*§ 48—3. Біём лістападных лясоў умеранай зоны

Кансументы

Кансументы ў лістападных лясах, у прынцыпе, тыя ж, што і ў тайзе: ласі, алені, казулі, мядзведзі, рысі, лісіцы, ваўкі, бурундукі, заяц русак, з’яўляюцца зубр, дзік, апосум, янот-паласкун.

Разгалістая крона, высокая дуплаватасць дрэў і добра выяўленая яруснасць лістападных лясоў дазваляюць птушкам займаць экалагічныя нішы на розных узроўнях. Сярод іх ёсць фітафагі, якія кормяцца пладамі і распаўсюджваюць іх; заафагі, што кантралююць шчыльнасць насякомых;  драпежнікі (падобныя да савы ці пугача), якія кормяцца мышамі і іншымі млекакормячымі.

Не больш за 10 % біялагічнай прадукцыі лесу спажываецца фітафагамі, асноўная прадукцыя раслін назапашваецца ў лясной подсцілцы і папаўняе запас дэтрыту, які спажываецца дэтрытафагамі і рэдуцэнтамі. Перапрацоўка дэтрыту ў мінеральныя рэчывы ажыццяўляецца мноствам насякомых, пратыстаў і грыбоў. Роля бактэрый у разбурэнні дэтрыту лясной экасістэмы параўнальна невялікая.

Дзякуючы ападу лістоў фарміруемая тоўстая лясная подсцілка дазваляе перазімаваць шмат якім беспазваночным жывёлам. Глебавая фаўна лістападных лясоў багацейшая, чым хвойных, таму ў іх звычайныя такія жывёлы, як краты, што кормяцца дажджавымі чарвямі, лічынкамі насякомых і іншымі беспазваночнымі.

Такім чынам, галоўныя асаблівасці лістападных лясоў наступныя:

  • у прадуцэнтаў назіраецца перавага жыццёвай формы дрэў з вялікім запасам біямасы, якая перавышае біялагічную прадукцыйнасць у дзясяткі разоў;
  • складаная прасторавая арганізацыя з выяўленай яруснасцю, прычым розныя ярусы не толькі сфарміраваны рознымі папуляцыямі раслін, але маюць сваю фаўну;
  • перавага дэтрытных ланцугоў харчавання: менш за 10 % фітамасы спажываецца раслінаеднымі арганізмамі, астатняя частка назапашваецца ў лясной подсцілцы ў выглядзе дэтрыту.

Лістападныя лясы ўмеранай зоны ўяўляюць сабой найбольш важныя біятычныя вобласці свету, бо менавіта ў гэтых раёнах цывілізацыя дасягнула найбольшага развіцця. У выніку гэты біём моцна змяніўся пад уплывам чалавечай дзейнасці, таму цяпер цяжка знайсці некранутыя лістападныя лясы. Вялікая частка іх замешчана культурнымі згуртаваннямі ці згуртаваннямі ўзлескаў.

Паўторым галоўнае. Біём лістападных лясоў умеранай зоны знаходзіцца на поўдзень ад тайгі і не ўтварае суцэльнай паласы ў Паўночным паўшар’і, а прадстаўлены значнымі масівамі ў Заходняй Еўропе, на Далёкім Усходзе і ў Паўночнай Амерыцы. Глебы шэрыя лясныя, бурыя лясныя ці каштанавыя. Клімат больш мяккі, чым у тайзе, з умеранымі тэмпературамі і выразна выяўленымі сезонамі. Колькасць ападкаў складае 700—1500 мм у год і раўнамерна размеркавана на працягу ўсяго года. Зімы не вельмі суровыя, а лета даволі вільготнае і цёплае, вегетацыйны перыяд ад 4 да 7 месяцаў у годзе. Сярод прадуцэнтаў дамінуюць ліставыя пароды (асіна, бяроза, дуб, бук, граб, клён, ясень, ліпа). Ярусная структура лістападных лясоў уключае да трох ярусаў дрэў (дубровы), двух ярусаў хмызнякоў і двух-трох ярусаў травы. Мохавае покрыва ў лістападных лясах развіта слаба ў сувязі з наяўнасцю тоўстай подсцілкі. Відавы склад кансументаў такі ж, як і ў хвойным лесе. Вялікай разнастайнасцю адрозніваецца арнітафаўна (фітафагі, заафагі, драпежнікі). Рэдуцэнты прадстаўлены мноствам насякомых, пратыстаў і грыбоў, якія раскладаюць багаты дэтрыт, які назапашваецца ў лясной подсцілцы. Біём лістападных лясоў моцна зменены пад уплывам дзейнасці чалавека. Вялікая частка яго экасістэм замешчана культурнымі згуртаваннямі.