Печатать книгуПечатать книгу

*§ 48—4. Біём стэпаў умеранай зоны

  • Успомніце, якія віды прадуцэнтаў пераважалі ў лясных біёмах і чаму.
  • Як вы думаеце? Чаму ў біёме стэпаў дрэвы не вытрымліваюць канкурэнцыі з травяністымі жыццёвымі формамі?
  • Вы даведаецеся пра асаблівасці клімату, разнастайнасць прадуцэнтаў і кансументаў у біёме стэпаў умеранай зоны.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 48—4. Біём стэпаў умеранай зоны
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 6 Июль 2025, 13:51

Геаграфічнае становішча

Стэпы ўмеранай зоны размешчаны там, дзе выпадае прамежкавая паміж пустынямі і лясамі колькасць ападкаў. Яны ўяўляюць сабой шырокія раўніны, парослыя травяністай, пераважна злакавай, расліннасцю, ва ўмераных зонах Паўночнага і Паўднёвага паўшар’яў. Шырокія стэпавыя прасторы займаюць унутраныя тэрыторыі Еўразіі, Паўночнай Амерыкі, поўдзень Паўднёвай Амерыкі. Зона стэпаў у Еўразіі прадстаўлена тыповымі стэпамі, у Паўночнай Амерыцы — прэрыямі, у Паўднёвай Амерыцы — пампасамі.

Глебы

У глебавым покрыве стэпаў пераважаюць чарназёмы, цёмна-каштанавыя і каштанавыя глебы. Акрамя іх, у выглядзе плям сустракаюцца засоленыя глебы, або саланцы.

Глебы стэпаў адрозніваюцца ад лясных глеб, перш за ўсё, высокім утрыманнем перагною (вышэй у 5—10 разоў). Злакі, у параўнанні з дрэвамі, жывуць нядоўга, і ў глебу трапляе вялікая колькасць адмерлай арганікі. Паколькі гуміфікацыя ў сухім клімаце ідзе хутка, а мінералізацыя з прычыны недахопу вільгаці вельмі павольна, то перагной назапашваецца, і фарміруюцца чарназёмы. Чарназёмныя глебы змяшчаюць шмат перагною і карбанатаў, таму адрозніваюцца высокай прыроднай урадлівасцю.

Значныя тэрыторыі стэпаў разараны. На іх утвараецца найвялікая колькасць чыстай першаснай прадукцыі (ураджай) культурных злакаў — пшаніцы, кукурузы і інш. У цёмна-каштанавых і каштанавых глеб урадлівасць ніжэйшая з прычыны меншага ўтрымання перагною і часта павышанай засоленасці.

Клімат

Клімат стэпавых рэгіёнаў, як правіла, знаходзіцца ў дыяпазоне ад умерана кантынентальнага да кантынентальнага. Ён характарызуецца гарачым, сонечным летам з рэдкімі дажджамі і адносна халоднай зімой з тонкім снежным покрывам. У Паўночным паўшар’і сярэднія тэмпературы ў ліпені складаюць ад +20 °С да +24 °С, а ў студзені — ад 0 °С да –30 °С.

Ападкаў у сярэднім выпадае ад 200 да 450 мм у год. Увільгатненне няўстойлівае, адносна вільготныя гады чаргуюцца з засушлівымі. Вільготнасць глебы тут з’яўляецца ключавым фактарам, таму што яна лімітуе раскладанне гумусу і вяртанне ў кругаварот неарганічных рэчываў. Характэрны частыя моцныя вятры, што пераходзяць у снежныя бураны зімой і ў пыльныя буры ў цёплую пару года. Рачная сетка развіта слаба, паверхневны сцёк нязначны, яго максімум назіраецца вясной. 

