*§ 48—7. Біём дажджавых трапічных лясоў — джунглі
Клімат
Галоўны фактар, які вызначае фарміраванне дажджавых трапічных лясоў, — спрыяльны цёплы і вільготны клімат. Багацце цяпла і вільгаці забяспечвае круглагадовую вегетацыю раслін. Сезонная дынаміка невыразная. Характэрная асаблівасць клімату дажджавых трапічных лясоў — амаль штодня выпадаюць ападкі. Гадавая колькасць ападкаў складае 1500—4000 мм, але ў некаторых мясцовасцях яна ўдвая большая.
Клімат дажджавых лясоў характарызуецца ўмерана высокімі сярэднегадавымі тэмпературамі, якія мала змяняюцца па сезонах і на працягу сутак. Сярэднегадавая тэмпература складае каля +27 °С. Сярэднясутачныя тэмпературы ляжаць у межах паміж +24—+30 °С. Змяненне надвор’я на працягу сутак адбываецца даволі аднастайна на працягу ўсяго года.
Клімат пад зводам дажджавога лесу не без падставы параўноўваюць з кліматам у парніках: паветра амаль нерухомае, сутачныя і сезонныя ваганні тэмпературы вельмі нязначныя, зблізку глебы вільготнасць паветра практычна не змяняецца.
Працягласць дня паміж паўднёвай і паўночнай межамі трапічнага лесу змяняецца ўсяго толькі ад 10,5 да 13,5 гадзін. Гэта стабільнасць мае вялікае значэнне для фотасінтэзу.