*§ 48—5. Біём саваннаў
- Успомніце, якія віды прадуцэнтаў пераважалі ў стэпах умеранай зоны.
- Як вы думаеце? Чаму саванны вылучаюць у асобны біём, а не аб’ядноўваюць іх са стэпамі ўмеранай зоны?
- Вы даведаецеся пра асаблівасці клімату, разнастайнасць прадуцэнтаў і кансументаў у біёме саванн.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | *§ 48—5. Біём саваннаў |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Понедельник, 7 Июль 2025, 12:07 |
Геаграфічнае становішча
Саванны — гэта трапічныя стэпы з рэдкімі дрэвамі ці групамі дрэў, размешчаныя ў цёплых абласцях Паўночнага і Паўднёвага паўшар’яў. Самая шырокая вобласць біёма саваннаў знаходзіцца ў Цэнтральнай і Усходняй Афрыцы, але даволі значныя вобласці саваннаў сустракаюцца таксама ў Паўднёвай Амерыцы, Паўднёвай Азіі і Аўстраліі.
Клімат
Асаблівасцю клімату саваннаў, у адрозненне ад стэпаў умеранай зоны, з’яўляюцца высокія сярэднегадавыя тэмпературы, наяўнасць аднаго ці двух працяглых сухіх сезонаў і багатыя ападкі ў астатнюю частку года.
Тэмпература ў саваннах дастаткова высокая круглы год. Сезоннасць вызначаецца толькі размеркаваннем ападкаў (ад 1000 да 1500 мм/год). У сухія сезоны ўзнікаюць пажары. Падобная сезонная дынаміка абумоўлівае своеасаблівасць умоў існавання жывёл і раслін.
Прадуцэнты
Прадуцэнты саваннаў прадстаўлены невялікай колькасцю відаў, устойлівых да засухі і пажараў. Часта на вялікіх прасторах дамінуе адзін від дрэў і злакаў. У афрыканскай саванне сустракаюцца розныя віды калючых дрэў і хмызнякоў, у прыватнасці акацыі, дрэвападобныя малачаі, баабабы. У аўстралійскай саванне зараснікі розных хмызнякоў спалучаюцца з апунцыяй і эўкаліптамі, у тым ліку эўкаліптам чырвоным і іншымі спецыфічнымі аўстралійскімі раслінамі. У Паўднёвай Амерыцы шматлікія плантацыі кававага дрэва.
Дрэвы ў саваннах маюць тоўстую кару з магутным пластом корку. У сухую пару года яны скідаюць лісце. Цвітуць дрэвы ў канцы сухога сезона, а з пачаткам дажджоў распускаецца лістота.
Травяное покрыва вельмі неаднароднае. У вільготных умовах яно утворана высокімі злакамі, скрозь якія цяжка прабрацца нават чалавеку. У сухіх саваннах з больш працяглым сухім перыядам травяное покрыва фарміруюць нізкія злакі ці розныя паўхмызнякі, якія разам са злакамі утвараюць самкнутае покрыва. У перыяд засухі надземная частка злакаў высыхае.
Дрэвы раўнамерна размеркаваны сярод травастою ці растуць групамі, якія чаргуюцца з участкамі, занятымі травой. Шмат якія дрэвы маюць парасонападобную крону (акацыя парасоністая). Такая форма кроны спрыяе размеркаванню дажджавых вод на плошчы, занятай паверхневымі каранямі гэтых дрэў. Акрамя таго, высушванне ветрам у сухі перыяд пры такой форме кроны некалькі памяншаецца.
У перыяд засухі ў саваннах часта ўзнікаюць пажары, якія мясцовыя жыхары часам спецыяльна робяць для ўгнаення глебы.
Біямаса ў сярэднім дасягае 40 т/га пры дыяпазоне ваганняў ад 2 да 150 т/га.
Сярэдняя велічыня прадукцыі лічыцца роўнай прыкладна 9 т/га ў год, аднак межы ваганняў даволі шырокія — ад 2 да 20 т/га ў год.
Кансументы
Для кансументаў усіх тыпаў саваннаў характэрна багацце стадных млекакормячых. Афрыканская саванна не мае сабе роўных па разнастайнасці і колькасці папуляцый капытных. Тут жывуць розныя віды антылоп, зебр і жырафаў. У саваннах можна сустрэць такіх буйных жывёл, як сланы і насарогі.
Багацце буйных капытных і іншых траваедных жывёл — галоўная прычына жыцця ў саваннах значнай колькасці драпежнікаў. Напрыклад, львы, гепарды ў Афрыцы, ягуары ў Паўднёвай Амерыцы, дзікі сабака дынга ў Аўстраліі — тыповыя паляўнічыя за буйнымі траваеднымі жывёламі. Некаторыя з млекакормячых кормяцца мёртвымі жывёламі, напрыклад гіены ў Афрыцы.
У саваннах Аўстраліі жывуць розныя сумчатыя: кенгуру рыжы, каала, палятуха сумчатая, вамбат, крот сумчаты, мыш сумчатая.