Прадуцэнты

Характэрнай асаблівасцю для прадуцэнтаў стэпаў з’яўляецца практычна поўная адсутнасць дрэў (не лічачы штучных насаджэнняў і лесапалос уздоўж вадаёмаў). Сярод травяністых раслін стэпаў пераважаюць злакі (аднадольныя). Акрамя злакаў, у стэпах шырока прадстаўлены двухдольныя расліны, якія складаюць экалагічную групу разнатраўе, дзе вылучаюць: 1) паўночнае маляўнічае; 2) паўднёвае маляўнічае.

Для паўночнага маляўнічага разнатраўя характэрны яркія кветкі ці суквецці (сон-трава, макі, цюльпаны, крокусы), а для паўднёвага немаляўнічага разнатраўя — апушаныя сцёблы, вузкія лісты, дробна рассечаныя і няяркія кветкі (пераважаюць злакі, асака).

У злакавых стэпах захаваная прыродная расліннасць прадстаўлена кавылямі, ціпчаком, танканогам, мятліцай, жытняком, у засушлівых месцах пераважаюць палыны. Месцамі распаўсюджаны згуртаванні хмызнякоў (цёрн, вішня стэпавая, міндаль стэпавы, бабоўнік, спірэя). Плады шмат якіх хмызнякоў ахвотна ядуць жывёлы. Шэраг стэпавых раслін належаць да тыпу перакаці-поле. Суцэльнага задзірванення ў стэпах няма, паміж дзярнінамі травы бачны ўчасткі голай глебы, на якой вясной развіваюцца эфемеры і эфемероіды.

Тыповымі прадстаўнікамі эфемераў у стэпах з’яўляюцца макі, некаторыя віды злакаў і бабовых. З эфемероідаў у стэпах сустракаюцца мятліца цыбульная, чубатка, цюльпаны, півоні, цыбуля гусіная, крокусы, касачы, асака.

Асаблівасць біямасы стэпавага біёма ў тым, што карані большасці відаў глыбока пранікаюць у глебу (да 2 м і больш), і маса каранёў мнагалетнікаў у некалькі разоў перавышае іх надземную масу. Значэнні біямасы вагаюцца ад 2 да 50 т/га, сярэдняе значэнне  — каля 16 т/га, што значна ніжэй за біямасу лістападных лясоў умеранай зоны.

У добра развітым стэпавым раслінным згуртаванні адны віды растуць у халодныя сезоны (вясной і восенню), іншыя — у цёплыя (летам). Гэта падаўжае перыяд першаснай прадукцыйнасці. Сярэдняя прадукцыйнасць дасягае 6 т/га ў год пры ваганнях ад 2 да 15 т/га ў год.

Кансументы

З пункту гледжання ўмоў існавання кансументаў, стэпы характарызуюцца наступнымі асноўнымі прыметамі: добры агляд мясцовасці, багацце расліннай ежы, адносна сухі летні перыяд, існаванне летняга перыяду спакою.

Тыповымі прадстаўнікамі кансументаў біёма стэпаў з’яўляюцца: бізон, антылопа, сайгак, трус дзікі, барсук амерыканскі, лісіца-карсак, каёт, жаваранак стэпавы, драфа, вялікая колькасць змей і яшчарак. Характэрная асаблівасць стэпаў — наяўнасць буйных траваедных. Яны прадстаўлены дзвюма формамі: траваедныя, якія бегаюць (бізоны, сайгакі, антылопы, кенгуру), і траваеднымі, якія рыюць (суслікі, суркі).

Галоўную ролю ў біяцэнозе стэпаў адыгрываюць капытныя. Пры ўмераным выпасе жывёлы капытамі разбіваюць скупнасці адмерлых раслін на паверхні глебы, што спрыяе далейшаму росту травы. Пры перавыпасе адбываецца дэградацыя стэпавай расліннасці, калі практычна знікае шматгадовая трава, а ёй на змену прыходзяць розныя аднагадовыя і двухгадовыя пустазельныя віды. Акрамя таго, пры перавыпасе адбываецца апустыньванне стэпаў, і менш ксерафільныя расліны змяняюцца малаядомым палынам і яшчэ больш ксерафільнымі формамі (чартапалох, асот), уласцівымі пустыням і паўпустыням.

