Печатать книгуПечатать книгу

*§ 48—3. Біём лістападных лясоў умеранай зоны

  • Успомніце, якія віды прадуцэнтаў пераважалі ў тайзе і чаму.
  • Як вы думаеце? Чаму ў біёме тайгі ліставыя пароды дрэў не вытрымлівалі канкурэнцыі з хвойнымі, а ў біёме лістападных лясоў умеранай зоны яны дамінуюць?
  • Вы даведаецеся пра асаблівасці клімату, разнастайнасць прадуцэнтаў і кансументаў у біёме лістападных лясоў умеранай зоны.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 48—3. Біём лістападных лясоў умеранай зоны
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 6 Июль 2025, 03:05

Геаграфічнае становішча

Першапачаткова лістападныя лясы ўмеранай зоны пакрывалі ўвесь усход Паўночнай Амерыкі, усю Еўропу, частку Японіі. Цяпер яны размешчаны на поўдзень ад тайгі і, у адрозненне ад тундры і тайгі, не ўтвараюць суцэльнай паласы ў Паўночным паўшар’і. Значныя масівы лістападных лясоў маюцца ў Заходняй Еўропе, на Далёкім Усходзе і ў Паўночнай Амерыцы.

Глебы

Глебы шэрыя лясныя, бурыя лясныя ці каштанавыя.

Клімат

Лістападныя лясы растуць ва ўмовах больш мяккага клімату, чым тайга, з умеранымі тэмпературамі і выразна выяўленымі сезонамі. Ападкі выпадаюць раўнамерна на працягу ўсяго года і вар’іруюцца ад 700 да 1500 мм. Зімы не вельмі суровыя, а лета даволі вільготнае і цёплае, дастаткова працяглае. Працягласць вегетацыйнага перыяду ў лістападных лясах складае ад 4 да 7 месяцаў у годзе.

Прадуцэнты

Асноўнымі прадуцэнтамі ў лістападным лесе ўмеранай зоны з’яўляюцца ліставыя дрэвы. Раслінныя згуртаванні ў гэтых лясах маюць самы багаты відавы склад у Паўночным паўшар’і. Лясы прадстаўлены асіннікамі, бярэзнікамі, дубовымі і букава-грабавымі лясамі, сустракаюцца клён, ясень, ліпа. Асаблівасць гэтых лясоў заключаецца ў тым, што дрэвы скідаюць лісце на зімовы перыяд года. Ранняй вясной у такіх лясах вельмі светла, бо на дрэвах яшчэ няма лістоў. Асветленасць — галоўны фактар фарміравання ў іх яруснасці. Ярусная структура лістападных лясоў больш складаная за структуру таежных лясоў і ўключае да трох ярусаў дрэў (дубровы), двух ярусаў кустоў і двух-трох ярусаў травы.

Для лістападнага лесу характэрна наяўнасць пад полагам дрэвастою яруса падлеску з невысокіх дрэў (каліна, рабіна, крушына, чаромха) і падросту дрэў першага яруса. У складзе падлеску сустракаюцца і хмызнякі — маліны, парэчкі, ляшчына. Ніжэй за ярус падлеску размешчаны ярус наглебавага покрыва, якое можа складацца з травы і кусцікаў (брусніцы, чарніцы). Большая частка травяністых раслін лістападнага лесу належыць да дуброўнага разнатраўя: медуніца, падалешнік, пралеска, ветраніца, фіялка. Расліны гэтай экалагічнай групы маюць шырокія і мяккія ліставыя пласцінкі і з’яўляюцца ценелюбівымі.

Лістападныя лясы Заходняй Еўропы адносна бедныя відамі. Сярод лясоў умеранай зоны самыя багатыя відамі лясы размяшчаюцца на поўдні Апалачаў і ва Усходняй Азіі (лістападныя лясы Далёкага Усходу), дзе растуць шмат якія прадстаўнікі родаў, якія адсутнічаюць у еўрапейскіх лістападных лясах, напрыклад маакія, аралія. У склад багатага падлеску ўваходзяць бружмель, бэз, рададэндран, біручына, язмін. Багатыя, асабліва ў больш паўднёвых раёнах, ліяны (актынідыя) і іншыя эпіфіты.

