*§ 48—4. Біём стэпаў умеранай зоны
Прадуцэнты
Характэрнай асаблівасцю для прадуцэнтаў стэпаў з’яўляецца практычна поўная адсутнасць дрэў (не лічачы штучных насаджэнняў і лесапалос уздоўж вадаёмаў). Сярод травяністых раслін стэпаў пераважаюць злакі (аднадольныя). Акрамя злакаў, у стэпах шырока прадстаўлены двухдольныя расліны, якія складаюць экалагічную групу разнатраўе, дзе вылучаюць: 1) паўночнае маляўнічае; 2) паўднёвае маляўнічае.
Для паўночнага маляўнічага разнатраўя характэрны яркія кветкі ці суквецці (сон-трава, макі, цюльпаны, крокусы), а для паўднёвага немаляўнічага разнатраўя — апушаныя сцёблы, вузкія лісты, дробна рассечаныя і няяркія кветкі (пераважаюць злакі, асака).
У злакавых стэпах захаваная прыродная расліннасць прадстаўлена кавылямі, ціпчаком, танканогам, мятліцай, жытняком, у засушлівых месцах пераважаюць палыны. Месцамі распаўсюджаны згуртаванні хмызнякоў (цёрн, вішня стэпавая, міндаль стэпавы, бабоўнік, спірэя). Плады шмат якіх хмызнякоў ахвотна ядуць жывёлы. Шэраг стэпавых раслін належаць да тыпу перакаці-поле. Суцэльнага задзірванення ў стэпах няма, паміж дзярнінамі травы бачны ўчасткі голай глебы, на якой вясной развіваюцца эфемеры і эфемероіды.
Тыповымі прадстаўнікамі эфемераў у стэпах з’яўляюцца макі, некаторыя віды злакаў і бабовых. З эфемероідаў у стэпах сустракаюцца мятліца цыбульная, чубатка, цюльпаны, півоні, цыбуля гусіная, крокусы, касачы, асака.
Асаблівасць біямасы стэпавага біёма ў тым, што карані большасці відаў глыбока пранікаюць у глебу (да 2 м і больш), і маса каранёў мнагалетнікаў у некалькі разоў перавышае іх надземную масу. Значэнні біямасы вагаюцца ад 2 да 50 т/га, сярэдняе значэнне — каля 16 т/га, што значна ніжэй за біямасу лістападных лясоў умеранай зоны.
У добра развітым стэпавым раслінным згуртаванні адны віды растуць у халодныя сезоны (вясной і восенню), іншыя — у цёплыя (летам). Гэта падаўжае перыяд першаснай прадукцыйнасці. Сярэдняя прадукцыйнасць дасягае 6 т/га ў год пры ваганнях ад 2 да 15 т/га ў год.