Печатать книгуПечатать книгу

*§ 48—7. Біём дажджавых трапічных лясоў — джунглі

  • Успомніце, якія віды прадуцэнтаў пераважаюць у паўночных хвойных лясах і лясах умеранай зоны.
  • Як вы думаеце? Чым абумоўлена вялікая відавая разнастайнасць жыхароў дажджавых трапічных лясоў?
  • Вы даведаецеся пра асаблівасці клімату, разнастайнасць прадуцэнтаў і кансументаў у біёме дажджавых трапічных лясоў.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 48—7. Біём дажджавых трапічных лясоў — джунглі
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 7 Июль 2025, 23:28

Геаграфічнае становішча

Дажджавыя трапічныя лясы размешчаны ў Паўднёва-Усходняй Азіі, Шры-Ланцы, на паўночным усходзе Аўстраліі, у Афрыцы, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы. Трапічныя лясы здаўна называлі «лёгкімі планеты». Аднак у цяперашні час вызначана, што ў іх адбываецца актыўнае расходаванне кіслароду на працэсы раскладання дэтрыту. Такім чынам, далёка не ўвесь вылучаны ў выніку іх фотасінтэзу кісларод паступае ў атмасферу.

Глебы

Нягледзячы на пышную расліннасць, назапашванню гумуснага пласта перашкаджае хуткае гніенне, выкліканае бактэрыямі. У Трапічнай Афрыцы асноўныя глебы багатыя жалезам (фералітныя) і алюмініем, з прычыны чаго яны афарбаваны ў ярка-чырвоны ці буры колер. Подсцілка з лістоў дрэў складае тут не больш за 1—2 см, часта яна адсутнічае наогул. Парадаксальная асаблівасць вільготнага трапічнага лесу складаецца ў тым, што яго глебы бедныя водарастваральнымі мінеральнымі злучэннямі пры багацці дэтрыту і хуткім яго раскладанні.

Клімат

Галоўны фактар, які вызначае фарміраванне дажджавых трапічных лясоў, — спрыяльны цёплы і вільготны клімат. Багацце цяпла і вільгаці забяспечвае круглагадовую вегетацыю раслін. Сезонная дынаміка невыразная. Характэрная асаблівасць клімату дажджавых трапічных лясоў — амаль штодня выпадаюць ападкі. Гадавая колькасць ападкаў складае 1500—4000 мм, але ў некаторых мясцовасцях яна ўдвая большая.

Клімат дажджавых лясоў характарызуецца ўмерана высокімі сярэднегадавымі тэмпературамі, якія мала змяняюцца па сезонах і на працягу сутак. Сярэднегадавая тэмпература складае каля +27 °С. Сярэднясутачныя тэмпературы ляжаць у межах паміж +24—+30 °С. Змяненне надвор’я на працягу сутак адбываецца даволі аднастайна на працягу ўсяго года.

Клімат пад зводам дажджавога лесу не без падставы параўноўваюць з кліматам у парніках: паветра амаль нерухомае, сутачныя і сезонныя ваганні тэмпературы вельмі нязначныя, зблізку глебы вільготнасць паветра практычна не змяняецца.

Працягласць дня паміж паўднёвай і паўночнай межамі трапічнага лесу змяняецца ўсяго толькі ад 10,5 да 13,5 гадзін. Гэта стабільнасць мае вялікае значэнне для фотасінтэзу. 

Прадуцэнты

Колькасць відаў прадуцэнтаў дажджавога трапічнага лесу на 1 га большая за колькасць відаў, якія растуць ва ўсёй флоры Еўропы. Дрэвы ў такіх лясах маюць некалькі агульных характарыстык, якія не назіраюцца ў раслін менш вільготнага клімату:
1) наяўнасць 3—5 ярусаў дрэў;
2) практычна поўная адсутнасць яруса хмызнякоў і вялікая колькасць ліян;
3) перавага вечназялёных дрэў з буйнымі лістамі, слаба развітай карой, голымі почкамі;
4) утварэнне кветак, а затым пладоў непасрэдна на ствалах і тоўстых галінах.

Знешне прадстаўнікі прадуцэнтаў дажджавога трапічнага лесу не падобныя да звыклых для нас раслін лясоў умеранай зоны. Іх тыповымі прадстаўнікамі з’яўляюцца: пальмы бананавая і какосавая, дрэвападобная папараць, міндаль звычайны, лафіра, бамбук, сейба, фікус-душыцель, папая, авакада, дрэва чорнае. Трапічныя лясы незвычайна багатыя эпіфітамі — лішайнікамі, імхамі, архідэямі.