!  Гэта цікава

Для раслін у лістападным лесе характэрны мутуалізм з мікарызнымі грыбамі і протакааперацыя з азотфіксуючымі бактэрыямі. Гэтыя бактэрыі не ўтвараюць на каранях дрэў (за выключэннем алешыны чорнай і абляпіхі) клубеньчыкі, а жывуць вакол каранёў, атрымліваючы ад іх вылучаемыя ў глебу арганічныя кіслоты і выкарыстоўваючы тканкі карэньчыкаў, якія адміраюць. Бактэрыі-азотфіксатары ў сваю чаргу забяспечваюць лясную экасістэму азотам.

У лістападных лясах багатая апалая лістота пакрывае паверхню глебы тоўстым рыхлым пластом. Пад такой подсцілкай мохавае покрыва развіваецца вельмі дрэнна. Рыхлая подсцілка засцерагае глебу ад рэзкага паніжэння тэмпературы і, такім чынам, зімовае прамярзанне глебы або цалкам адсутнічае, або вельмі нязначнае.

У сувязі з гэтым шэраг відаў травяністых раслін пачынае развівацца яшчэ зімой па меры памяншэння таўшчыні снежнага покрыва і павышэння тэмпературы паветра і зямной паверхні. І як следства, у лістападных лясах маецца група вясновых эфемероідаў, якія, скончыўшы цвіценне ранняй вясной, затым або вегетуюць, або страчваюць свае надземныя органы, захоўваючы падземныя парасткі (ветраніца дуброўная, цыбуля гусіная).

Лістападныя лясы ў параўнанні з трапічнымі хутка аднаўляюцца пасля высечкі і, такім чынам, больш устойлівыя да антрапагенных парушэнняў.

Біямаса лістападных лясоў блізкая да біямасы паўднёвай тайгі — да 400—500 т/га, сярэдняе значэнне вагаецца каля 300 т/га.

Прадукцыйнасць у біёме лістападных лясоў вагаецца ад 6 да 25 т/га ў год, сярэдняе значэнне прыкладна 12 т/га ў год.

Кансументы

Кансументы ў лістападных лясах, у прынцыпе, тыя ж, што і ў тайзе: ласі, алені, казулі, мядзведзі, рысі, лісіцы, ваўкі, бурундукі, заяц русак, з’яўляюцца зубр, дзік, апосум, янот-паласкун.

Разгалістая крона, высокая дуплаватасць дрэў і добра выяўленая яруснасць лістападных лясоў дазваляюць птушкам займаць экалагічныя нішы на розных узроўнях. Сярод іх ёсць фітафагі, якія кормяцца пладамі і распаўсюджваюць іх; заафагі, што кантралююць шчыльнасць насякомых;  драпежнікі (падобныя да савы ці пугача), якія кормяцца мышамі і іншымі млекакормячымі.

Не больш за 10 % біялагічнай прадукцыі лесу спажываецца фітафагамі, асноўная прадукцыя раслін назапашваецца ў лясной подсцілцы і папаўняе запас дэтрыту, які спажываецца дэтрытафагамі і рэдуцэнтамі. Перапрацоўка дэтрыту ў мінеральныя рэчывы ажыццяўляецца мноствам насякомых, пратыстаў і грыбоў. Роля бактэрый у разбурэнні дэтрыту лясной экасістэмы параўнальна невялікая.

Дзякуючы ападу лістоў фарміруемая тоўстая лясная подсцілка дазваляе перазімаваць шмат якім беспазваночным жывёлам. Глебавая фаўна лістападных лясоў багацейшая, чым хвойных, таму ў іх звычайныя такія жывёлы, як краты, што кормяцца дажджавымі чарвямі, лічынкамі насякомых і іншымі беспазваночнымі.

