*§ 48—7. Біём дажджавых трапічных лясоў — джунглі

Кансументы

Трапічныя дажджавыя лясы незвычайна багатыя відамі кансументаў. Большая іх частка жыве ў верхнім ярусе расліннасці: дрэвавыя млекакормячыя (да 50 % жывуць на дрэвах), хамелеоны, ігуаны, дрэвавыя змеі, пітоны, жабы, дзённыя і начныя матылькі. Сярод дрэвавых млекакормячых прадстаўлены буйныя (гібон, арангутан, гарыла)  і дробныя  (даўгапят, лоры) прыматы, а таксама тупаі. З наземных млекакормячых тут жывуць: слон індыйскі, тапір, насарог індыйскі, дзікабраз, тыгр, акапі, антылопы. З птушак шмат фазанаў, папугаяў, туканаў.

Шмат якія млекакормячыя — шэрстакрылы, палятухі, а таксама лятучыя драконы (паўзуны), лятучыя жабы (земнаводныя) — маюць прыстасаванні да планіравання пры палёце.

!  Гэта цікава

У вільготных трапічных лясах шмат звяроў і птушак-дуплагняздоўнікаў. Гэта вавёркі, бурундукі, пацукі, тупаі, дзятлы, птушкі-насарогі, совы. Мноства змей, якія лазяць па галінах, — сярод іх ёсць віды, што кормяцца яйкамі птушак, — прыводзіць да выпрацоўкі спецяльных прыстасаванняў у птушак. Напрыклад, самцы птушак-насарогаў так замуроўваюць глінай адтуліны ў дуплах, дзе іх самкі сядзяць на яйках, што толькі дзюба высоўваецца з дупла. Самцы кормяць самак на працягу ўсяго перыяду выседжвання. Калі самец гіне, асуджана на гібель і самка, бо яна не ў стане знутры адбіць пласт гліны і выйсці з дупла. Пасля заканчэння выседжвання самец вызваляе замураваную ім самку.