Звычайна дрэвы фарміруюць тры ярусы. Верхні ярус утвараюць рэдкія дрэвы. Яны ўзвышаюцца над агульным узроўнем полага і маюць крону, якая моцна разрастаецца па плошчы. Другі ярус — полаг, што ўяўляе сабой суцэльны вечназялёны полаг на вышыні 25—35 м. Ніжні ярус становіцца густым толькі там, дзе маюцца прасветы ў полазе. Хмызняковы ярус у дажджавым трапічным лесе адсутнічае. Для травянога полага характэрна перавага аднаго віду з нязначнай колькасцю іншых відаў.

Каля 300 відаў пазаярусных раслін у дажджавых трапічных лясах налічваецца больш за 100 відаў эпіфітаў і некалькі відаў дрэў-душыцеляў. Сярод дрэў-душыцеляў дамінуюць віды роду Фікус. Звычайна насенне дрэў-душыцеляў заносяць на галіны птушкі, якія кормяцца іх клейкімі пладамі. Калі насенне прарастае ў расколінах кары іншых дрэў, то праросткі пачынаюць сваё жыццё ў якасці эпіфітаў. Потым маладая расліна каранямі расце ўніз, і яны ў канчатковым выніку дасягаюць глебы. Пры гэтым сама расліна-душыцель паступова абвівае сваімі адраўнелымі парасткамі ствол расліны-гаспадара, падымаючыся ўсё вышэй, бліжэй да святла. Расліна-гаспадар не можа расці ў таўшчыню і гіне. Эпіфіты і ліяны ў сукупнасці з сотнямі відаў іншых раслін утвараюць непраходныя зараснікі і надаюць характэрнае аблічча трапічнаму лесу, які часта называюць джунглямі.

У джунглях дамінуюць вечназялёныя дрэвы, якія захоўваюць вялікую частку лістоў круглы год, што забяспечвае бесперапыннае круглагадовае праходжанне працэсаў фотасінтэзу. Трапічныя дрэвы могуць цвісці і плоданасіць бесперапынна на працягу года, шмат якія віды цвітуць штогод ці раз у некалькі гадоў. Аднак далёка не заўсёды за багатым цвіценнем ідзе багатае плоданашэнне.

Вялізнае значэнне ў трапічным лесе мае мікарыза. З прычыны штодзённых дажджоў мінеральныя рэчывы з глебы хутка вымываюцца. Таму расліны ўступаюць у цесны кантакт з сапратрофнымі грыбамі, ад якіх атрымліваюць мінеральныя рэчывы. Менавіта дзякуючы мікарызе трапічныя лясы маюць пышную расліннасць.

Пры ваганнях біямасы ад 60 да 800 т/га яе сярэдняя велічыня складае прыкладна 450 т/га.

Сярэдняя велічыня прадукцыі дасягае 22 т/га ў год пры ваганнях ад 10 да 35 т/га ў год.

Кансументы

Трапічныя дажджавыя лясы незвычайна багатыя відамі кансументаў. Большая іх частка жыве ў верхнім ярусе расліннасці: дрэвавыя млекакормячыя (да 50 % жывуць на дрэвах), хамелеоны, ігуаны, дрэвавыя змеі, пітоны, жабы, дзённыя і начныя матылькі. Сярод дрэвавых млекакормячых прадстаўлены буйныя (гібон, арангутан, гарыла)  і дробныя  (даўгапят, лоры) прыматы, а таксама тупаі. З наземных млекакормячых тут жывуць: слон індыйскі, тапір, насарог індыйскі, дзікабраз, тыгр, акапі, антылопы. З птушак шмат фазанаў, папугаяў, туканаў.

Шмат якія млекакормячыя — шэрстакрылы, палятухі, а таксама лятучыя драконы (паўзуны), лятучыя жабы (земнаводныя) — маюць прыстасаванні да планіравання пры палёце.

!  Гэта цікава

У вільготных трапічных лясах шмат звяроў і птушак-дуплагняздоўнікаў. Гэта вавёркі, бурундукі, пацукі, тупаі, дзятлы, птушкі-насарогі, совы. Мноства змей, якія лазяць па галінах, — сярод іх ёсць віды, што кормяцца яйкамі птушак, — прыводзіць да выпрацоўкі спецяльных прыстасаванняў у птушак. Напрыклад, самцы птушак-насарогаў так замуроўваюць глінай адтуліны ў дуплах, дзе іх самкі сядзяць на яйках, што толькі дзюба высоўваецца з дупла. Самцы кормяць самак на працягу ўсяго перыяду выседжвання. Калі самец гіне, асуджана на гібель і самка, бо яна не ў стане знутры адбіць пласт гліны і выйсці з дупла. Пасля заканчэння выседжвання самец вызваляе замураваную ім самку.