Такім чынам, галоўныя асаблівасці лістападных лясоў наступныя:

  • у прадуцэнтаў назіраецца перавага жыццёвай формы дрэў з вялікім запасам біямасы, якая перавышае біялагічную прадукцыйнасць у дзясяткі разоў;
  • складаная прасторавая арганізацыя з выяўленай яруснасцю, прычым розныя ярусы не толькі сфарміраваны рознымі папуляцыямі раслін, але маюць сваю фаўну;
  • перавага дэтрытных ланцугоў харчавання: менш за 10 % фітамасы спажываецца раслінаеднымі арганізмамі, астатняя частка назапашваецца ў лясной подсцілцы ў выглядзе дэтрыту.

Лістападныя лясы ўмеранай зоны ўяўляюць сабой найбольш важныя біятычныя вобласці свету, бо менавіта ў гэтых раёнах цывілізацыя дасягнула найбольшага развіцця. У выніку гэты біём моцна змяніўся пад уплывам чалавечай дзейнасці, таму цяпер цяжка знайсці некранутыя лістападныя лясы. Вялікая частка іх замешчана культурнымі згуртаваннямі ці згуртаваннямі ўзлескаў.

Паўторым галоўнае. Біём лістападных лясоў умеранай зоны знаходзіцца на поўдзень ад тайгі і не ўтварае суцэльнай паласы ў Паўночным паўшар’і, а прадстаўлены значнымі масівамі ў Заходняй Еўропе, на Далёкім Усходзе і ў Паўночнай Амерыцы. Глебы шэрыя лясныя, бурыя лясныя ці каштанавыя. Клімат больш мяккі, чым у тайзе, з умеранымі тэмпературамі і выразна выяўленымі сезонамі. Колькасць ападкаў складае 700—1500 мм у год і раўнамерна размеркавана на працягу ўсяго года. Зімы не вельмі суровыя, а лета даволі вільготнае і цёплае, вегетацыйны перыяд ад 4 да 7 месяцаў у годзе. Сярод прадуцэнтаў дамінуюць ліставыя пароды (асіна, бяроза, дуб, бук, граб, клён, ясень, ліпа). Ярусная структура лістападных лясоў уключае да трох ярусаў дрэў (дубровы), двух ярусаў хмызнякоў і двух-трох ярусаў травы. Мохавае покрыва ў лістападных лясах развіта слаба ў сувязі з наяўнасцю тоўстай подсцілкі. Відавы склад кансументаў такі ж, як і ў хвойным лесе. Вялікай разнастайнасцю адрозніваецца арнітафаўна (фітафагі, заафагі, драпежнікі). Рэдуцэнты прадстаўлены мноствам насякомых, пратыстаў і грыбоў, якія раскладаюць багаты дэтрыт, які назапашваецца ў лясной подсцілцы. Біём лістападных лясоў моцна зменены пад уплывам дзейнасці чалавека. Вялікая частка яго экасістэм замешчана культурнымі згуртаваннямі.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Ахарактарызуйце асаблівасці клімату ў біёме лістападных лясоў умеранай зоны. Якія экалагічныя фактары з’яўляюцца лімітуючымі?
2. Да якой жыццёвай формы належаць асноўныя прадуцэнты ліставога лесу? Назавіце прадстаўнікоў.
3. Растлумачце, чаму ў біёме лістападных лясоў умеранай зоны пераважаюць дэтрытныя, а не пашавыя харчовыя ланцугі.

    Складаныя пытанні

1. Растлумачце з экалагічнага пункту гледжання перавагу ліставых дрэў над хвойнымі пародамі ў біёме лясоў умеранай зоны.
2. Як суадносяцца біялагічная прадукцыйнасць і біямаса лістападных лясоў? Растлумачце прычыну такіх суадносін з улікам асаблівасцей умоў асяроддзя.
3. Якія экалагічныя праблемы адчуваюць на сабе лістападныя лясы ўмеранай зоны ў цяперашні час? Прапануйце шляхі іх рашэння.

Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы тэкст і малюнкі электроннага дадатку, а таксама дадатковыя крыніцы інфармацыі, размяркуйце тыповых прадстаўнікоў біёму лістападных лясоў умеранай зоны па трафічных узроўнях і складзіце сетку харчавання, якая ўключае, як мінімум, чатыры віды прадуцэнтаў.