*§ 48—4. Біём стэпаў умеранай зоны

Кансументы

З пункту гледжання ўмоў існавання кансументаў, стэпы характарызуюцца наступнымі асноўнымі прыметамі: добры агляд мясцовасці, багацце расліннай ежы, адносна сухі летні перыяд, існаванне летняга перыяду спакою.

Тыповымі прадстаўнікамі кансументаў біёма стэпаў з’яўляюцца: бізон, антылопа, сайгак, трус дзікі, барсук амерыканскі, лісіца-карсак, каёт, жаваранак стэпавы, драфа, вялікая колькасць змей і яшчарак. Характэрная асаблівасць стэпаў — наяўнасць буйных траваедных. Яны прадстаўлены дзвюма формамі: траваедныя, якія бегаюць (бізоны, сайгакі, антылопы, кенгуру), і траваеднымі, якія рыюць (суслікі, суркі).

Галоўную ролю ў біяцэнозе стэпаў адыгрываюць капытныя. Пры ўмераным выпасе жывёлы капытамі разбіваюць скупнасці адмерлых раслін на паверхні глебы, што спрыяе далейшаму росту травы. Пры перавыпасе адбываецца дэградацыя стэпавай расліннасці, калі практычна знікае шматгадовая трава, а ёй на змену прыходзяць розныя аднагадовыя і двухгадовыя пустазельныя віды. Акрамя таго, пры перавыпасе адбываецца апустыньванне стэпаў, і менш ксерафільныя расліны змяняюцца малаядомым палынам і яшчэ больш ксерафільнымі формамі (чартапалох, асот), уласцівымі пустыням і паўпустыням.

Важным экалагічным фактарам развіцця стэпавых біёмаў з’яўляюцца пажары, у выніку якіх гіне вялікая частка надземнай расліннасці. Аднак пасля пажару адбываецца ўзбагачэнне глебы каштоўнымі мінеральнымі рэчывамі, і трава хутка адрастае.

Ландшафты стэпаў умеранай зоны ў значнай ступені ператвораны чалавекам, асноўная частка іх разарана. Большая частка стэпаў у цяперашні час занята пад пасевы збожжавых культур ці дрэвавай расліннасцю, якая захавана ці культывуецца чалавекам. На Усходне-Еўрапейскай раўніне цалінныя стэпы захаваліся толькі ў запаведніках. Лепш за ўсё захаваліся прыродныя ландшафты стэпаў у міжгорных упадзінах Паўднёвай Сібіры і ў Цэнтральнай Азіі, дзе важную ролю адыгрывае пашавая жывёлагадоўля.

Паўторым галоўнае. Біём стэпаў умеранай зоны займае ўнутраныя тэрыторыі Еўразіі, Паўночнай Амерыкі, поўдзень Паўднёвай Амерыкі. У стэпах пераважаюць чарназёмы, цёмна-каштанавыя і каштанавыя глебы. Сустракаюцца засоленыя глебы, або саланцы. Клімат вар’іруецца ад умерана кантынентальнага да кантынентальнага. Сярэднія тэмпературы ў ліпені — +20+24 °С, а ў студзені — ад 0 °С да –30 °С. Колькасць ападкаў складае 200—450 мм у год і размеркавана нераўнамерна на працягу ўсяго года. Сярод прадуцэнтаў дамінуюць злакі, практычна адсутнічаюць дрэвы. Двухдольныя травяністыя расліны фарміруюць паўночнае маляўнічае, а злакі, асака — паўднёвае немаляўнічае разнатраўе. Характэрнай экалагічнай асаблівасцю прадуцэнтаў з’яўляецца наяўнасць эфемераў і эфемероідаў. Сярод кансументаў шмат буйных траваедных капытных, якія выконваюць асяроддзеўтваральную функцыю. Пажары з’яўляюцца важным экалагічным фактарам развіцця стэпаў умеранай зоны. Стэпавы біём значна зменены пад уплывам дзейнасці чалавека. Вялікая частка яго зямель разарана і занята культурнымі злакамі.