Экалагічныя праблемы

Галоўная экалагічная праблема ў біёме дажджавых трапічных лясоў — гэта іх высечка. За тры апошнія дзесяцігоддзі пятая частка сусветнага запасу трапічных лясоў была знішчана. На працягу гэтага ж перыяду яшчэ мільёны гектараў лесу перажылі дэградацыю. Дажджавыя трапічныя лясы адыгрываюць важную ролю ў біясферы і ў жыцці чалавека. У іх пражывае прыкладна begin mathsize 14px style 2 over 3 end style усіх відаў жывёл і раслін планеты. Дажджавыя трапічныя лясы ўдзельнічаюць у ахаладжэнні паветра, якое праходзіць праз іх, у кругавароце вады і яе ачышчэнні, з’яўляюцца асяроддзем пражывання для людзей, жывёл і раслін.

Далейшае знішчэнне джунгляў будзе прыводзіць да змянення клімату, эрозіі глебы, скарачэння відавой разнастайнасці флоры і фаўны, у выніку чаго адбудзецца парушэнне экалагічнага балансу на вялікіх тэрыторыях і на планеце ў цэлым. Акрамя таго, трапічныя дажджавыя лясы населены плямёнамі людзей, якія, як правіла, дрэнна прыстасоўваюцца да змянення навакольнага асяроддзя і выміраюць хутка пасля знікнення гэтых лясоў.

Існуе мноства розных арганізацый, якія займаюцца інфармаваннем людзей пра наступствы знішчэння трапічных лясоў, бо веды пра існаванне праблемы ёсць першы крок да яе вырашэння. Але для таго, каб спыніць працэс знішчэння лясоў, трэба распрацаваць міжнародныя нормы разумнага выкарыстання рэсурсаў лесу, якія выключаюць іх татальнае знішчэнне на вялікіх тэрыторыях, бо аднаўленне першаснага трапічнага лесу на шырокіх высечках практычна немагчыма.

Паўторым галоўнае. Біём дажджавых трапічных лясоў размешчаны ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы, Цэнтральнай Афрыцы, на Малайскім архіпелагу. Клімат цёплы і вільготны. Характэрна штодзённае выпадзенне ападкаў. Гадавая колькасць ападкаў складае 1500—4000 мм. Сярэднямесячная тэмпература каля +27 °С. Глебы афарбаваны ў ярка-чырвоны ці буры колер з прычыны лішку жалеза. Мінеральныя рэчывы ў біёме дажджавых трапічных лясоў у асноўным засяроджаны ў раслінным покрыве, а не ў верхнім гарызонце глебы, як у іншых біёмах. Тут пражывае прыкладна begin mathsize 14px style 2 over 3 end style усіх відаў жывёл і раслін планеты. Для прадуцэнтаў характэрна перавага вечназялёных дрэў, наяўнасць 3—5 дрэвавых ярусаў, практычна поўная адсутнасць яруса хмызнякоў, вялікая колькасць ліян і эпіфітаў. Большая частка кансументаў жыве ў верхнім ярусе расліннасці. З млекакормячых шматлікія шыраканосыя малпы, віды шэрага сямействаў і атрадаў грызуноў, рукакрылых, сумчатых, птушак, жывуць паўзуны, земнаводныя, рыбы і беспазваночныя. Біём дажджавых трапічных лясоў моцна схільны да антрапагеннага ўздзеяння. Рашэнне праблемы высечкі гэтых лясоў павінна праводзіцца на міжнародным узроўні.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Ахарактарызуйце асаблівасці клімату ў біёме дажджавых трапічных лясоў. Якія экалагічныя фактары з’яўляюцца лімітуючымі?
2. Якія асаблівасці мае прасторавая структура экасістэм трапічнага лесу? Назавіце прычыну гэтых асаблівасцей.
3. Растлумачце, чаму пры вялікай колькасці ўтворанага дэтрыту ліставая подсцілка ў трапічных лясах мае таўшчыню 1—2 см, а глебы бедныя мінеральнымі рэчывамі.

    Складаныя пытанні

1. Растлумачце з экалагічнага пункта гледжання, чаму пасля высечкі трапічнага лесу немагчыма яго аднаўленне.
2. Як суадносяцца біялагічная прадуктыўнасць і біямаса дажджавога трапічнага лесу? Растлумачце прычыну такіх суадносін з улікам асаблівасцей умоў асяроддзя.
3. Якія экалагічныя праблемы адчуваюць на сабе дажджавыя трапічныя лясы? Прапануйце шляхі іх рашэння.

Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы тэкст і малюнкі электроннага дадатку, а таксама дадатковыя крыніцы інфармацыі, размяркуйце тыповых прадстаўнікоў біёма дажджавых трапічных лясоў па трафічных узроўнях і складзіце сетку харчавання, якая ўключае, як мінімум, чатыры віды прадуцэнтаў.