Важным экалагічным фактарам развіцця стэпавых біёмаў з’яўляюцца пажары, у выніку якіх гіне вялікая частка надземнай расліннасці. Аднак пасля пажару адбываецца ўзбагачэнне глебы каштоўнымі мінеральнымі рэчывамі, і трава хутка адрастае.

Ландшафты стэпаў умеранай зоны ў значнай ступені ператвораны чалавекам, асноўная частка іх разарана. Большая частка стэпаў у цяперашні час занята пад пасевы збожжавых культур ці дрэвавай расліннасцю, якая захавана ці культывуецца чалавекам. На Усходне-Еўрапейскай раўніне цалінныя стэпы захаваліся толькі ў запаведніках. Лепш за ўсё захаваліся прыродныя ландшафты стэпаў у міжгорных упадзінах Паўднёвай Сібіры і ў Цэнтральнай Азіі, дзе важную ролю адыгрывае пашавая жывёлагадоўля.

Паўторым галоўнае. Біём стэпаў умеранай зоны займае ўнутраныя тэрыторыі Еўразіі, Паўночнай Амерыкі, поўдзень Паўднёвай Амерыкі. У стэпах пераважаюць чарназёмы, цёмна-каштанавыя і каштанавыя глебы. Сустракаюцца засоленыя глебы, або саланцы. Клімат вар’іруецца ад умерана кантынентальнага да кантынентальнага. Сярэднія тэмпературы ў ліпені — +20+24 °С, а ў студзені — ад 0 °С да –30 °С. Колькасць ападкаў складае 200—450 мм у год і размеркавана нераўнамерна на працягу ўсяго года. Сярод прадуцэнтаў дамінуюць злакі, практычна адсутнічаюць дрэвы. Двухдольныя травяністыя расліны фарміруюць паўночнае маляўнічае, а злакі, асака — паўднёвае немаляўнічае разнатраўе. Характэрнай экалагічнай асаблівасцю прадуцэнтаў з’яўляецца наяўнасць эфемераў і эфемероідаў. Сярод кансументаў шмат буйных траваедных капытных, якія выконваюць асяроддзеўтваральную функцыю. Пажары з’яўляюцца важным экалагічным фактарам развіцця стэпаў умеранай зоны. Стэпавы біём значна зменены пад уплывам дзейнасці чалавека. Вялікая частка яго зямель разарана і занята культурнымі злакамі.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Ахарактарызуйце асаблівасці клімату ў біёме стэпаў умеранай зоны. Якія экалагічныя фактары з’яўляюцца лімітуючымі?
2. Да якой жыццёвай формы належаць асноўныя прадуцэнты стэпаў? Чым абумоўлена з’яўленне сярод іх эфемераў і эфемероідаў?
3. Растлумачце з экалагічнага пункту гледжання перавагу чарназёмаў у біёме стэпаў умеранай зоны.

    Складаныя пытанні

1. Якую экалагічную ролю адыгрываюць капытныя ў біёме стэпаў? Што такое перавыпас, да чаго ён прыводзіць?
2. Растлумачце, чаму пажары ў стэпах умеранай зоны не настолькі небяспечныя, як у лістападных лясах гэтай жа зоны.
3. Чаму высокія ўраджаі збожжавых пасля засваення цаліны з часам сталі зніжацца?
4. Якія экалагічныя праблемы адчуваюць на сабе стэпы ўмеранай зоны ў цяперашні час? Прапануйце шляхі іх рашэння.

Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы тэкст і малюнкі электроннага дадатку, а таксама дадатковыя крыніцы інфармацыі, размяркуйце тыповых прадстаўнікоў біёма стэпаў умеранай зоны па трафічных узроўнях і складзіце сетку харчавання, якая ўключае, як мінімум, чатыры віды прадуцэнтаў.