*§ 48—3. Біём лістападных лясоў умеранай зоны

Прадуцэнты

Асноўнымі прадуцэнтамі ў лістападным лесе ўмеранай зоны з’яўляюцца ліставыя дрэвы. Раслінныя згуртаванні ў гэтых лясах маюць самы багаты відавы склад у Паўночным паўшар’і. Лясы прадстаўлены асіннікамі, бярэзнікамі, дубовымі і букава-грабавымі лясамі, сустракаюцца клён, ясень, ліпа. Асаблівасць гэтых лясоў заключаецца ў тым, што дрэвы скідаюць лісце на зімовы перыяд года. Ранняй вясной у такіх лясах вельмі светла, бо на дрэвах яшчэ няма лістоў. Асветленасць — галоўны фактар фарміравання ў іх яруснасці. Ярусная структура лістападных лясоў больш складаная за структуру таежных лясоў і ўключае да трох ярусаў дрэў (дубровы), двух ярусаў кустоў і двух-трох ярусаў травы.

Для лістападнага лесу характэрна наяўнасць пад полагам дрэвастою яруса падлеску з невысокіх дрэў (каліна, рабіна, крушына, чаромха) і падросту дрэў першага яруса. У складзе падлеску сустракаюцца і хмызнякі — маліны, парэчкі, ляшчына. Ніжэй за ярус падлеску размешчаны ярус наглебавага покрыва, якое можа складацца з травы і кусцікаў (брусніцы, чарніцы). Большая частка травяністых раслін лістападнага лесу належыць да дуброўнага разнатраўя: медуніца, падалешнік, пралеска, ветраніца, фіялка. Расліны гэтай экалагічнай групы маюць шырокія і мяккія ліставыя пласцінкі і з’яўляюцца ценелюбівымі.

Лістападныя лясы Заходняй Еўропы адносна бедныя відамі. Сярод лясоў умеранай зоны самыя багатыя відамі лясы размяшчаюцца на поўдні Апалачаў і ва Усходняй Азіі (лістападныя лясы Далёкага Усходу), дзе растуць шмат якія прадстаўнікі родаў, якія адсутнічаюць у еўрапейскіх лістападных лясах, напрыклад маакія, аралія. У склад багатага падлеску ўваходзяць бружмель, бэз, рададэндран, біручына, язмін. Багатыя, асабліва ў больш паўднёвых раёнах, ліяны (актынідыя) і іншыя эпіфіты.

!  Гэта цікава

Для раслін у лістападным лесе характэрны мутуалізм з мікарызнымі грыбамі і протакааперацыя з азотфіксуючымі бактэрыямі. Гэтыя бактэрыі не ўтвараюць на каранях дрэў (за выключэннем алешыны чорнай і абляпіхі) клубеньчыкі, а жывуць вакол каранёў, атрымліваючы ад іх вылучаемыя ў глебу арганічныя кіслоты і выкарыстоўваючы тканкі карэньчыкаў, якія адміраюць. Бактэрыі-азотфіксатары ў сваю чаргу забяспечваюць лясную экасістэму азотам.

У лістападных лясах багатая апалая лістота пакрывае паверхню глебы тоўстым рыхлым пластом. Пад такой подсцілкай мохавае покрыва развіваецца вельмі дрэнна. Рыхлая подсцілка засцерагае глебу ад рэзкага паніжэння тэмпературы і, такім чынам, зімовае прамярзанне глебы або цалкам адсутнічае, або вельмі нязначнае.

У сувязі з гэтым шэраг відаў травяністых раслін пачынае развівацца яшчэ зімой па меры памяншэння таўшчыні снежнага покрыва і павышэння тэмпературы паветра і зямной паверхні. І як следства, у лістападных лясах маецца група вясновых эфемероідаў, якія, скончыўшы цвіценне ранняй вясной, затым або вегетуюць, або страчваюць свае надземныя органы, захоўваючы падземныя парасткі (ветраніца дуброўная, цыбуля гусіная).

Лістападныя лясы ў параўнанні з трапічнымі хутка аднаўляюцца пасля высечкі і, такім чынам, больш устойлівыя да антрапагенных парушэнняў.

Біямаса лістападных лясоў блізкая да біямасы паўднёвай тайгі — да 400—500 т/га, сярэдняе значэнне вагаецца каля 300 т/га.

Прадукцыйнасць у біёме лістападных лясоў вагаецца ад 6 да 25 т/га ў год, сярэдняе значэнне прыкладна 12 т/га ў год.