчывы ў біёме дажджавых трапічных лясоў у асноўным засяроджаны ў раслінным покрыве, а не ў верхнім гарызонце глебы, як у іншых біёмах. Тут пражывае прыкладна усіх відаў жывёл і раслін планеты. Для прадуцэнтаў характэрна перавага вечназялёных дрэў, наяўнасць 3—5 дрэвавых ярусаў, практычна поўная адсутнасць яруса хмызнякоў, вялікая колькасць ліян і эпіфітаў. Большая частка кансументаў жыве ў верхнім ярусе расліннасці. З млекакормячых шматлікія шыраканосыя малпы, віды шэрага сямействаў і атрадаў грызуноў, рукакрылых, сумчатых, птушак, жывуць паўзуны, земнаводныя, рыбы і беспазваночныя. Біём дажджавых трапічных лясоў моцна схільны да антрапагеннага ўздзеяння. Рашэнне праблемы высечкі гэтых лясоў павінна праводзіцца на міжнародным узроўні.