*§ 48—5. Біём саваннаў

Кансументы

Для кансументаў усіх тыпаў саваннаў характэрна багацце стадных млекакормячых. Афрыканская саванна не мае сабе роўных па разнастайнасці і колькасці папуляцый капытных. Тут жывуць розныя віды антылоп, зебр і жырафаў. У саваннах можна сустрэць такіх буйных жывёл, як сланы і насарогі.

Багацце буйных капытных і іншых траваедных жывёл — галоўная прычына жыцця ў саваннах значнай колькасці драпежнікаў. Напрыклад, львы, гепарды ў Афрыцы, ягуары ў Паўднёвай Амерыцы, дзікі сабака дынга ў Аўстраліі — тыповыя паляўнічыя за буйнымі траваеднымі жывёламі. Некаторыя з млекакормячых кормяцца мёртвымі жывёламі, напрыклад гіены ў Афрыцы.

У саваннах Аўстраліі жывуць розныя сумчатыя: кенгуру рыжы, каала, палятуха сумчатая, вамбат, крот сумчаты, мыш сумчатая.

Гэта цікава

Даволі разнастайныя папуляцыі птушак саваннаў, сярод якіх ёсць буйныя драпежнікі (арлан-крыкун, птушка-сакратар) і птушкі, якія кормяюцца мёртвымі жывёламі (грыфы, сцярвятнікі, кондары). Шмат у якіх з іх шыя пазбаўлена апярэння, што дазваляе ім глыбока засоўваць галаву ў тушу загінуўшай жывёлы. У буйных птушак-трупаедаў маецца сістэма ўзаемнага абвяшчэння пра наяўнасць корму. Яны лятаюць даволі высока і пільна сочаць за паводзінамі іншых лятучых драпежнікаў.

Менавіта ў саваннах жывуць самыя буйныя бескілявыя птушкі — страус афрыканскі, аўстралійскі эму, паўднёваамерыканскі нанду.

Тут шмат рэптылій — змей і яшчарак, актыўных у засушлівы перыяд. У час дажджлівага сезона, калі гняздуецца большасць птушак, шмат кровасысучых насякомых, сярод якіх ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў цяжкіх «трапічных» хвароб, што пашкоджваюць цэнтральную нервовую сістэму чалавека і жывёл. Напрыклад, муха цэцэ пераносіць хваробу буйной рагатай жывёлы — нагану, а таксама сонную хваробу чалавека. У саваннах Паўднёвай Амерыкі жывуць клапы-трыатаміды. Яны з’яўляюцца пераносчыкамі хваробы Чагаса, якой могуць хварэць як жывёлы, так і чалавек.

Ва ўсіх саваннах, акрамя аўстралійскіх, шмат грызуноў-землярыяў. У Аўстраліі рыючыя плацэнтарныя млекакормячыя заменены сумчатымі — вамбатам, сумчатым кратом.

Асноўным месцам вадапою для жыхароў саваннаў з’яўляюцца рэкі, якія праходзяць па далінах, парослых так званымі галерэйнымі лясамі.

Значныя плошчы саваннаў разараны, тут вырошчваюць збожжавыя, бавоўнік, арахіс, джут, цукровы трыснёг і іншыя культуры. У больш засушлівых раёнах развіта жывёлагадоўля. Антрапагеннае ўздзеянне на саванны часта прыводзіць да іх апустыньвання, як і ў стэпах умеранай зоны.

Паўторым галоўнае. Біём саваннаў размешчаны ў цёплых абласцях Паўночнага і Паўднёвага паўшар’яў: у Цэнтральнай і Усходняй Афрыцы, ў Паўднёвай Амерыцы, Паўднёвай Азіі і Аўстраліі. Асаблівасцю клімату з’яўляецца дастаткова высокая тэмпература круглы год. Сезоннасць вызначаецца нераўнамерным размеркаваннем ападкаў (ад 1000 да 1500 мм/год), сезоны засухі чаргуюцца з сезонамі дажджоў. У сухія сезоны часта ўзнікаюць пажары. Дрэвавыя формы прадуцэнтаў прадстаўлены акацыямі, якія растуць адзінкава ці ўтвараюць групы; дрэвападобнымі малачаямі, баабабамі, аўстралійскімі секвоямі. Травяное покрыва ўтвараюць высокія злакі ў вільготных умовах і нізкарослыя злакі ва ўмовах засухі. У саваннах сярод кансументаў назіраецца самая вялікая разнастайнасць капытных (антылопы, зебры, жырафы) і бескілявых птушак (страусы, эму, нанду). Мноства капытных служыць кармавой базай шмат для якіх драпежнікаў (ільвы, гепарды, ягуары) і жывёл, што кормяцца мёртвымі жывёламі (гіены, грыфы, сцярвятнікі). Крывасысучыя насякомыя пераносяць небяспечныя для жывёл і чалавека захворванні. Біём саваннаў моцна разараны і ўключаны ў гаспадарчую дзейнасць чалавека, як для земляробства, так і для жывёлагадоўлі. Экалагічнай праблемай з’яўляецца працэс апустыньвання.