Даволі разнастайныя папуляцыі птушак саваннаў, сярод якіх ёсць буйныя драпежнікі (арлан-крыкун, птушка-сакратар) і птушкі, якія кормяюцца мёртвымі жывёламі (грыфы, сцярвятнікі, кондары). Шмат у якіх з іх шыя пазбаўлена апярэння, што дазваляе ім глыбока засоўваць галаву ў тушу загінуўшай жывёлы. У буйных птушак-трупаедаў маецца сістэма ўзаемнага абвяшчэння пра наяўнасць корму. Яны лятаюць даволі высока і пільна сочаць за паводзінамі іншых лятучых драпежнікаў.
Менавіта ў саваннах жывуць самыя буйныя бескілявыя птушкі — страус афрыканскі, аўстралійскі эму, паўднёваамерыканскі нанду.
Тут шмат рэптылій — змей і яшчарак, актыўных у засушлівы перыяд. У час дажджлівага сезона, калі гняздуецца большасць птушак, шмат кровасысучых насякомых, сярод якіх ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў цяжкіх «трапічных» хвароб, што пашкоджваюць цэнтральную нервовую сістэму чалавека і жывёл. Напрыклад, муха цэцэ пераносіць хваробу буйной рагатай жывёлы — нагану, а таксама сонную хваробу чалавека. У саваннах Паўднёвай Амерыкі жывуць клапы-трыатаміды. Яны з’яўляюцца пераносчыкамі хваробы Чагаса, якой могуць хварэць як жывёлы, так і чалавек.
Ва ўсіх саваннах, акрамя аўстралійскіх, шмат грызуноў-землярыяў. У Аўстраліі рыючыя плацэнтарныя млекакормячыя заменены сумчатымі — вамбатам, сумчатым кратом.
Асноўным месцам вадапою для жыхароў саваннаў з’яўляюцца рэкі, якія праходзяць па далінах, парослых так званымі галерэйнымі лясамі.
Значныя плошчы саваннаў разараны, тут вырошчваюць збожжавыя, бавоўнік, арахіс, джут, цукровы трыснёг і іншыя культуры. У больш засушлівых раёнах развіта жывёлагадоўля. Антрапагеннае ўздзеянне на саванны часта прыводзіць да іх апустыньвання, як і ў стэпах умеранай зоны.
Паўторым галоўнае. Біём саваннаў размешчаны ў цёплых абласцях Паўночнага і Паўднёвага паўшар’яў: у Цэнтральнай і Усходняй Афрыцы, ў Паўднёвай Амерыцы, Паўднёвай Азіі і Аўстраліі. Асаблівасцю клімату з’яўляецца дастаткова высокая тэмпература круглы год. Сезоннасць вызначаецца нераўнамерным размеркаваннем ападкаў (ад 1000 да 1500 мм/год), сезоны засухі чаргуюцца з сезонамі дажджоў. У сухія сезоны часта ўзнікаюць пажары. Дрэвавыя формы прадуцэнтаў прадстаўлены акацыямі, якія растуць адзінкава ці ўтвараюць групы; дрэвападобнымі малачаямі, баабабамі, аўстралійскімі секвоямі. Травяное покрыва ўтвараюць высокія злакі ў вільготных умовах і нізкарослыя злакі ва ўмовах засухі. У саваннах сярод кансументаў назіраецца самая вялікая разнастайнасць капытных (антылопы, зебры, жырафы) і бескілявых птушак (страусы, эму, нанду). Мноства капытных служыць кармавой базай шмат для якіх драпежнікаў (ільвы, гепарды, ягуары) і жывёл, што кормяцца мёртвымі жывёламі (гіены, грыфы, сцярвятнікі). Крывасысучыя насякомыя пераносяць небяспечныя для жывёл і чалавека захворванні. Біём саваннаў моцна разараны і ўключаны ў гаспадарчую дзейнасць чалавека, як для земляробства, так і для жывёлагадоўлі. Экалагічнай праблемай з’яўляецца працэс апустыньвання.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Ахарактарызуйце асаблівасці клімату ў біёме саваннаў. Чым ён адрозніваецца ад клімату стэпаў умеранай зоны?
2. Якімі жыццёвымі формамі прадстаўлены прадуцэнты саваннаў? Назавіце прадстаўнікоў.
3. Растлумачце, чаму саванны лічацца больш прадукцыйнымі, чым стэпы ўмеранай зоны.
Складаныя пытанні
1. Чым тлумачыцца большая разнастайнасць капытных і буйных драпежнікаў у саваннах у параўнанні са стэпамі ўмеранай зоны?
2. Як суадносяцца біялагічная прадукцыйнасць і біямаса саваннаў? Растлумачце прычыну такіх суадносін з улікам асаблівасцей умоў асяроддзя.
3. Якія экалагічныя праблемы адчуваюць на сабе саванны ў цяперашні час? Прапануйце шляхі іх рашэння.
Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы тэкст і малюнкі электроннага дадатку, а таксама дадатковыя крыніцы інфармацыі, размяркуйце тыповых прадстаўнікоў біёма саваннаў па трафічных узроўнях і складзіце сетку харчавання, якая ўключае не менш за 4 віды траваедных.